Яфім Аронавіч Давідовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яфім Аронавіч Давідовіч
Род дзейнасці дысідэнт, ваенны
Дата нараджэння 2 мая 1924(1924-05-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 красавіка 1976(1976-04-24) (51 год)
Месца смерці
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
Ордэн Аляксандра Неўскага ордэн Айчыннай вайны

Яфім (Файвэ) Аронавіч Давідовіч (2 мая 1924, Мінск — 24 красавіка 1976) — савецкі дысідэнт, удзельнік руху за правы яўрэяў у СССР, палкоўнік, удзельнік Другой сусветнай вайны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 2 траўня 1924 года ў Мінску. Дзяцячыя гады прайшлі ў раёне Камароўка, у завулку Казакова, дзе жылі яўрэі-рамеснікі; пазней сям’я пераехала на вуліцу Шырокую. Бацька Арон быў фурманам, удзельнічаў у Першай сусветнай і грамадзянскай войнах; маці Соф’я (Шэйна) — хатняя гаспадыня. Роднай мовай дома быў ідыш, але дзеці хадзілі ў школы з беларускай і рускай мовамі навучання. У 1939 годзе Яфім Давідовіч скончыў сямігодку з беларускай мовай навучання і паступіў у Мінскі палітэхнікум.

У чэрвені 1941 года быў накіраваны на практыку ў вёску пад Брэстам. Бацькі і браты, як і большасць іншых сваякоў, загінулі ў мінскім гета. Яфім здолеў дайсці пешшу да Луцка, які яшчэ ўтрымлівала Чырвоная армія, і адтуль эвакуявацца праз Курск і Оршу ў Сызрань. У 1942 годзе быў прызваны ў войска. Пасля праходжання ў Куйбышаве пяхотнага вучылішча прыбыў на фронт у траўні 1943 года ў званні малодшага лейтэнанта. Быў пяць разоў паранены, у жніўні 1943 года — цяжка, пасля чаго амаль 10 месяцаў правёў у шпіталі. Удзельнічаў у баях на Курскай дузе, на Украіне, у Польшчы, у Германіі, удзельнічаў у штурме Прагі. Скончыў вайну у званні капітана. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, ордэнам Аляксандра Неўскага, медалямі.

Пасля вайны ўзяў шлюб. Жонка, Марыя Карпаўна Давідовіч, раней працавала старшай медсястрой у шпіталі ў Мічурынску, дзе лячыўся Яфім Аронавіч пасля ранення. У шлюбе ў іх нарадзілася дачка Соня.

Застаўся на кадравай службе ў арміі. Скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ (1952), пасля чаго чатыры гады працаваў выкладчыкам на курсах удасканалення афіцэраў Беларускай ваеннай акругі. Камандаваў механізаваным батальёнам, затым служыў намеснікам начальніка штаба танкавай дывізіі, з 1961 года — у штабе Беларускай ваеннай акругі, камандаваў узорным палком. Выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка па стане здароўя (пасля двух інфарктаў) у 1969 годзе.

Пасля забойства ў 1971 годзе ў Мінску сусветна знакамітага прафесара-уролага Абрама Міхельсона Яфім Давідовіч заняўся адкрытай і сістэматычнай барацьбой з антысемітызмам у СССР. Пачаў пісаць лісты-пратэсты супраць дзяржаўнага антысемітызма ў партыйныя і савецкія органы, у газеты і часопісы. У кастрычніку 1972 года быў выключаны з КПСС (куды ўступіў на фронце) рашэннем бюро Цэнтральнага камітэта КПБ (персанальная справа разбіралася ў партыйных інстанцыях паўтара гады).

У гэты перыяд склалася яго сяброўства з Навумам Альшанскім, Львом Аўсішчарам ды іншымі яўрэямі, якія выступалі супраць антысемітызма і за права выезду ў Ізраіль.

