Міхаіл Паўлавіч Сакалоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Паўлавіч Сакалоўскі
Дата нараджэння 19 лістапада 1887(1887-11-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 мая 1977(1977-05-18) (89 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера хірургія
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук (1922)
Навуковае званне
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Аляксандр Аляксандравіч Багамолец

Міхаіл Паўлавіч Сакало́ўскі[1] (руск.: Михаил Павлович Соколовский; 19 лістапада 1887 — 18 мая 1977) — вучоны, хірург, доктар медыцынскіх навук (1922[1]), прафесар (1922).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Ржэве. У 1911 годзе скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1911—1913 гадах працаваў асістэнтам кафедры паталагічнай фізіялогіі Саратаўскага ўніверсітэта, у 1913—1914 гадах асістэнтам хірургічнай клінікі[2]. У час Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў у 1915—1918 гадах на Заходнім фронце — хірург ваенных шпіталяў[2]. У 1918—1922 гадах зноў у Саратаўскім універсітэце на пасадзе асістэнта хірургічнай клінікі[2]. У 1922 годзе прафесар хірургічнай клінікі Смаленскага ўніверсітэта.

З 1922 года М. П. Сакалоўскі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Арганізатар і дырэктар хірургічнай клінікі медыцынскага факультэта, у 1922—1924 гадах загадчык кафедры агульнай хірургіі, у 1922—1929 гадах кафедры аперацыйнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі[2]. Адначасова ў 1922—1923 гадах дэкан медыцынскага факультэта. У 1923—1936 гадах загадваў кафедрай шпітальнай хірургіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага медыцынскага інстытута і адначасова ў 1926—1927 гадах кафедрай стаматалогіі[2].

У 1936—1941 гадах М. П. Сакалоўскі ў Варонежскім і Адэскім медыцынскіх інстытутах, загадчык кафедры агульнай хірургіі. У час Вялікай Айчыннай вайны — галоўны хірург-кансультант упраўлення эвакашпіталяў Варонежскай і Ульянаўскай абласцей. У 1945—1968 гадах загадчык кафедры факультэцкай хірургіі Адэскага медыцынскага інстытута (з 1965 года — навуковы кансультант[1]).

Памёр і пахаваны ў Адэсе[2].

Навуковая і грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар больш за 100 навуковых прац па пытаннях агульнай і прыватнай хірургіі. Прапанаваў новы спосаб апрацоўкі нерваў пры ампутацыі ніжніх канечнасцей, новыя хірургічныя падыходы пры аперацыйным лячэнні слановасці канечнасцей. Працаваў над праблемамі дыягностыкі і хірургічнага лячэння язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Распрацаваў метад лячэння вадзянкі галаўнога мозгу, разам з Ю. М. Іргерам прапанаваў методыку дрэнажавання страўнічкаў галаўнога мозгу. Аўтар першага падручніка на беларускай мове па аператыўнай хірургіі для студэнтаў медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў, выдадзенага ў Мінску ў 1932 годзе[2].

Двойчы абіраўся членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства хірургаў. Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні Першага з’езду хірургаў Беларусі ў 1929 годзе[2]. Быў старшынёй навуковых таварыстваў хірургаў БССР, Малдаўскай ССР (1930—1936)[2].

Сярод апублікаваных прац:

  • Кароткі падручнік па аперацыйнай хірургіі. — Мн., 1932;
  • Коллоидно-осмотическое давление сыворотки при хирургических заболеваниях // Вести хирургии им. И. И. Грекова, 1934, Т. 34, кн. 100.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]