Мацей Кажынскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мацей Кажынскі
Дата нараджэння 1763[1]
Дата смерці 29 сакавіка 1823(1823-03-29)
Месца смерці
Месца пахавання
Дзеці Дыянізій Кажынскі[d] і Віктар Кажынскі
Музычная дзейнасць
Прафесіі акцёр, оперны спявак, тэатральны рэжысёр, антрэпрэнёр
Пеўчы голас бас

Мацей Кажы́нскі (польск.: Maciej Każyński; 1763[2] — 29 сакавіка 1823, Вільня) — спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр, стваральнік першага пастаяннага тэатра ў Мінску.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што ён паспеў папрацаваць адвакатам у Пётркаве Трыбунальскім Люблінскага ваяводства[2].

Акцёрскую дзейнасць ён пачынаў у 1787[2] годзе ў Любліне ў калектыве В. Багуслаўскага, аднаго са стваральнікаў польскага тэатра. У 1793 г. М. Кажынскі працаваў у Гродне ў трупе Д. Мараўскага, потым некаторы час у Вільні. Выконваў камедыйныя ролі ў п’есах Ж. Б. Мальера, В. Багуслаўскага, Ф. Багамольца. Валодаючы цудоўным басам, спяваў у операх. Разам з ім у трупе Д. Мараўскага працавала вядомая ў той час актрыса С. Дэшнер[3].

У красавіку 1801 г. Д. Мараўскі памёр і калектыў распаўся. У гэтым жа годзе М. Кажынскі стварыў у Гродне оперна-драматычную трупу, з якой у пачатку 1802 г. прыехаў у Мінск. Ён працаваў там да 1805 г. і арганізаваў першы пастаянны польскамоўны тэатр. З 1801 па 1819 г. (з перапынкам) з’яўляўся антрэпрэнёрам, рэжысёрам і акцёрам Віленскага тэатра. У рэпертуары трупы М. Кажынскага былі вядомыя оперныя творы «Фраскатана» Дж. Паізіела, «Вясковая радасць» Дж. Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н. Пічыні, «Школа раўнівых» А. Сальеры, «Тачка воцатніка» Л. Мерсье, «Уяўны дурань па каханні» А. Сакіні. Да пастановак М. Кажынскага ў Мінску адносіцца папулярная опера-вадэвіль «Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я. Стэфані, дзе ярка выяўлены свабодалюбівыя імкненні перадавой грамадскасці (у 1803 г. паказана ў Маскве; у многіх гарадах забаронена). У гэтым спектаклі, як і ў іншых, Кажынскі з бляскам выканаў басовую партыю[3]. «Польская трупа з Мінска» зацьміла не толькі Рускі, але і мясцовы Французскі тэатр. Аб гэтым пісаў свайму сыну Якаў Булгакаў, вядомы расійскі дыпламат, пасол (і аўтар п’ес), які добра ведаў Кажынскага[2].

Асабліва ўдаваліся артысту ролі незадачлівых інтрыганаў, шляхетных ветрагонаў, свавольнікаў, бліскучых афіцэраў, камічных палюбоўнікаў. Сярод лепшых вобразаў, створаных артыстам ім на сцэне, — Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я. Стэфані), Буцэфал («Сельскія спявачкі» В. Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А. Сальеры) і інш[3].

З Мінскім тэатрам М. Кажынскі гастраляваў у Маскве і Гродне (1803), Полацку, Віцебску, Бешанковічах (1805); з Віленскім — у Мінску і Санкт-Пецярбургу (1807)[3].

Ён з’яўляецца таксама аўтарам п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці»[3].

У 1820 годзе Кажынскі пакінуў сцэну. Памер 29 сакавіка 1823 года ў Вільні. Пасля яго смерці тэатрам стала загадваць яго нібыта трэцяя (дакладна не вызначана) жонка Ганна з Кочкаў. Пахавалі Кажынскага ў катакомбах на віленскіх Бернардзінскіх могілках, магіла не захавалася[2].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі называюць яго другой жонкай Марыю Краеўскую (нар. у 1777 г.). Марыя ў 1795—1798 гадах належала да знакамітай трупы В. Багуслаўскага. Пазней яна перайшла ў трупу Д. Мараўскага ў Вільні. Далей увайшла ў трупу свайго мужа, з якой выступала ў Гродне, Мінску, Вільні. Спявала ў операх, лічылася таленавітай акторкай. Памерла ў 21 студзеня (ст.ст.) 1813 годзе ў Вільні. Праз нейкі час на яе магіле, што ў цэнтры Бернардзінскіх могілак, муж і сын паставілі прыгожы помнік, які захаваўся да нашых дзён[2].

З Краеўскай меў сына Дыянізія (8 кастрычніка 1795). У сакавіку 1813 года хрост дапоўнілі ў віленскай кафедры. Вучыўся ў Вільні. Дэбют на сцэне бацькавага віленскага тэатра адбыўся ў 17 (28) снежня 1812 года, у драме «Чорны чалавек». А ўжо з красавіка 1813 ён уваходзіць у асноўны склад трупы. У 1833 шанаванага ўсімі артыстамі трупы і публікай Кажынскага абіраюць загадчыкам тэатра. Апошні выступ цяжка хворага на сухоты актора адбыўся за тры тыдні да смерці, якая наступіла 23 студзеня (ст.ст.) 1838 года. Пахавалі Дыянізія, як пісаў Адам Кіркор, у правым крыле катакомбаў (знішчаны пасля вайны) на віленскіх бернардзінскіх могілках. Побач былі магілы бацькі і трэцяй бацькавай жонкі, а таксама маці мастака Адама Шэмеша. Дыянізій перажыў і жонку Ганну Малеўскую, і дзяцей Марыянну-Ганну (нар. 1816 г., Вільня) і Мацея-Андрэя (нар. 17 (29) снежня 1817 г.), які быў ахрышчаны ў мінскай кафедры вясной 1818 года[2].

Трэцяй жонкай была Ганна Людавіка Кочык. З ёй дзеці:

  • Віктар (16 (28) снежня 1812—1867, Санкт-Пецярбург), кампазітар і дырыжор.

Сын Віктар нарадзіўся яшчэ да таго, як папярэдняя жонка Марыя Краеўская памерла. Пахаваўшы яе, Кажынскі ажаніўся з Кочык. У шлюбе нарадзіліся:

  • Мацей Аляксандр (1814)
  • Альжбета (1822).

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]