Мурут

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мурут
(Murut)
Агульная колькасць 87600 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Калімантан
Мова муруцкія мовы
Рэлігія політэізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы іншыя даякі

Мурут (саманазва Murut) — этна-лінгвістычная супольнасць малых даякскіх народаў на паўночным усходзе вострава Калімантан. Насяляюць пераважна малайзійскі штат Сабах, а таксама памежныя тэрыторыі інданезійскага Калімантана і Брунея. Агульная колькасць (2023 г.) — 87 600 чалавек[1][2][3][4][5][6].

Звычайна розныя групы мурут падзяляюць па тэрытарыяльнай прыналежнасці (тагал, акалод, сембакунг і інш.), што мае вельмі ўмоўны характар, паколькі ў рэчаіснасці яны складаюць шматлікія аўтаномныя абшчыны з рознымі мовамі і дыялектамі. Тым не меней, усе мурут маюць адзіную генетычную спадчыну, якая адрознівае іх ад суседзей[7]. Гэта можа сведчыць пра тое, што іх продкі існавалі дастаткова ізалявана ад іншых даякаў, але былі шчыльна звязаны паміж сабою. Лічыцца, што назва мурут была дадзена ім звонку і значыць насельнікаў пагоркаў.

Мурут размаўляюць на 15 мовах. Муруцкія мовы часам вылучаюць у асобную групу аўстранезійскіх моў. Найбольш распаўсюджана мова тагал. У мінулым ва ўнутраных раёнах Сабаха яна служыла лінгва франка ў зносінах паміж тубыльцамі.

Традыцыйныя заняткі: падсечнае земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Паселішчы ўяўлялі сабою доўгія каркасныя хаціны на па́лях. Акрамя таго ўзводзілі хаціны для памерлых, якіх хавалі ў керамічных збанах. Вопратку рабілі з драўнянай кары і раслінных валокнаў.

Да брытанскай каланізацыі ў канцы XIX ст. мурут разглядаліся як адчайныя паляўнічыя за галовамі. Юнак не мог атрымаць статус паўнавартага мужчыны пакуль не прынясе галаву забітага ім чужынца. Важную ролю ў грамадстве адыгрывалі ваенныя правадыры, якія на думку супляменнікаў мелі звышнатуральныя сілы. Спробы каланіяльнай адміністрацыі рэфармаваць традыцыйны лад прывялі да паўстанняў. Найбольш вядомым героем антыкаланіяльнай барацьбы стаў правадыр Антарум. Ён загінуў у 1915 г. пасля таго, як быў захоплены ў палон падчас мірных перагавораў.

Мурут знакаміты доўгімі маляўнічымі святамі, што суправаджаюць вяселлі, пахаванні, збор ураджаю і г. д.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]