На вёсцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
На вёсцы
Жанр ідылія
Аўтар Францішак Аляхновіч
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1916
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

На вёсцы — п’еса беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў 1916 годзе і надрукаваная ў «Беларускім жыцці» ў 1919 годзе.

Жанр гэтай п’еса аўтар вызначыў як «ідылічны абразок»[1]. У гэтым творы аўтар адным з першых у беларускай драматургіі паспрабаваў разабрацца, як уплывае горад на колішняга вяскоўца, як разбешчвае яго і маральна, і фізічна[2].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Твор выбудоўваецца на традыцыйным любоўным трохвугольніку. Сяковы пастух Стасюк кахае простую дзяўчыну Ганульку. Кахае без узаемнасці. Сам жа Стасюк падабаецца цыганцы Анэльцы. Ганулька едзе ў горад, становіцца пакаёўкай, а па вяртання заяўляе свайму паклонніку, што іхнія дарогі не могуць сыйсціся, бо яна цяпер стала іншай, не мужычкай, як раней, а паненкай, і сам Стасюк ужо ёй не пара. Пасля такіх словаў Стасюк быў хацеў скончыць жыццё самагубствам, але ў каханні яму прызналася Анэлька.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» крытыкаваў аўтара за няведанне псіхалогіі селяніна:

Як вядома, Аляхновіч — жыхар места; да дзесяцёх гадоў жыцця ён навет ніколі не бачыў вёскі. Ніколі доўга ў вёсцы ён не жыў; псіхологіі селяніна не ведае. Нядзіва, што сяляне ў яго п’есах гавораць такою самаю моваю, што і антокальскія мяшчане-рамеснікі ці беларускія інтэлігенты-адраджэнцы[3].

У. Ковель адзначае, што «з сцэнічага боку гэты твор быў напісаны добра, але ў ім яўна адчувалася дакучлівае маралізатарства, ідэалізацыя вясковага жыцця — асаблівасці і матывы, якія не атрымалі працягу і развіцця ў пазнейшай творчасці драматурга — тонка псіхалагічнай і інтэлектуальнай»[4].

Зноскі

  1. Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 542. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
  2. Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 8. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8.
  3. Гарэцкі, М. На вёсцы // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 195—196.
  4. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя. У 4 т. Т. 1. 1901—1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т. літ. імя. Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — С. 339. — 583 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • На вёсцы. Ідыльлічны абразок у 2-х актах // Беларускі тэатр: Сцэнічныя творы. Вільня: Бел. выд. т-ва, 1928. С. 35-42.