Перайсці да зместу

Народная Воля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Народная воля)
«Народная Воля»
Арыгінальная
назва
Narodnaja Volya
Тып 2 разы на тыдзень
Выдавец УП «Народная Воля»
Рэдактар Іосіф Сярэдзіч
Галоўны рэдактар Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч
Заснавана ліпень 1995
Мова беларуская, руская
Кошт 0.44 BYN
Галоўны офіс 220030, Мінск, вул. Энгельса, 34а
Вэб-сайт nv-online.info

«Народная Воля» — беларуская грамадска-палітычная газета, выдаецца з ліпеня 1995 года на беларускай і рускай мовах. Галоўны рэдактар з моманту заснавання — Іосіф Сярэдзіч.

Створана Іосіфам Сярэдзічам, які дагэтуль працаваў галоўным рэдактарам «Народнай газеты» — афіцыйнай газеты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (законнага парламента). Газета займала ўмераную цэнтрысцкую пазіцыю, імкнучыся адлюстраваць палітычныя погляды большасці грамадзян. 17 сакавіка 1995 г. Указам № 113 Аляксандр Лукашэнка прызначыў галоўным рэдактарам «Народнай газеты» Мікалая Галко, не зважаючы на тое, што правам прызначаць галоўнага рэдактара сваёй уласнай газеты валодаў толькі Вярхоўны Савет.[1] Каб выканаць свой грамадскі абавязак перад чытачамі, Іосіф Сярэдзіч быў вымушаны стварыць новую газету «Народная Воля», першы нумар якой выйшаў 11 ліпеня 1995 г. Яе чытачамі стала значная частка аўдыторыі «Народнай газеты».

Выключэнне з каталога (2005—2008)

[правіць | правіць зыходнік]

З лістапада 2005 года газета была выключана з каталога «Белпошты» і распаўсюджвалася валанцёрамі. У канцы лістапада 2008 года з’явілася інфармацыя аб тым, што, магчыма, у хуткім часе газета «Народная Воля» вернецца ў дзяржаўную сетку распаўсюджвання і падпісныя каталогі «Белпошты», а таксама зможа друкавацца ў Беларускім доме друку. І ўжо 25 лістапада газета заключыла дамовы з «Белсаюздрукам» і «Белпоштай» на распаўсюд выдання праз рознічную сетку кіёскаў і па падпісцы. Таксама заключана дамова на друкаванне газеты ў сталічным Беларускім доме друку.[2] Раней выданне друкавалася ў Смаленску.

25 студзеня дырэктару РУП «Белсаюздрук» І. В. Дудзічу быў накіраваны ліст, у якім рэдакцыя з-за скаргаў чытачоў на немагчымасць набыць газету ў рознічным продажы заклікала кіраўніцтва «Белсаюздрука» павялічыць колькасць прадаваных выданняў да 7500 экземпляраў. Але кіраўніцтва РУП «Белсаюздрук» у сваім лісце заявіла, што не плануе прымаць у продаж большы наклад.[3]

Спроба закрыцця

[правіць | правіць зыходнік]

25 красавіка 2011 года Міністэрствам інфармацыі пададзеныя пазовы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газет «Наша Ніва» і «Народная Воля» у адпаведнасці з падпунктам 2.2. пункта 2 ст.51 закона Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі з вынясеннем рэдакцыям названых выданняў на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў[4]. «Народная Воля» кожны год атрымлівала па 2-3 папярэджанні[5].

Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў скаргу рэдакцыі «Народнай волі» на папярэджанне Мінінфармацыі і пакінуў санкцыю ў сіле[6].

17 чэрвеня 2011 года на прэс-канферэнцыі для цэнтральных і рэгіянальных беларускіх СМІ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне наконт падачы іску аб закрыцці дзвюх газет, заявіў[5]:

" «Народная воля» так і нарываецца, яна правакуе ўладу, можа, яшчэ кагосьці. Ёй выгодна ладзіць правакацыі, каб мы неяк рэагавалі па законе на гэта. І каб потым узбуджаны Захад у іх абарону падымаў гвалт і нажываў на гэтым рэйтынг "

Забароны і рэпрэсіі

[правіць | правіць зыходнік]

25 жніўня 2020 года Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць свежы нумар «Народнай Волі» быццам з-за паломкі станка[7][8]. У гэтыя ж тэрміны і па той жа прычыне не выйшлі ў свет тры нумары «Комсомольской правды в Белоруссии» і па нумару «БелГазеты» і «Свободных новостей плюс» — усе чатыры газеты асвятлялі пратэсты ў Беларусі[9][10].

