Кечуа (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Народ кечуа)
Кечуа
(Runakuna, Nunakuna)
Агульная колькасць 11 млн
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Амерыка

 Перу — 3500 тыс.
 Эквадор — 2568 тыс.
 Балівія — 2910 тыс.

Мова Мова кечуа
Рэлігія анімізм, політэізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы аймара, каньяры

Ке́чуа (саманазва Runakuna або Nunakuna, літаральна «народ») — паўднёваамерыканскі народ, этнічныя групы індзейцаў, якія размаўляюць на мове кечуа. Жывуць пераважна ў такіх краінах, як Перу, Эквадор і Балівія. Агульная колькасць — каля 11 млн чалавек.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна ў якасці кечуа вызначаюць прадстаўнікоў розных індзейскіх груп, якія размаўляюць на мове кечуа. Аднак мова кечуа славіцца разнастайнасцю гаворак і дыялектаў, так што яе часам прапаноўваюць лічыць моўнай сям'ёй[1] (гл. Генеалагічная класіфікацыя моў). Падобна гэтаму існуе значная рэгіянальная, культурная і гістарычная разнастайнасць паміж групамі кечуа. Сучасныя генетычныя даследаванні выявілі розніцу ў іх паходжанні[2]. Такім чынам праблема фарміравання сучасных кечуа раскрываецца праз генеалогію і распаўсюджанне мовы кечуа.

Андска-ціхаакіянскі рэгіён Паўднёвай Амерыкі — адзін са старажытнейшых, дзе ўзнікла цывілізацыя. Пытанне пра першасныя мовы яе носьбітаў застаецца спрэчным. Мяркуецца, што мова кечуа магла вылучыцца ўжо ў 3 тысячагоддзі да н. э.[3] У наш час існуюць 2 асноўныя гіпотэзы пра месца першапачатковага яе ўжывання[4]:

  • Горныя вобласці Перу вакол Куска
  • Прыбярэжныя раёны паўночнага Перу

Яна пачала распаўсюджвацца за межы свайго паходжання ў выніку міграцый, развіцця гандлёвых і культурных сувязяў каля 2 тысяч гадоў таму[5]. Вядома, што кечуа карысталіся насельнікі Уанка[6]. Пасля ўсталявання дзяржавы інкаў кечуа стала галоўнай мовай імперыі. Нават пасля іспанскага заваявання яна да паўстання Тупака Амару II з’яўлялася лінгва франка на захадзе Паўднёвай Амерыкі, ужывалася гандлярамі, прадстаўнікамі адміністрацыі і касцёла. Засваенне мовы кечуа і разам з ёй — пэўных культурных рыс спрыяла фарміраванню народа кечуа.

Асноўныя групы кечуа[правіць | правіць зыходнік]

Дзяўчынка-кечуа з Куска

У наш час не існуе адзінай класіфікацыі груп кечуа. Яны могуць падзяляцца па краіне і рэгіёну паходжання, дыялекту, гістарычнай тоеснасці і г. д. Толькі ў моўных адносінах вылучаюць каля 46 буйных груп[7].

Найбольш адметнымі сучаснымі культурнымі групамі кечуа з’яўляюцца:

  • Амба-Паска, што насяляюць цэнтральныя горныя раёны Перу. Агульная колькасць (2017 г.) - каля 115 000 чал.[8] Вылучаюцца дзякуючы адзінаму дыялекту. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, здабычай карысных выкапняў. Культура гэтай групы вельмі крэалізавана. Большасць вернікаў — каталікі, якія захоўваюць анімістычныя вераванні[9].
  • Куска — адна з найбуйнейшых груп кечуа. Насяляе рэгіён Куска ў Перу. Налічвае больш за 2 млн чал.[10] Гісторыя фарміравання гэтай групы пачалася болей за 1000 гадоў таму[11]. У перыяд існавання дзяржавы інкаў рэгіён Куска займаў цэнтральнае эканамічнае і палітычнае становішча. Куска захавалі многія традыцыйныя заняткі, фальклор і рамёствы часоў дзяржавы інкаў.
  • Уанка — нашчадкі культуры Уанка (Перу)[12]. Падзяляюцца на паўночную і паўднёвую дыялектныя групы.
  • Кахамарка насяляюць рэгіён Кахамарка ў Перу. Насельніцтва пачало інтэгравацца з узнікненнем цывілізацыі ў 1 тысячагоддзі да н. э.[13] Доўгі час тут захоўваліся іншыя моўныя групы. У нашы дні размаўляюць на 3 асобных дыялектах[14]. Для кахамарка характэрна захаванне тоеснасці не толькі праз мову, але заняткі і вопратку[15].
  • Паўднёвыя балівійцы — адна з найбуйнейшых дыялектных груп, якая налічывае болей за 1,5 млн чалавек[16]. Жывуць у Балівіі і Аргенціне.
  • Кічва — паўночная дыялектная група ў Эквадоры і Перу. Налічвае каля 2,5 млн чал.[17] Мова кечуа была прынята продкамі кічва ў эпоху дзяржавы інкаў і пасля іспанскага заваявання.
  • Інга жывуць на поўдні Калумбіі. Атаясняюць сябе з інкамі[18]. Размаўляюць на паўночным дыялекце інга кічва. Характэрны білінгвізм[19].
  • Каньяры — насельнікі поўдню Эквадора, якія атаясняюць сябе са старажытным народам, што панаваў да заваявання інкаў, аднак размаўляюць на некалькіх дыялектах мовы кечуа.

Выдатныя прадстаўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]