Перайсці да зместу

Народнікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Народніцтва)

Народнікі — прыхільнікі грамадска-палітычных ідэй, заснаваных на думцы, быццам бы грамадства можа перайсці да сацыялістычнага развіцця, мінуючы капіталізм. Вучэнне народнікаў узнікла ў другой палове ХІХ ст. у Расіі. Умоўна яго падзяляюць на рэвалюцыйную (М. Бакунін, М. Ішуцін, Г. Нячаеў і інш.) і ліберальную плыні (П. Лаўроў). У 1880-я гг. частка народнікаў на чале з Г. Пляханавым перайшла на сацыял-дэмакратычныя пазіцыі.

Сярод беларускай інтэлігенцыі народніцкія ідэі пачалі распаўсюджвацца з 1860-х гг. У 1880-я гг. з’явіліся народніцкія гурткі, падпарадкаваныя расійскім арганізацыям «Чорны перадзел» і «Народная воля». У 1882 г. у Вільні была створана «Арганізацыя „Народнай волі“ ў Паўночна-Заходнім краі». У пачатку 1880-х гг. у Пецярбургу І. Грынявіцкі заснаваў «беларускую плынь» народніцкага руху. Яго ідэі паўплывалі на студэнцкую групу «Гоман», якая мела сувязі ў беларускіх гарадах і выдавала на беларускай мове часопіс «Гоман». Многія прадстаўнікі народніцтва на Беларусі шчыра цікавіліся жыццём народа, удзельнічалі ў палітычнай і асветніцкай рабоце. У асноўным яны арыентаваліся на сялянскія масы і бачылі ў сялянскіх абшчынах і арцелях правобраз будучага сацыялістычнага грамадства. У далейшым ідэі народніцтва моцна паўплывалі на развіццё сацыял-дэмакратычнага руху, у тым ліку на погляды значнай часткі членаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, партыі эсэраў і інш.