1 снежня 1972 года Яфім Давідовіч быў затрыманы па крымінальнай справе № 97, дома ў яго прайшоў ператрус. Раней, 29 лістапада, па гэтай справе арыштавалі мастака і былога франтавіка Цфанію Кіпніса, калі той праходзіў мытны кантроль у Брэсце пры выездзе ў Ізраіль на сталае месца жыхарства. У Давідовіча пры вобшуку знайшлі франтавы пісталет ТТ і восем патронаў, якія перадаў яму на захаванне Кіпніс пры выездзе за мяжу. Таксама ў Давідовіча былі знойдзеныя і забраныя яго нататкі пра антысемітызм у СССР, копіі яго лістоў з пратэстам супраць антысемітызма ў прэсу і дзяржаўна-партыйныя інстанцыі, выразкі антысеміцкіх артыкулаў з прэсы СССР ды іншыя матэрыялы. Давідовіча пратрымалі ў следчай турме КДБ суткі, потым па стане здароўя (перанёс тры інфаркты, інвалід 2 групы) выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе; Кіпніс заставаўся пад арыштам у турме КДБ яшчэ шэсць месяцаў. Таксама 1 снежня ператрус прайшоў у актывіста яўрэйскага руху Навума Альшанскага. Многія іншыя выклікаліся на допыты. У Альшанскага і Льва Аўсішчара ўзялі падпіскі аб нявыездзе.

Давідовічу было прад’яўленае абвінавачанне ў «дзейнасці, накіраванай на падрыў савецкай улады шляхам распаўсюджвання сярод свайго асяроддзя на працягу многіх гадоў паклёпніцкіх выдумак, якія ганьбяць савецкі грамадскі і дзяржаўны лад, вырабу і распаўсюджвання літаратуры падобнага роду, а таксама незаконнага захоўвання зброі».

19 снежня 1972 года Яфім Давідовіч накіраваў на імя Л. Брэжнева ліст з пратэстам супраць фабрыкацыі справы, у якім пісаў наступнае: «1 декабря 1972 года в моей квартире сотрудники КГБ произвели обыск. Меня арестовали, и я содержался в тюрьме КГБ 24 часа. В ходе обыска они изъяли копии писем, посланных мною весной 1972 года различным организациям и в органы советской печати. Эти письма были вызваны разнузданной антисемитской вакханалией в печати, которая привела к кровавым преступлениям в Минске: убийству профессора Михельсона, студентов брата и сестры Кантор и шестнадцатилетнего школьника Гриши Туника. Антиеврейская атмосфера накалилась еще больше после взрыва цеха радиозавода. Только срочные меры, принятые комиссией ЦК КПСС, возглавляемой Устиновым, предотвратили массовый еврейский погром в городе. В своих письмах я призывал советские органы массовой информации отказаться от публикации антиеврейских и антиизраильских материалов местного и иностранного происхождения, а также призывал советскую прессу активно включиться в борьбу против антисемитизма. Ответов на свои письма я не получил. Кроме копий писем, у меня были изъяты личные записи, связанные с 2,5-летней борьбой против антисемитизма, и другие документы, относящиеся к еврейской истории, а также несколько магнитофонных лент с еврейскими песнями и мелодиями… Мои письма и личные заметки содержат правду и только правду. Является ли высказывание правды антисоветским поступком? […] В больном воображении организаторов этой „операции“, видимо, создалось впечатление, что я подготавливаю террористические акции больших масштабов: убийство всех спортсменов Советского Союза, поджог всех домов престарелых в Белоруссии, взрыв водородной бомбы на Комаровском рынке, убийство председателя Минского горсовета и назначение на его место Бен-Гуриона. А с пистолетом „ТТ“ образца 1941 года и восемью ржавыми патронами, имевшимися у меня, я намеревался расширить израильские границы от Нила до Евфрата, присоединить Белоруссию к Израилю и в полном объеме осуществить планы сионских мудрецов, содержащихся в „протоколах“ — установить еврейское господство над всем миром. Все это не столько смешно, сколько печально. Антиеврейская истерия под лозунгами антисионизма продолжается».

