Навум Мордухавіч Альшанскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Навум Мордухавіч Альшанскі (1917 – 1991) – падпалкоўнік, удзельнік Другой сусветнай вайны на баку СССР, актывіст руху за права выезду з СССР у Ізраіль.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў верасні 1917 года ў мястэчку Шчадрын (цяпер – Жлобінскі раён Гомельскай вобласці). У арміі з 1936 года. У 1939 годзе скончыў Ленінградскае ваеннае вучылішча сувязі. Па заканчэнні вучылішча працягваў ваеннную службу ў Тэрмезе, на Кушцы.

Родны брат Навума - Міхаіл - быў рэпрэсаваны ў 1939 годзе па "палітычным" артыкуле (рэабілітаваны ў 1950-я).

На савецка-нямецкай вайне – з лістапада 1941 года і да яе заканчэння. Ваяваў на Бранскім фронце, Варонежскім, 1-м, 2-м і 3-м Украінскіх, у Румыніі, Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. Бацькі Альшанскага Мордух Зімелевіч і Дзіна Веніямінаўна, а таксама дзве непаўнагадовыя сястры Хана і Доба былі забітыя фашыстамі ў сакавіку 1942 года.

З баявой характарыстыкі на памочніка начальніка сувязі 74-й стралковай Кіева-Дунайскай дывізіі маёра Альшанскага Навума Мордухавіча 20.04.1945 г.: «... в период боевых действий связь вполне обеспечивала боевые операции дивизии, особенно хорошо работала радиосвязь. Руководить подчиненными в боевых действиях умеет. В сложной боевой обстановке не теряется, решения по обеспечению связью принимает правильно...»

З атэстацыі 27.5.1945 г.: «В боях решительный, инициативен. Радиосвязь в наступательно-оборонительных боях работала хорошо, управление по радио было обеспечено...» Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай і другой ступені, медалямі.

Скончыў вайну ў званні маёра. Па заканчэнні вайны застаўся служыць у войску, быў камандзірам роты, начальнікам штаба батальёна, камандзірам батальёна. Служыў у Румыніі, у Маскоўскай вобласці (з 1948), у Беларусі (у Бярозе і пад Мінскам). У 1961 годзе выйшаў у адстаўку ў званні падпалкоўніка. Займаўся рамонтам тэлефонаў.

У пачатку 1970-х гадоў склалася яго сяброўства з Львом Аўсішчарам, Яфімам Давідовічам ды іншымі яўрэямі, якія выступалі супраць антысемітызма і за права выезду ў Ізраіль. У 1971 годзе Альшанскі падаў заяву на выезд у Ізраіль. Пасля падачы заявы на выезд быў выключаны з партыі, разжалаваны ў радавыя і пазбаўлены ваеннай пенсіі. Падпісваў калектыўныя лісты з патрабаваннямі выпусціць усіх ахвочых у Ізраіль і спыніць пераслед габрэяў у СССР.

1 снежня 1972 года дома ў Альшанскага прайшоў ператрус па справе Кіпніса і Давідовіча. У Альшанскага і Льва Аўсішчара ў сувязі з гэтай справай ўзялі падпіскі аб нявыездзе. Альшанскі і Аўсішчар праходзілі па справе сведкамі, але іх пастаянна пагражалі перавесці ў статус абвінавачаных, шмат разоў дапытвалі. 1 лютага 1973 года ў кватэры Альшанскага прайшоў яшчэ адзін вобшук па гэтай справе. Пад ціскам пратэстаў міжнароднай грамадскасці Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам ад 22 траўня 1973 года вызваліў Кіпніса і Давідовіча ад крымінальнай адказнасці, улічваючы ўдзел у вайне, заслугі ў працоўнай дзейнасці, узнагароджанне баявымі ордэнамі і медалямі СССР, прымаючы да ўвагі стары ўзрост і слабы стан здароўя, «кіруючыся прынцыпамі сацыялістычнага гуманізма» [1].

Падчас афіцыйнага візіта Брэжнева ў ЗША 18-26 чэрвеня 1973 года Леў Аўсішчар, Навум Альшанскі, Ілля Гольдзін і Міхаіл Мацэвіч праводзілі ў Мінску галадоўку пратэста з патрабаваннем выпусціць іх у Ізраіль. У адзін з дзён галадоўкі яны прыйшлі з плакатам «Голодаем! Требуем отпустить в Израиль!» да помніка загіблым у Мінскім гета, дзе і правялі некалькі гадзін, пакуль іх не затрымала міліцыя.

У сакавіку 1974 года Навум Альшанскі вярнуў воінскія ўзнагароды ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР і адмовіўся ад грамадзянства СССР [2].

У 1975 годзе Альшанскі атрымаў выязную візу і пераехаў з сям'ёй у Ізраіль. Жыў у Бней-Браку. У першыя гады пасля пераезду працаваў у грамадскіх арганізацыях - Аб'яднанні алім (перасяленцаў) з СССР ды Ізраільскім камітэце ветэранаў вайны. Памёр у Ізраілі 15 лютага 1991 года.

Нягледзячы на шматлікія звароты яўрэйскіх арганізацый у 90-х і 2000-х гадах у розныя інстанцыі Беларусі і Расіі, у тым ліку да Лукашэнкі і Пуціна, Альшанскаму (як і Давідовічу і Аўсішчару) так і не было вернутае афіцэрскае званне.

Сын Навума Міхаіл Альшанскі ўзначальвае Ўсеізраільскае аб'яднанне выхадцаў з Беларусі [3] [4].

Зноскі

  1. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 750.
  2. Хронология событий сионистского движения в Советском Союзе. Составители Юлий Кошаровский и Инид Вертман. 1974 г.
  3. Ринский, Михаил. Хочу закат превратить в восход // Мишпоха. 2009. №23.
  4. «Белорус» в Израиле звучит гордо! (Интервью с Михаилом Альшанским).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]