Багамілы
Багамі́лы, багумілы — адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрапейскага сярэднявечча.
Назва паходзіць, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балгарскага святара Багаміла.
Узніклі ў Х ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У XI ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў Малой Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўэніклі секты катараў і альбігойцаў. У XIII ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т.л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У XIV ст. існавалі і на Афоне.
Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі бьіў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысціянскую царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі.
Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці.
Барацьба з багамільствам пачалася з Х ст. У ХІ ст. ў Канстанцінопалі спалены лідар іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідары багамілаў і іх кнігі. У 1237 Папа Рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нацыянальную рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да XVIII ст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дубянецкая І. Багамілы // БелЭн у 18 т. Т. 2. Мн., 1996.
- Obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948.
- Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.
Для паляпшэння артыкула пажадана |