Пасля «Народная Воля» друкавалася некаторы час у Маскве, але маскоўская друкарня АТ «руск.: Прайм принт Москва» разарвала дамову з рэдакцыяй, і папяровы выпуск газеты спыніўся[11]. 13 лістапада 2020 года ўвесь тыраж «Народнай Волі» (друкаваўся ў Расіі) быў канфіскаваны з рэдакцыі невядомымі людзьмі, якія не прад’явілі дакументаў (меркавана сілавікі)[12]. Акрамя таго, на «Народную волю» падала ў суд «Белпошта» за непастаўку накладу[13].

Станам на студзень 2021 года з прычыны адмовы беларускіх друкарняў друкаваць, а «Белпошты» і «Белсаюздрука» распаўсюджваць, «Народная Воля» па-ранейшаму не друкуецца[14][15].

Чакалася, што з 2 красавіка 2021 года адновіцца выданне газеты ў папяровым выглядзе, але ААТ «руск.: Полиграфический комплекс», з якой рэдакцыя заключыла дамову, у апошні момант адмовілася друкаваць наклад і вярнула аванс, каб, па словах яго ўладальнікаў, не страціць бізнэс: на маскоўскую друкарню «наехалі на вельмі высокім узроўні»[11]. Газета выходзіць толькі ў фармаце .pdf[11].

У чэрвені 2021 года з факультэта журналістыкі БДУ адлічылі Глафіру Жук, бо дзяўчына не здала сесію, увесь час якой яна была за кратамі[16]. Як журналістка «Народнай Волі» ў маі 2021 года яна асвятляла справу студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ ў Доме правасуддзя ў Мінску, але за гэта яе 29 мая затрымалі, абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце і асудзілі на 30 сутак[17].

У 2021 годзе Белпошта па пазове аб страчанай выгадзе ад нерэалізаваных накладаў выйграла суд у газеты, якую перасталі друкаваць у Беларусі і Расіі: эканамічны суд Мінска задаволіў патрабаванні на агульную суму на больш чым 108000 BYN[18].

Зноскі

  1. Взятие СМИ под контроль, нарушение профессиональной самостоятельности редакций(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2022. Праверана 20 верасня 2012.
  2. БелаПАН, «Народная воля», магчыма, з’явіцца ў шапіках ужо пасьлязаўтра Архівавана 25 верасня 2020.
  3. Народная воля, «Дапамажыце набыць свежы нумар „Народнай Волі“!» Архівавана 17 лютага 2011.
  4. Лукашэнка зачыняе «Нашу Ніву» і «Народную Волю»
  5. а б Газета «Народная воля» преднамеренно провоцирует власть — Лукашенко. БелТА
  6. «Народная воля» засталася з папярэджаннем
  7. ЕЎРАРАДЫЁ. Трэцяя газета не змагла надрукавацца ў "Беларускім доме друку" . Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2020. Праверана 26 жніўня 2020.
  8. ЕВРОРАДИО. Третья газета не смогла напечататься в "Белорусском доме печати" (руск.). Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2020. Праверана 26 жніўня 2020.
  9. ЕЎРАРАДЫЁ. "Беларускі дом друку" адмовіўся друкаваць і нумар "Свободных новостей" . Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2020. Праверана 26 жніўня 2020.
  10. ЕВРОРАДИО. "Белорусский дом печати" отказался печатать и номер "Свободных новостей" (руск.). Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2020. Праверана 26 жніўня 2020.
  11. а б в «Наехали на очень высоком уровне»: московская типография сорвала выход свежего номера «Народной Воли» (руск.). Наша Ніва (2 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2021. Праверана 4 красавіка 2021.
  12. Силовики изымают тираж «Народной воли» в редакции
  13. «Сколько можно?» Как выживают негосударственные газеты Архівавана 22 студзеня 2021.
  14. Печатную версию «Брестской газеты» постигла участь «Народной воли», «БелГазеты», «Свободных новостей Плюс» (руск.). mediaiq.by. Брестская газета (19 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2021. Праверана 19 студзеня 2021.
  15. «Все типографии отказались печатать». «Брестская газета» приостанавливает выпуск бумажной версии (руск.). TUT.BY (19 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2021. Праверана 19 студзеня 2021.
  16. Журналістку Глафіру Жук адлічылі з факультэту журналістыкі БДУ . Белорусский партизан (29 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 30 чэрвеня 2021. Праверана 30 чэрвеня 2021.
  17. Задержали в салоне красоты, всю камеру отправили в карцер. Журналистка Глафира Жук рассказала о 30 сутках на Окрестина (руск.). Наша Ніва (28 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2021. Праверана 30 чэрвеня 2021.
  18. Без вины виноватые. «Белпочта» отсудила у «Народной воли» 100 тысяч рублей (руск.)(недаступная спасылка). ej.by. Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2021. Праверана 28 кастрычніка 2021.