Наўгародскі кодэкс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Першая старонка Наўгародскага кодэкса, 1010 год.
Першая старонка Наўгародскага кодэкса, 1010 год.
Наўгародскі кодэкс. 1010[1]
руск.: Новгородский кодекс
Novgorodskiĭ gosudarstvennyĭ obʺedinennyĭ muzeĭ-zapovednik[d][2][3][…]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Наўгародскі кодэкс (таксама «Наўгародскі псалтыр», паводле тэксту, які чытаецца найбольш надзейна) — найстаражытная кніга Русі, выяўленая ў 2000 годзе ў Ноўгарадзе. Змяшчае поўны тэкст псалмоў 75 і 76 і частку псалма 67, запісаных на стараславянскай мове.

Складаецца з ліпавых дошчачак з чатырма старонкамі (цэрамі), пакрытымі воскам для напісання з дапамогай стыла. Паводле стратыграфічных, радыевугляродных і палеаграфічных звестак, васковы кодэкс выкарыстоўваўся ў першай чвэрці XI стагоддзя і, магчыма, пачынаючы з апошніх гадоў X стагоддзя, так што ён на некалькі дзесяцігоддзяў старэйшы за Астрамірава Евангелле, якое лічылася найстарэйшай на Русі кнігай з дакладна ўстаноўленай датай напісання 1056—1057 гг.

Гісторыя адкрыцця[правіць | правіць зыходнік]

Старонка 1 асноўнага тэксту Наўгародскага кодэкса. Пачатак псалма 75

З 1973 года работы Наўгародскай археалагічнай экспедыцыі, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам акадэміка В. Л. Яніна, былі сканцэнтраваны на раскопе, які атрымаў назву «Троіцкага» (ад размешчанай побач сярэдневяковай царквы). 13 ліпеня 2000 года там у пластах першай чвэрці XI стагоддзі былі выяўлены тры драўляныя (ліпавыя) дошчачкі памерам 19х15х1 см. Кожная дошчачка мае прамавугольнае паглыбленне (15х11,5 см), залітае воскам; на сярэдняй дошчачцы такія паглыбленні зроблены з двух бакоў. У дошчачак ёсць на краях адтуліны, у якія ўстаўлены драўляныя штыры для злучэння іх у адзіны камплект. Такім чынам, драўляная кніга складался з чатырох васковых старонак (цэр). Вонкавыя бакі першай і апошняй дошчачак адыгрываюць ролю вокладак кодэкса.

Цэра захавалася дзякуючы багністаму месцу, ва ўмовах якога яна заставалася каля 1000 гадоў.

Датаванне Наўгародскага кодэкса (Псалтыра) вызначаецца ў першую чаргу па тым, што ён ляжаў у паўметры ад краю і на 30 см ніжэй за зруб, які атрымаў надзейную дэндрахраналагічную дату: 1036 год. Гэта верхняя граніца імавернага часу, калі дошчачкі патрапілі ў зямлю. Ніжняй храналагічнай граніцай стварэння кодэкса можна лічыць хрышчэнне Русі ў 988 годзе. Ва Упсальскім універсітэце зроблены радыевугляродны аналіз воску, які з імавернасцю 84 % паказвае на 1015 год ± 35 гадоў.

Больш раннімі славянскімі датаванымі дакументамі з'яўляюцца толькі некаторыя старажытнабалгарскія і харвацкія надпісы Х стагоддзя, аднак іх нельга аднесці да катэгорыі «кнігі». Наўгародскі псалтыр — самы ранні помнік рускай версіі царкоўнаславянскай мовы і самая старажытная з кніг старажытнай Русі, што дайшлі да нашага часу.

Першасную рэстаўрацыю кнігі выканаў У. І. Паветкін.

Псалмы[правіць | правіць зыходнік]

На самым воску кодэкса засталіся псалмы 75 і 76 (а таксама маленькая частка псалма 67); гэта так званы «асноўны тэкст» Наўгародскага кодэкса, па якім помнік часта называецца Наўгародскім Псалтыром. Гэты тэкст чытаецца лёгка і без асаблівых цяжкасцей і адразу стаў даступны для даследавання. У сваёй аснове мова перакладу псалмоў — правільная стараславянская, аднак з невялікай колькасцю памылак у перадачы юсаў, якія выдавалі ўсходнеславянскае паходжанне пісца. Паводле меркавання А. М. Собалева, у палеаграфічным і арфаграфічным плане тэкст блізкі да надпісаў на свінцовых амулетах X—XI стст. з тэрыторыі паўночна-ўсходняй Балгарыі і Румыніі, у той час як тэксталагічна пераклад адлюстроўвае трохі іншую традыцыю, чым найстаражытнейшы з тых, што дайшлі да нашага часу, стараславянскі Сінайскі псалтыр. Пытанне аб паходжанні гэтай традыцыі дыскусійнае, але, верагодна, менавіта яна дала пачатак тэксту Псалтыра, запісанаму ў пазнейшых помніках уласна ўсходнеславянскага паходжання. Тэкст псалмоў (як і схаваныя тэксты, пра якія ніжэй) напісаны па так званай аднаеравай сістэме, пры якой замест літары ь выкарыстоўваецца ъ.

У плане лінгвістычных асаблівасцей помніка найбольш паказальныя менавіта тэксты псалмоў, таму што ў схаваных тэкстах многія літары (ад інтэрпрэтацыі якіх залежыць наяўнасць той ці іншай моўнай з'явы) чытаюцца неадназначна.

