Напад на школу ў Стоўбцах

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Напад на школу ў Стоўбцах
Спосаб забойства напад з выкарыстаннем халоднай зброі
Месца Flag of Belarus.svg Беларусь, Мінская вобласць, Стоўбцы,
Каардынаты 53°28′36,95″ пн. ш. 26°44′03,77″ у. д.HGЯO
Дата 11 лютага 2019
Час Між 7:30 і 8:05 (UTC+03:00)
Забойцы Вадзім Мілашэўскі
Забітыя 2
Параненыя 2

Напад на школу ў Стоўбцах (Мінская вобласць, Беларусь) адбыўся раніцай 11 лютага 2019 года. 15-гадовы вучань 10-га класа Вадзім Мілашэўскі, узброены нажом, напаў на настаўніцу і вучняў Сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы. У выніку інцыдэнту настаўніца і адзін з вучняў загінулі, двое атрымалі раненні.

Асоба злачынца[правіць | правіць зыходнік]

Вадзім Віталевіч Мілашэўскі нарадзіўся 26 чэрвеня 2003 года[1], вырас у поўнай сям’і, якая не знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы і пражывала ў прыватным доме на вуліцы Гагарына пасля пераезду з аграгарадка Дзераўная. Бацька працаваў кіроўцам, маці — тэхнічкай у камунгасе. Вадзім гуляў у футбол, выступаў за зборную школы па міні-футболе ў першынстве раёна сярод устаноў адукацыі[2]. Вучыўся ў 10 «Б» класе.

Паводле намесніка дырэктара па навучальнай працы Людмілы Старовойтавай, Вадзім Мілашэўскі быў ціхім і спакойным, «у школе ніякіх праблем з яго паводзінамі не было. Добра вучыўся, урокі не прапускаў. Нідзе і ніколі ні ў чым не быў западозраны»[2].

Вадзім выдаліў сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», іншы яго акаўнт быў заблакаваны адміністрацыяй за парушэнне правіл[2].

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Папярэдне вызначана, што падазраваны Вадзім Мілашэўскі прайшоў у школу каля 7.40, пакінуў у кабінеце заплечнік і выйшаў з кабінета. Праз некаторы час вярнуўся і ўдарыў нажом 53-гадовую настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Марыну Пархімовіч, а затым двух сваіх аднакласнікаў, якія заступіліся за яе. Затым нападнік выйшаў з класа і зайшоў у суседні кабінет № 309[3], дзе напаў на 17-гадовага вучня 11-га «А» класа[2][3]. Паведамляецца таксама, што нападнік заходзіў ва ўсе класы, дзе можна было адчыніць дзверы, потым хадзіў з нажом па трэцім паверсе, пакуль яго не заўважылі і не патэлефанавалі ў міліцыю. Хацеў збегчы праз чорны ход, але ён аказаўся зачыненым, таму ён адчыніў акно на першым паверсе і ўцёк. Затрыманы каля гаспмага[3].

Падлетак быў затрыманы неўзабаве пасля паступлення інфармацыі пра здарэнне ў міліцыю. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі ў пад’ездзе аднаго з дамоў са сродкам нападу, скрываўленым нажом[2], супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы АМАПа[3].

Следства знаходзіцца пад асабістым кантролем старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Івана Наскевіча[2].

Загінулыя і параненыя[правіць | правіць зыходнік]

У выніку інцыдэнту на месцы здарэння загінулі два чалавекі — настаўніца і адзін з вучняў.

  • Першай ахвярай нападніка стала 53-гадовая Марына Пархімовіч, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства[2].
  • Другі загінулы — Аляксандр Раманаў, 17-гадовы вучань 11-га класа[2] і актывіст раённай суполкі Таварыства беларускай мовы[4]. Удар прыйшоўся ззаду ў шыю. Памёр на руках у бацькі, які вярнуўся у школу (раніцай ён падвозіў туды сына) пасля таго, як паведамілі пра напад[3].

Раненні ў час нападу таксама атрымалі двое аднакласнікаў Мілашэўскага, якія спрабавалі заступіцца за настаўніцу: хлопцы 15 і 16 гадоў былі шпіталяваны і тэрмінова праапераваны ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы. На вечар 11 лютага іх стан быў стабільна цяжкім[2].

Зноскі