Леў Пятровіч Аўсішчар
Леў Пятровіч Аўсішчар | |
---|---|
Род дзейнасці | актывіст руху за права выезду ў Ізраіль |
Дата нараджэння | 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 ліпеня 2007 |
Месца смерці |
|
Леў Пятровіч Аўсішчар (1919, Багушэўск — 21 ліпеня 2007, Ерусалім) — палкоўнік авіяцыі, удзельнік Другой сусветнай вайны на баку СССР, актывіст руху за права выезду ў Ізраіль.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бацька Льва Аўсішчара быў рамізнікам, з 1926 года працаваў служачым на бровары ў суседнім Янове, даслужыўся да пасады дырэктара Высокаўскага бровара пад Оршай.
Леў Аўсішчар скончыў сямігодку ў Багушэўску, поўны курс школы праходзіў у Віцебску (у Багушэўску старэйшых класаў школы не было). Дзесяцігодку скончыў у 1936 годзе, працаваў на бровары ў Янове.
У 1937 годзе пераехаў у Маскву, паступіў на вячэрняе аддзяленне Цэнтральнага інстытута інжынераў Грамадзянскага паветранага флота, адначасова працаваў авіямеханікам. У кастрычніку 1940 года быў прызваны ў войска.
Вайну нацысцкай Германіі з СССР сустрэў у лётным вучылішчы горада Чкалава (Арэнбург), дзе заканчваў курс авіяцыйнага штурмана. Пасля сканчэння вучылішча ў жніўні 1941 года быў накіраваны ў горад Энгельс на курсы падрыхтоўкі камісараў эскадрылляў. Падчас навучання на курсах быў сведкам дэпартацыі немцаў Паволжа. Пасля сканчэння курсаў у лістападзе 1941 быў накіраваны ў Новасібірск, дзе фармаваліся палкі для фронта. У снежні 1941 года полк лёгкіх бамбардавальнікаў По-2, у якім служыў штурманам Аўсішчар, прыбыў на фронт у Падмаскоўе і пачаў удзел у баявых дзеяннях. Пасля бітвы пад Масквой Аўсішчар ваяваў пад Сталінградам, на Курскай дузе, удзельнічаў у вызваленні Украіны, Беларусі, Польшчы, штурме Берліна. Быў паранены ў 1942 годзе пад Сталінградам, трапіў у шпіталь пасля аварыйнай пасадкі ў 1944 годзе пад Варшавай. Быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.
Пасля вайны, у 1945 годзе, паступіў у Ваенна-паветраную акадэмію ў Маскве, якую скончыў у 1950 годзе. Быў накіраваны ў Грузію, дзе ў Закаўказскай ваеннай акрузе праслужыў амаль дзесяць год. У 1960 годзе перавёўся ў штаб Беларускай вайсковай акругі, пераехаў з сям'ёй у Беларусь. У 1961 годзе звольніўся ў запас у званні палкоўніка. У Мінску скончыў вячэрняе аддзяленне Інстытута народнай гаспадаркі па спецыяльнасці «эканоміка прамысловасці» і працаваў у навукова-даследчых установах.
У 1971 годзе далучыўся да руху яўрэяў за права на выезд з СССР, у прыватнасці, напісаў ліст пракурору Ленінграда з асуджэннем працэса над габрэямі ў горадзе і падпісаў калектыўны ліст у абарону габрэяў, якіх судзілі ў Кішынёве. За гэта быў выключаны з КПСС. Прыняў рашэнне эміграваць у Ізраіль і падаў дакументы на выезд, але толькі ў 1987 годзе, у эпоху перабудовы, яму ўдалося атрымаць ад уладаў дазвол на выезд. На працягу 16 год «отказник» Леў Аўсішчар быў у Савецкім Саюзе адным з самых актыўных барацьбітоў за права яўрэяў на выезд у Ізраіль. Быў блізкі да іншых актывістаў яўрэйскага руху з Мінску - Навума Альшанскага, Эрнста Левіна, Гедалі Кіпніса, Яфіма Давідовіча. Падтрымліваў знаёмства з Андрэем Сахаравым, Вячаславам Зайцавым.
Пасля падачы дакументаў на выезд у Ізраіль Аўсішчар быў пазбаўлены вайсковых званняў і ўзнагарод і вайсковай пенсіі. 1 лютага 1973 года ў яго дома прайшоў ператрус па справе Кіпніса і Давідовіча. У далейшым Аўсішчара неаднаразова выклікалі на допыты па гэтай справе, пакуль справа не была спынена.
Падчас афіцыйнага візіта Брэжнева ў ЗША 18-26 чэрвеня 1973 года Леў Аўсішчар, Навум Альшанскі, Ілля Гольдзін і Міхаіл Мацэвіч праводзілі ў Мінску галадоўку пратэста з патрабаваннем выпусціць іх у Ізраіль. У адзін з дзён галадоўкі яны прыйшлі з плакатам «Голодаем! Требуем отпустить в Израиль!» да помніка загіблым у Мінскім гета, дзе і правялі некалькі гадзін, пакуль іх не затрымала міліцыя.
Аўсішчар выступіў адным з аўтараў калектыўнага ліста ў Генеральную пракуратуру СССР і праўленне Саюз пісьменнікаў СССР з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за распальванне нянавісці да габрэяў і антысеміцкую прапаганду Максіма Лужаніна. Паводле меркавання аўтараў калектыўнага ліста, распальванне нянавісці і антысеміцкая прапаганда ўтрымліваюцца ў паэме Лужаніна «Скрозь вайну», апублікаванай у зборніку «Росы на коласе» (1973).
9 траўня 1976 года Леў Аўсішчар выступіў на мітынгу ў месцы згубы габрэяў «Яма»[1].
У ліпені 1977 года Льва Аўсішчара тры дні дапытвалі па справе Анатоля Шчаранскага.
Памёр у Ерусаліме 21 ліпеня 2007 года.
Дакументы Льва Аўсішчара ўтвараюць асобны фонд (FSO 01-030.291) у архіве Даследчага цэнтру Усходняй Еўропы пры Брэменскім універсітэце[2].
Творы
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Алексеева, Людмила. История инакомыслия в СССР: новейший период. Москва, 2012. С. 129.
- ↑ Forschungsstelle Osteuropa. Benutzerhinweise und Online-Katalog.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Документы Московской Хельсинкской группы / Моск. Хельсинк. группа; о-во «Мемориал»; сост. Д. И. Зубарев, Г. В. Кузовкин. — Москва, 2006. — С. 29, 53, 168.
- Левин, Эрнст. И посох ваш в руке вашей. Документальный мемуар 2002 года (К тридцатилетию исхода из СССР) // Еврейская старина. Сетевой альманах / Редактор Евгений Беркович. № 7(43). Июль 2006; № 8(44). Август 2006; № 11-12(47). Ноябрь-декабрь 2006; № 2(49). Март-апрель 2007.
- Нордштейн, Михаил. Признать право на память // Новая газета. 8 апреля 2013.