Міхаіл Данілавіч Наскавец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Наскавец
Род дзейнасці эканаміст
Дата нараджэння 1 мая 1940(1940-05-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 2006
Месца смерці
Альма-матар

Міхаіл Данілавіч Наскавец (1 мая 1940, вёска Наваселле, Бярэзінскі раён – 2006) — казахскі і беларускі эканаміст, іншадумца ў СССР, палітычны зняволены, ахвяра карнай псіхіятрыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў з сярэбраным медалём Арэшкавіцкую сярэднюю школу. Пасля заканчэння ў 1961 годзе Беларускага інстытута народнай гаспадаркі трапіў па размеркаванні працаваць у Казахстан, дзе працаваў галоўным бухгалтарам і эканамістам на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. У 1965-1968 гадах вучыўся ў аспірантуры Самарскага планавага інстытута. У 1968 годзе па размеркаванні накіраваны ў Алма-Ату, дзе працаваў навуковым супрацоўнікам Казахскага навукова-даследчага інстытута эканомікі і арганізацыі аграрнапрамысловага комплексу. У 1970 годзе зрабіў беспаспяховую спробу абараніць у Казахскім дзяржаўным універсітэце кандыдацкую дысертацыю «Эканамічная эфектыўнасць інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі».

У 1976 годзе вярнуўся на радзіму, працаваў галоўным эканамістам у калгасе «Перамога» Бярэзінскага раёна. У 1977 годзе, калі адбывалася «усенароднае абмеркаванне» праекта новай Канстытуцыі СССР, вырашыў прыняць у ім удзел і даслаў свае заўвагі «О проекте Конституции СССР и ее авторах» з крытыкай брэжнеўскай палітыкі ў рэдакцыю газеты «Правда». За гэта быў зволены з працы і выключаны з калгасу (у 1989 годзе дамогся прызнання рашэння неправамоцным)[1].

Ізноў паехаў у Алма-Ату, працягваў працу ў тым самым інстытуце, меў навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі. Арыштаваны на працоўным месцы 9 ліпеня 1981 года супрацоўнікамі КДБ. У матэрыялах справы былі некалькі даносаў і наступныя артыкулы Наскаўца: «О проекте Конституции СССР и её авторах» (1977), «О преимуществах социализма, советском царизме и правах человека» (1978, накіраваны ў Вярхоўны Савет СССР і Савет Міністраў СССР), «Могильщики советского народа и государства» (1979, накіраваны ў рэдакцыю часопіса «Проблемы мира и социализма»), «Над кем потешается советский царизм?» (1979, зварот у Міністэрства абароны СССР), «О приключения белоруса в поисках правды в Белоруссии» (1979, накіраваны ў рэдакцыю «Сельской газеты»), «Почём сморчки нынче?» (1979, у ААН), «Директивы социально-экономического разоружения» (1980, накіраваны ў рэдакцыю газеты «Советская Россия», Савет Міністраў СССР ды іншыя інстанцыі).

Абвінавачваўся па артыкуле 170-1 Крымінальнага кодэкса Казахскай ССР («распространение заведомо ложных измышлений, порочащих общественный строй СССР»). Вызначэннем Алма-Ацінскага гарадскога суда ад 25 верасня 1981 года прызнаны «непрытомным» («невменяемым») і накіраваны на прымусовае «лячэнне» у спецпсіхбальніцы сістэмы МУС. Утрымліваўся ў лагеры 155/7 каля Талгара. Вызначэннем Талгарскага раённага суда Алмацінскай вобласці быў пераведзены на прымусовае «лячэнне» з установы ЛА 155/7 Алмацінскай вобласці ў псіхбальніцу агульнага тыпу па месцы жыхарства ў Мінскую вобласць (бальніца «Навінкі»). Вызначэннем суда Мінскага раёна ад 21 сакавіка 1988 года прымяненне прымусовых мер «медыцынскага характара» да М. Наскаўца спынена, бо «адпала неабходнасць у іх прымяненні ў выніку змены характара захворвання».

Рэабілітаваны вызначэннем Вярхоўнага суда Казахскай ССР ад 11 ліпеня 1988 года. Дамогся адмены ўсіх судовых вызначэнняў, прызнання сябе здаровым, узнаўлення стажу. Узнавіўся на ранейшай працы ў навукова-даследчым інстытуце. Актыўна публікаваў свае эканамічныя і публіцыстычныя творы, у тым ліку ўласным коштам. Быў зволены па скарачэнні штатаў 23 сакавіка 1999 года. Марна спрабаваў узнавіцца на працы праз суд. Стаў рабіць захады аб узнаўленні грамадзянства Беларусі. Доўгі час органы ўнутраных спраў РБ незаконна адмаўлялі М. Наскаўцу ў гэтым. Адмовы аргументаваліся тым, што М. Наскавец нібыта «судзімы» (хаця ён быў рэабілітаваны яшчэ ў 1989 годзе, а артыкул, па якім ён быў асуджаны, у тым самым годзе быў выключаны з крымінальных кодэксаў усіх рэспублік СССР)[2]. Урэшце атрымаў грамадзянства Беларусі ў 2002 годзе і вярнуўся ў родную вёску Наваселле. У 2005 годзе Бярэзінская раённая бібліятэка выдала брашуру з вершамі М. Наскаўца, якія той склаў па-беларуску ў зняволенні.

Памёр у 2006 годзе. Пахаваны на могілках у Наваселлі.

Асноўныя творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Экономическая эффективность интенсификации сельского хозяйства: Автореферат дис. на соискание ученой степени кандидата экономических наук. Алма-Ата, 1970.
  • Опыт нормативного внутрихозяйственного планирования. Алма-Ата, 1980.
  • Экономика, политика и психиатрия. Алма-Ата, 1992.
  • Концепция национального маркетинга. Алматы, 1993.
  • Обоснование закона повышающейся производительности затрат в процессе интенсификации. Алма-Ата, 1993.
  • Государственный и кооперативный маркетинг. Алматы, 1995.
  • Научные труды репрессированного (Второе дополненное издание) / [бібліяграфічны спіс прац М. Наскаўца]. Алматы, 2000.
  • Вершы рэпрэсаванага. 1981-1988. Беразіно, 2005.

Зноскі

  1. Насковец[sic!], Міхаіл. Навуковыя творы рэпрэсаванага (беларуская, руская, казахская мовы, 1965-1998 гг.). Мінск, 1998. С. 26-27.
  2. Насковец, Михаил. Закон устойчивости экономических систем. Алматы, 2002. С. 69-75.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Тарас, Віталь. Справа №... // Літаратура і мастацтва. — Мінск: 1989. — № 24. — С. 4.
  • Аляхновіч, Андрэй. Наскавец Міхаіл Данілавіч // Хроніка палітычнага тэрору: 1918 – 2008. Крупскі рэгіён – Малое Палессе – Друцка-Бярэзінскі край. Рэгіянальны краязнаўча-энцыклапедычны даведнік. — Крупкі: 2014. — С. 451-452.