Мотальскі музей народнай творчасці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мотальскі музей народнай творчасці
Профіль мастацкі
Заснаваны 1995 г.
Падпарадкаванасць аддзел культуры Іванаўскага райвыканкама
Месцазнаходжанне Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, в. Моталь, пл. Леніна, 225822
Адкрыты штодня з 09.00 да 18.00

Мотальскі музей народнай творчасці — музейная ўстанова аг. Моталь, Іванаўскага раёна, Брэсцкай вобласці, асноўным напрамкам дзейнасці якой з’яўляецца збор, вывучэнне, захаванне і адраджэнне матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесся.

Фальклорна-этнаграфічны тэатр «Мотальскія суседзі»
Экскурсія-лекцыя «Вясельны каравай»
Экскурсія-лекцыя «Вясельны каравай»
Музейна-педагагічны занятак «У гасцях у бабулі Алены»
Гуканне вясны

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мотальскі музей народнай творчасці заснаваны ў 1983 г. па ініцыятыве Міністэрства культуры БССР і мясцовага калгаса «40 год Кастрычніка» на падставе афіцыйнага дакумента «План правядзення мерапрыемстваў па арганізацыі музея-заказніка народнай і самадзейнай творчасці Мотальскага рэгіена», распрацаванага сумеснай творчай групай раённага аддзела культуры, рэспубліканскага НМЦ, праўленнем калгаса «40 год Кастрычніка» і падпісанага начальнікам упраўлення культурна-асветніцкіх устаноў — П. П. Саковічам, начальнікам упраўлення музеяў і аховы помнікаў А. Г. Міхаленяй, начальнікам аддзела выяўленчага мастацтва У. У. Уроднічам, начальнікам культуры Брэсцкага аблвыканкама В. А. Клімчуком, старшынём Іванаўскага райвыканкама В. П. Куніцкім.

Распачалося ўзвядзенне будынка пад Мотальскі музей народнай творчасці ў 1984 г. Завяршылася на пачатку 1990 года. Мастацкім афармленнем музея займаўся У. М. Капшай.

Першымі музейнымі зборамі былі паступленні музейных прадметаў з ужо існуючых школьных музеяў в. Моталь, калгаснага музея «Баявой і працоўнай славы», створанага сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «40 год Кастрычніка» П. П. Пташыцам.

У 1988 г. Мотальскі музей народнай творчасці набывае статус дзяржаўнай установы і ўзначальваецца першым дырэктарам Мацукевіч Вольгай Рыгораўнай і галоўным захавальнікам фондаў Мінюк Надзеяй Паўлаўнай.

Адкрыты для наведванняў 13 жніўня 1995 г.

Фонды[правіць | правіць зыходнік]

Фонды музея налічваюць 27 506 экспанатаў.

Музей мае багатыя калекцыі:

  • археалогіі — наканечнікі стрэл, нажы, скрабкі, сякеры, сярпы, зернецерка і інш. (некаторыя з іх адносяцца да ліку адзіных у Еўропе);
  • чорнадымленай і паліванай керамікі;
  • пераборнага шматнітовага ткацтва;
  • вышыўкі;
  • строяў адзення мотальскага рэгіёна;
  • іканапісу і старадрукаў;
  • жывапісу мастакоў-прымітывістаў, тэхніка якіх адлюстравана на шкле, фанеры і даматканым палатне;
  • меднага, шклянога і фарфоравага посуду.

Экспазіцыя музея ўключае аддзелы: гісторыі і сялянскага побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, адзення, абрадаў і раскрывае перад наведвальнікамі рэгіянальныя адметнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры Заходняга Палесся.

Пры музеі працуе выставачная зала, дзе перыядычна мяняецца экспазіцыя.

Асаблівую каштоўнасць мае багатая фотатэка (звыш чатырох тысяч негатываў) даваеннага і пасляваеннага часу першага мотальскага фатографа Мінюка А. А. Яна дапаўняе ілюстрацыйным матэрыялам кожную залу экспазіцыі і з'яўляецца выдатным дакументам паўвекавога перыяду жыцця палескай вёскі (1927—1977). Першы фотаапарат Аляксей Мінюк змайстраваў сваімі рукамі з лінзаў акуляраў, дыяфрагма была папяровая, а першыя негатывы былі зроблены на шкле.

Філіялы[правіць | правіць зыходнік]

У 2008 г. у будынку ветранога млына створана экспазіцыя «Млынарства ў акрузе», дзе наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі драўлянымі механізмамі па размоле зерня.

У 2012 годзе пачалося будаўніцтва, а ў 2013 годзе адбылося адкрыццё філіялу археалогіі «Нашы карані».

Работа з наведвальнікамі[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівы каларыт музею надае народны фальклорна-этнаграфічны тэатр «Мотальскія суседзі». Кожны наведвальнік можа стаць удзельнікам стварэння абрадавага вясельнага каравая, павадзіць купальскі карагод, пакалядаваць, патанчыць пад жывую народную палескую музыку на мотальскіх зборнях, паслухаць вясёлую гісторыю з палескага жыцця і многае іншае.

Для самых маленькіх наведвальнікаў гасцінна адчыняе дзверы хата бабулі Алены. Дзеці слухаюць старадаўнія казкі, спяваюць калыханкі, гуляюць у колішнія гульні і частуюцца бабуліным гасцінцам.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

За шматгранную працу па прапагандзе і папулярызацыі народнага мастацтва і традыцыйных промыслаў у 2001 г. музей узнагароджаны Дыпломам і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта РБ.

Дыплом 1 ступені за высокія паказчыкі ў намінацыі «Лепшы турыстычны аб'ект» турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» музей атрымаў у 2007 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]