Схаваныя тэксты[правіць | правіць зыходнік]

Апроч асноўнага тэксту, А. А. Залізняк паведаміў пра «рэканструкцыю» часткі папярэдніх («схаваных») тэкстаў па адбітках і драпінах стыло на драўляных дошчачках пад воскам. Паводле яго слоў, праблема аднаўлення гэтых тэкстаў заключаецца перш за ўсё ў тым, што адзін на аднаго наклаліся вельмі слабыя адбіткі дзясяткаў тысяч літар, якія ледзь адрозніваюцца ад выпадковых рысак і расколін на дрэве. (А. А. Залізняк гаворыць пра «гіперпалімпсест».)

Некаторыя навукоўцы (К. Станчаў, Д. М. Буланін) выказвалі сумненні ў магчымасці існавання «схаваных тэкстаў» і ў магчымасці іх прачытання.

Сярод «схаваных тэкстаў» прачытаны зацёрты надпіс, у якім гаворыцца, што ў 999 годзе манах Ісаакій быў пастаўлены папом у Суздалі ў царкве Святога Аляксандра-армяніна[крыніца?]. Паводле меркавання А. А. Залізняка, манах Ісаакій быў аўтарам Наўгародскага кодэкса і належаў да ерэтычнага рэлігійнага кірунку.

К 2004 году А. А. Залізняк аднавіў наступныя «схаваныя тэксты»:

  • мноства псалмоў, напісаных шмат разоў
  • пачатак Апакаліпсіса Іаана Багаслова
  • пачатак перакладу трактата «Аб цноце» Іаана Залатавуста (славянскі пераклад гэтага тэксту яшчэ не быў вядомы)
  • мноства напісанняў азбукі, у двух варыянтах: кароткім (а б в г д е ж ѕ з и ї к л м н о п р с т ѹ ф х ц ч ш щ ѿ) і поўным (а б в г д е ж ѕ з и ї к л м н о п р с т ѹ ф х ц ч ш щ ѿ ъ ѣ ѫ ѭ ю ia ѧ ѿ), а таксама з пералікам назваў літар (азъ бѹкы вѣдѣ глаголи…)
  • тэтралогія «Ад язычніцтва да Хрыста» (умоўная назва А. А. Залізняка): невядомыя дагэтуль тэксты «Закон Майсееў», «Размаряющие и размиряющие», «Архангел Гаўрыіл», «Закон Ісуса Хрыста»
  • фрагмент невядомага тэксту «Аб патаемнай царкве збавіцеля нашага Ісуса Хрыста ў Лаадыкіі мірлікійскай і аб Лаадыкійскай малітве госпада нашага Ісуса Хрыста»
  • фрагмент невядомага тэксту «Паданне апостала Паўла аб тайным пацерыку Майсеевым…»
  • фрагмент невядомага тэксту «Аб дараванні грахоў настаўленне ад Аляксандра ад роду лаадыкійскага…»
  • фрагмент невядомага тэксту «Духоўнае настаўленне ад бацькі і ад маці да сына»
  • запіс «Въ лѣто ҂ѕ҃ф҃з҃ азъ мънихъ исаакии поставленъ попомъ въ сѹжъдали въ цръкъве свѧтаго александра арменина…» («В 6507 [гэта значыць 999] году я, монах Исаакий, стал иеромонахом в Суздале, в церкви Св. Александра Армянина…»); спалучэнне ҂ѕ҃ф҃з҃ (лік 6507) яшчэ шмат разоў паўтараецца на борціках кодэкса, так што можна меркаваць, што пісец і ёсць той самы манах Ісаакій, тым больш, што ў яго мове не выяўляецца тыповых наўгародскіх рыс.

Наяўнасць невядомых дагэтуль сачыненняў сярод «схаваных тэкстаў» Наўгародскага кодэкса было растлумачана тым, што пісец належаў да хрысціянскай абшчыны (магчыма, дуалістычнай, блізкай да багамільства), якую хрысціянская («кафалічная», «усеагульная», «саборная») царква перамагла і абвясціла ерэтычнай, так што гэтыя тэксты пасля выцяснення секты больш не перапісваліся, і хрысціянская царква сцерла з гістарычнай памяці амаль усе сляды існавання гэтай ерасі. Асабліва паказальны фрагмент з «Духоўнага настаўлення ад бацькі і ад маці да сына»:

Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве еретикы.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы неразѹмъны.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы непокоривы.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы непорочъны.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы невиновъны.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы непрѣломъны.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы недостоины такоѩ кары.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы недостойны такого отълѫчения.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы прѣчистыѩ вѣры.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы достоины хвалы.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы достоины прославления.
Миръ естъ градъ въ немъ же отълѫчаѭтъ отъ цръкъве чловѣкы неотъстѫпъны отъ правыѩ вѣры х҃совы.

Існуе таксама версія (А. А. Аляксееў), што гэтыя «схаваныя тэксты» (ці прынамсі іх частка) не звязаны з сур'ёзнай ідэалогіяй, а ўяўляюць сабой літаратурную гульню, узоры якой вядомыя ў заходнееўрапейскай манаскай культуры (лац.: joca monachorum). У гэтым выпадку гаворка павінна ісці пра вельмі высокі ўзровень славянскай кніжнай культуры, здольнай на такія гульні.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. https://vja.ruslang.ru/sites/default/files/articles/2001/5/2001-5_3-25.pdf#page=3
  2. https://novgorod-iss.kamiscloud.ru/entity/OBJECT/229367
  3. https://novgorod-iss.kamiscloud.ru/entity/OBJECT/228472