Папараць-кветка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Папараць-кветка на памятнай манеце Нацыянальнага банка Беларусі

Папараць-кветка — у беларускай міфалогіі чароўная расліна, якая надавала чалавеку магічныя якасці: ён пачынаў разумець мову жывёл і дрэў, бачыць скрозь зямлю схаваныя скарбы, лячыць людзей ад розных хвароб, ведаць будучыню і інш. Кветка быццам з'яўляецца ў купальскую ноч.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле павер'яў, у купальскую ноч трэба было выйсці ў лес аднаму, без факела, без ліхтара (у некаторых паданнях, нават босым ці наогул без адзення). Трэба было зайсці ў такія лясныя нетры, з якіх не чутно нават пеўняў і сабак з роднай вёскі. Кажуць, што папараць-кветка зіхаціць у цемры. Трэба было параніць далонь, сціснуць у гэтай далоні кветку і скіравацца дадому. Нячыстая сіла будзе гаманіць, раўці, пужаць, але не трэба азірацца. Атрымаўшы папараць-кветку, чалавек набудзе здольнасць бачыць тое, што іншым нябачна, стане мудрым.

Здаралася, што над кветкай малявалі хрэсцік, які абазначаў таемны скарб, а знізу пеўня, які сімвалізаваў поўнач.

Гістарычныя згадкі[правіць | правіць зыходнік]

У беларускіх летапісах і іншых дакументах згадваюцца слыхі ці паданні пра рэальных людзей, якія быццам бы знайшлі ці шукалі папараць-кветку.

  • У «Аповесці мінулых часоў» апісваюцца язычніцкія звычаі радзімічаў, крывічоў і вяцічаў, якія сходзяцца на святочныя танцы і гульні, а потым ідуць у лясныя нетры шукаць «цвет от папороти на чудесы влхвески».
  • Грыгорый Цамблак піша ў 14 стагоддзі пра пошукі папараць-кветкі як пра грэшны, язычніцкі звычай.
  • У 1507 годзе Сава Здрок выправіўся шукаць папараць-кветку і загінуў у балоце.
  • 13 ліпеня 1519 года ў Слонімскім судзе разглядалася скарга: у Сеўрука была папараць-кветка, якую адабралі паны Багдан Касцевіч і Мікель Фалкоўскі. Калі суд патрабаваў у іх вярнуць кветку, тыя адказалі, быццам дзесьці яе згубілі. Тады суд пастанавіў заплаціць пацярпеламу Сеўруку 12 «залатых чарленых».
  • Прыпіска на палях аднаго з «Аль-кітабаў» (1565 год) сведчыць, быццам нейкі Рамдрак Дзямфіровіч знайшоў папараць-кветку і мог з яе дапамогаю шукаць падземныя скарбы. Але, калі спусціўся з нейкае падзямелле, яго задушылі «джыны лукавыя».

Тлумачэнне[правіць | правіць зыходнік]

Марка Украіны з папараць-кветкай, пасвечаная купалаўскаму святу. 1997

Павер'е магло мець рэальную падставу. Папараць ніколі не квітнее, але яе споры часам выпраменьваюць маленькае свячэнне. Гэта адносіцца толькі да рэдкай каралеўскай папараці, якой сёння ў Беларусі амаль не засталося — яна захавалася, у прыватнасці, у Беларвежскай пушчы і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Папараць-кветка з’яўляецца сімвалам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

У 1917 годзе ў Слуцку створана «Папараць-Кветка» — беларускае культурна-асветнае таварыства, якое мела 3 сэкцыі: краязнаўчую, літаратурную і драматычна-харавую. Таварыства выступала за прапаганду беларускай мовы, культуры і мастацтва. У 1920 годзе ў складзе таварыства налічвалася больш за 300 чалавек.

Папараць-кветка ў літаратуры і мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Папараць-кветка сустракаяцца ў беларускіх казках, легендах і песнях. Да легенды звярталіся Мікалай Гогаль («Вечар перад Іванам Купалай»), Юзаф Крашэўскі («Кветка папараці»), Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала («У купальскую ноч», «Курган»), Якуб Колас («Ночь, калі папараць цвіце»), Міхась Чарот («На Купалле»), Францішак Аляхновіч (дзіцячая п’еса «Папараць-кветка», 1916), Канстанцыя Буйло («Кветка папараці»), Уладзімір Караткевіч («У тую ноч», п’еса «Калыска чатырох чараўніц»). Шмат гадоў ідзе на сцэне Театра юнага глядача п’еса Івана Козела «Папараць-кветка» (1957) у пастанове рэжысёра Любові Мазалеўскай. У пастанове рэжысёра М. Сокала у 2015 годзе адбыўся першы паказ мюзікла «Папараць-кветка». На адной з вуліц Мінска знаходзіцца скульптурная кампазіцыя Анатоля Анікейчыка «Папараць-кветка» (1967). Па лібрэта Вольгі Барысевіч, Пятруся Броўкі і Пятруся Глебкі кампазітарам Аляксеям Туранковым напісана опера «Кветка шчасця» (1940). У выяўленчым мастацтве вобраз папараць-кветкі сустракаецца ў карцінах Ганны Сілівончык, вялікі габелен Галіны Крываблоцкай «Папараць-кветка» вісіць ў палацы культуры Навагрудка. Вядомы цыкл фотаработ Вольгі Сяргеевай і Альберта Цэхановіча «У пошуках папараць-кветкі».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]