Гоман (група)
«Гоман» ― беларуская народніцкая пецярбургская група ў 1880-х гадах.
Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]
Група ўзнікла сярод студэнтаў ― ураджэнцаў Беларусі, якія выступалі з ініцыятывай стварэння аўтаномнай беларускай фракцыі «Народнай волі». Стваральнікі і кіраўнікі: Аляксандр Марчанка з Мсціслаўскага павета і Хаім Ратнер з Шклова, ім дапамагалі М. І. Стацкевіч, В. Б. Крупскі, С. І. Несцюшка-Буйніцкі і інш[1].
Дзейнасць групы «Гоман»[правіць | правіць зыходнік]
Група тэарэтычна абгрунтоўвала існаванне беларускай нацыі, у сваёй праграме вылучала патрабаванне сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народа, якое звязвала з перамогай народнай рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады Устаноўчаму сходу і арганізацыі нацыянальных аўтаномій[2].
Група падтрымлівала сувязь з Паўночна-Заходняй арганізацыяй «Народнай волі», створанай у Вільні па ініцыятыве выканкама «Народнай волі». Гэта арганізацыя аб'ядноўвала народніцкія гурткі Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў. Гоманаўцы былі знаёмы з яе кіраўнікамі ― А. Лісоўскай, М. Чікаідзэ, Е. Айзенбергам і І. Лямпе. Ёсць сведчанні аб сувязях групы «Гоман» з народавольцамі М. П. Аўчыннікавым, М. Э. Янчэўскім, П. П. Якубовічам[3].
У 1884 годзе група выпускала на рускай мове нелегальны гектаграфічны часопіс «Гоман» з падзагалоўкам «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Часопіс заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем у садружнасці з расійскімі рэвалюцыянерамі, друкаваў карэспандэнцыю з месцаў. «Мы — беларусы, і павінны змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народа і федэратыўную аўтаномію краіны, — пішацца ў першым нумары часопіса. — Мы — рэвалюцыянеры, таму што, падзяляючы праграму барацьбы Народнай волі, лічым неабходным прыняць удзел у гэтай барацьбе; мы — сацыялісты, бо нашай галоўнай мэтай з'яўляецца эканамічнае паляпшэнне краіны на аснове навуковага сацыялізму». Упершыню была агучана думка пра самастойнасць беларускай нацыі[4]. Аўтары часопіса «Гоман» адносілі беларусаў да разраду «плябейскіх нацый», якія не маюць сваёй нацыянальнай эліты (інтэлігенцыі). Пры гэтым, па думцы аўтараў, беларусы — гэта самабытны народ, у якога ёсць свая мова, культура, побыт, паданні, уласнае гістарычнае мінулае і тэрыторыя, якая ўтварае адзіны эканамічны раён. «Глуха, але настойліва пратэставаў ён супраць здрадлівых спробаў паланізаваць або русіфікаваць яго, і абедзве сілком навязаныя яму культуры праходзілі міма, не прычапіўшыся да яго. Свята захоўвае ён асновы свайго жыцця ў чаканні з'яўлення сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а развіваць і ўдасканальваць іх...»[5].
Вітольд Ёдка-Наркевіч мяркаваў, што рэдактарамі «Гоману» былі маладыя палякі[6]. Аднак, магчыма, гэта не зусім так. Хутчэй за ўсё, Хаімам Ратнярам упісаны такія словы: «Бедная частка яўрэйства нідзе так не сышлася з народам, як у Беларусі: яўрэі не толькі засвоілі тут некаторыя народныя звычаі і забабоны, але нават нярэдкія выпадкі аднадушнай барацьбы гэтай часткі з беларусамі супраць яўрэяў жа, багацеяў і паноў...»[7].
Выйшлі два нумары часопіса. У сакавіку 1884 года ініцыятары часопіса арыштаваныя. Р. Радзік сцвярджае, што беларускія народнікі «не пакінулі за сабой ні непасрэдных пераемнікаў, ні значных слядоў у свядомасці стваральнікаў беларускасці перадрэвалюцыйнага перыяду дваццатага стагоддзя». Але, хутчэй, справа ў наступным замоўчванні групы «Гоман». Пра яе ўспамінае ў 1930-х гадах ксёндз Адам Станкевіч, беларускі грамадскі дзеяч у перадваеннай Польшчы: «Мужыцкую праўду» пісалі і выдавалі беларусы-католікі з польскай культурай, а сярод беларускіх народовольцев-гоманаўцаў ўжо з'явілася беларуская праваслаўная інтэлігенцыя. Першыя яшчэ аглядаліся на Польшчу і на традыцыі Вялікага княства Літоўскага, а іншыя звязвалі лёс Беларусі з Расеяй і аб традыцыях Вялікага княства Літоўскага, калі не лічыць Грынявіцкага, зусім не памяталі. Гэтыя інтэлігенты не называлі сябе літоўцамі (як гэта рабіў Каліноўскі і нават яшчэ Грынявіцкі), а менавіта беларусамі...»[8]. У 1935 годзе у Львове выйшла праца Антона Луцкевіча «Narodowolcy-Białorusini i ich organ «Homon» (Pamiętnik VI Powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie 17-20 września 1935 r. T. 1. Lwów, 1935).
Зноскі
- ↑ Семашкевіч Р. М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX―пачатак XX ст. — Мн., 1971.
- ↑ Самбук С. М. Революционные народники Белоруссии:(70-е ― начало 80-х годов XIX в.)― Мн., 1976. С. 150―179
- ↑ Міхась Біч. Гоман // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — У 6 т. — Т. 3. — Мн., 1996. С. 60.
- ↑ Публицистика белорусских народников. Нелегальные издания белорусских народников (1881―1884). — Мн.: Выд-ва БДУ, 1989. 134 с.
- ↑ Шалькевіч В. Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. — Мн., 2002. С. 225―226.
- ↑ Jodko-Narkiewicz W. Z powodu odezwy białoruskiej // Przedświt. 1903. № 2. S. 56―57
- ↑ Александровіч С. Х. Кнігі і людзі: даследванні, археалагічныя знаходкі, успаміны, эсэ. — Мн., 1976. С. 78
- ↑ Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. — Вільня, 1934, С. 55―56
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Александровіч С. Х. Слова — багацце: Літаратурна-крытычныя артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — 414 с.
- Радзік Р. Петербургские народники ― творцы современной белорусской национальной идеи // Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Выпуск 3. ― СПБ., Российская национальная библиотека, 2005. С. 288