Пад ціскам пратэстаў міжнароднай грамадскасці Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам ад 22 траўня 1973 года вызваліў Кіпніса і Давідовіча ад крымінальнай адказнасці, улічваючы ўдзел у вайне, заслугі ў працоўнай дзейнасці, узнагароджанне баявымі ордэнамі і медалямі СССР, прымаючы да ўвагі стары ўзрост і слабы стан здароўя , «кіруючыся прынцыпамі сацыялістычнага гуманізма» [1].

Пасля заканчэння справы № 97 Давідовіч працягваў дасылаць лісты пратэста ў розныя інстанцыі, напрыклад, 29 кастрычніка і 19 лістапада 1973 года — у газету «Правда». Лісты распаўсюджваліся ў самвыдаце і тамвыдаце.

У канцы жніўня 1974 года ў яго здарыўся чацверты інфаркт міякарда.

Ён таксама падаў заяву на выезд у Ізраіль, за што 26 сакавіка 1975 года рашэннем Савета Міністраў СССР быў пазбаўлены воінскага звання палкоўніка. З 1 чэрвеня 1975 года яму была спынена выплата пенсіі.

25 красавіка 1975 года Давідовіч даслаў чарговы вялікі ліст супраць антысемітызма на імя Брэжнева, а 9 траўня выступіў з прамовай на яўрэйскім антыфашысцкім мітынгу ў мемарыяле «Яма» (мітынг не быў санкцыянаваны ўладамі).

Яфіма Давідовіча падтрымліваў Андрэй Сахараў, у пачатку 1976 года яны пазнаёміліся ў Маскве[2].

1 сакавіка 1976 года ў Яфіма Давідовіча здарыўся пяты інфаркт міякарда. Нават калі ён быў у перадсмяротным стане, яму не выдалі выязную візу. Яўрэйскія актывісты спрабавалі дамагчыся для яго і яго сям’і дазволу на выезд у Ізраіль. 17 сакавіка Л. Аўсішчар, І. Нудэль і А. Лернер былі ў сувязі з гэтым на прыёме ў начальніка ўсесаюзнага АВІРа В. Абідзіна, які паабяцаў даць адказ у бліжэйшы час. 25 сакавіка 1976 г. АВІР адмовіўся разглядаць просьбу аб выездзе Давідовіча, бо «по сведениям ОВИРа Давидович чувствует себя прекрасно». Памёр Яфім Давідовіч 24 красавіка 1976. На пахаванне ў Мінску 26 красавіка прыйшло больш за 300 чалавек, на яго прыехалі яўрэі з іншых гарадоў. Пазней парэшткі Давідовіча былі перапахаваныя ў Ізраілі.

Група «отказников» (людзей, якім адмовілі ў выязной візе з СССР) напісала і распаўсюдзіла заяву з нагоды смерці Давідовіча (пад заявай стаяла 57 подпісаў). У заяве сцвярджалася: «То, чего они так долго добивались, произошло. Полковник Ефим Давидович, герой войны против фашизма, кавалер восемнадцати орденов и медалей и несгибаемый борец за права советских евреев, мертв. Этот человек, обладавший редким мужеством и обаянием, был убит органами КГБ. Его убили, потому что он самоотверженно боролся за право советских евреев эмигрировать в Израиль и потому, что не щадя себя он защищал каждую жертву преследований».

Нягледзячы на шматлікія звароты яўрэйскіх арганізацый у 1990-х і 2000-х гадах у розныя інстанцыі Беларусі і Расіі, у тым ліку да Лукашэнкі і Пуціна, Давідовічу так і не было вернутае афіцэрскае званне.

Зноскі

  1. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 750.
  2. Сахаров А. Д. Воспоминания: в 2 т. Москва, 1996. Т. 1. Глава 21. 1976 год. Ефим Давидович. Петр Кунин. Григорий Подъяпольский. Константин Богатырев. Игорь Алиханов

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]