Міжнародная асацыяцыя беларусістаў
Міжнародная асацыяцыя беларусістаў | |
---|---|
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | |
Тып арганізацыі | Грамадскае аб'яднанне |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіраўнік | Алесь Суша |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 26 мая 1991 |
mab.org.by |
Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ) — грамадскае аб’яднанне навуковага і культурна-асветніцкага напрамкаў дзейнасці, якое яднае даследчыкаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асветы, перакладчыкаў розных краін свету, што даследуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае развіццё беларускага народа, іншых народаў Беларусі, спрыяюць пашырэнню і папулярызацыі ведаў пра Беларусь, садзейнічаюць узаемадзеянню беларускага народа з іншымі народамі.
Прадметам дзейнасці МАБ з’яўляецца супрацоўніцтва беларусістаў свету ў навуковай і культурна-асветніцкай галіне. Мэта МАБ — ажыццяўленне супрацоўніцтва беларусістаў свету. Для гэтага вырашаюцца наступныя задачы: збор, сістэматызацыя і распаўсюджванне інфармацыі ў галіне беларусістыкі; правядзенне Міжнародных кангрэсаў беларусістаў і іншых навукова-культурных мерапрыемстваў; выдавецкая дзейнасць; заахвочванне ўдзелу замежных навукоўцаў у беларускіх навуковых канферэнцыях і беларускіх навукоўцаў у замежных канферэнцыях; садзеянне выкладанню беларусазнаўчых дысцыплін за межамі Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Утворана 26 мая 1991 г. на ўстаноўчым сходзе ў Мінску. Сузаснавальнікамі асацыяцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Міжнародныя кангрэсы беларусістаў праводзіліся:
- І — 25-27 мая 1991 г., Мінск
- ІІ — «Беларусь паміж Усходам і Захадам», 15-18 мая 1995 г., Мінск
- ІІІ — Першая сесія — «Беларусь і сусветная супольнасць: узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне культур (Да 2000-годдзя хрысціянства)», 21-25 мая 2000 г., Мінск; другая сесія — «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», 4-7 снежня 2000 г., Мінск
- IV — «Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін», 6-9 чэрвеня 2005 г., Мінск
- V — 20-21 мая 2010 г., Мінск
- VI — 27-29 мая 2015 г., Мінск
З 1993 г. у заснаванай ГА «МАБ» серыі «Беларусіка=Albaruthenica» выдадзены шэраг зборнікаў па гісторыі культуры Беларусі.
У 1996—2002 гг. МАБ выдаваў штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (выйшлі 82 нумары). У 2000 г. два нумары бюлетэня (першы з іх здвоены) выйшлі на англійскай мове. З cакавіка 2003 г. «Кантакты і дыялогі» ў выглядзе асобных старонак друкуюцца ў газеце «Голас Радзімы». З мая 1991 г. па чэрвень 2005 г. старшынёй МАБ быў прафесар Адам Мальдзіс. У 2005—2010 гг. старшынёй МАБ з’яўляўся дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі. З 2010 г. — Міхаіл Касцюк (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі). Намеснікі старшыні: Герман Бідэр (Аўстрыя, Зальцбургскі ўніверсітэт), Зінаіда Гімпелевіч (Канада, Універсітэт Ватэрлоа), Юрый Лабынцаў (Расія, Масква, Расійская акадэмія навук), Рыгор Піўтарак (Украіна, Кіеў, Нацыянальная акадэмія навук Украіны), Міхал Саевіч (Польшча, Люблінскі ўніверсітэт), Алесь Суша (Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Навуковы сакратар — Ірына Савіцкая.
У 2015 годзе дэлегатамі VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ) быў выбраны намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйная старонка МАБ Архівавана 17 снежня 2013.