Перайсці да зместу

Вайна караля Філіпа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ілюстрацыя да падзей вайны караля Філіпа. Малюнак 1876 г.

Вайна караля Філіпа (англ.: King Philip's War) — буйны ўзброены канфлікт паміж алганкінамі ўсходняй часткі Паўночнай Амерыкі і англійскімі каланістамі ў 16751678 гг.

У 16201630 гг. на ўсходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі былі заснаваны англійскія Плімуцкая калонія, калонія Масачусецкага заліва і Вірджынская калонія. З самага пачатку адносіны паміж каланістамі і мясцовымі алганкінскімі плямёнамі мелі супярэчлівы характар. Плімуцкая калонія была заснавана на землях канфедэрацыі вампаноаг, саслабленай эпідэміяй і вайной з суседнім народам нарагансет. Вярхоўны правадыр вампаноаг Масасойт заключыў з каланістамі саюз. Ён уключаў дапамогу з боку індзейцаў ва ўладкаванні на новым месцы, а таксама перадачу каланістам 12 тысяч акраў зямлі на землях, што сталі малалюднымі пасля эпідэміі. Гэта дапамога мела вялікае значэнне для выжывання калоніі.

З другой паловы 1630-х гг. сітуацыя ў Плімуцкай калоніі і калоніі Масачусецкага заліва пачала мяняцца на карысць каланістаў. Іх колькасць стала павялічвалася, у той час як алганкіны працягвалі выміраць з-за завезеных захворванняў. У 1632 г. плімуцкія каланісты здолелі абараніць вампаноаг ад нарагансет. У 16371638 гг. масачусецкія каланісты перамаглі ваяўнічае племя пеквот. Пасля гэтага правадыры канфедэрацый пачалі заключаць з імі дамовы, якія часцяком уключалі перадачу ці магчымасць перадачы зямель. Пратэстанцкія місіянеры праводзілі актыўную працу сярод тубыльцаў. Паступова сярод вампаноаг расла незадаволенасць. Яна была выказана Масасойтам у прапанове місіянерам спыніць свабоднае перамяшчэнне каланістаў на індзейскія землі. Суседнія алганкінскія плямёны таксама былі незадаволены парадкам, які вёў да перасялення каланістаў на іх тэрыторыі, увядзеннем еўрапейскіх звычаяў і законаў, уцягваннем іх у традыцыйныя канфлікты, узвышэннем плямён, што станавіліся блізкімі саюзнікамі, накшталт моэган, грэбаваннем мясцовымі звычаямі і культурай, з’яўленнем свойскай жывёлы, што губіла апрацаваныя індзейскія надзелы, і г. д.

Акрамя таго, у вайны караля Філіпа меліся важныя знешнія абставіны. Па-першае, на ўсходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі таксама існавалі французскія і галандскія калоніі (гл. Новая Францыя, Новыя Нідэрланды). Паміж імі і англійскімі каланістамі захоўвалася моцная канкурэнцыя.

Па-другое, да з’яўлення еўрапейцаў у гэтым рэгіёне адбывалася хуткая экспансія іракезаў. Яны разглядаліся алганкінамі як галоўныя ворагі. Іракезы традыцыйна падтрымлівалі шчыльныя сувязі з галандцамі. У сярэдзіне XVII ст. адміністрацыі англійскіх калоній імкнуліся перацягнуць іх на свой бок, у тым ліку праз продаж таннай агнястрэльнай зброі, якая потым выкарыстоўвалася супраць алганкінаў.

Па-трэцяе, назіраўся крызіс гандлёвых адносінаў паміж прыбярэжнымі плямёнамі і перасяленцамі. Англійскія гандляры цікавіліся пераважна футрам, аднак колькасць футравых жывёл пасля першых гадоў інтэнсіўнага гандлю знізілася. Футра закупалася ва ўнутраных кантынентальных раёнах, у той час як прыбярэжныя плямёны былі вымушаны расплочвацца зямельнымі надзеламі.

Падрыхтоўка да ваенных дзеянняў

[правіць | правіць зыходнік]

У 1643 г. Плімуцкая калонія і калонія Масачусецкага заліва арганізавалі канфедэрацыю Новай Англіі. Яна прадугледжвала сумесную абарону і сумеснае ваеннае камандаванне.

У 1662 г. вярхоўным правадыром вампаноаг стаў Метакомет, малодшы сын Масасойта. Сярод каланістаў ён быў вядомы як кароль Філіп. Метакомет прытрымліваўся многіх еўрапейскіх звычаяў і меў знаёмствы сярод уплывовых каланістаў, аднак імкнуўся адрадзіць уплыў сваёй канфедэрацыі. Ён заключыў некалькі ваенных саюзаў з суседнімі плямёнамі, акрамя таго, назапашваў агнястрэльную зброю. У 1671 г. улады Плімуцкай калоніі абвінавацілі Метакомета ў варожым настроі і прымусілі падпісаць мірны дагавор у Тонтане, што ўключаў здачу агнястрэльнай зброі.

У 1674 г. Джон Сасамон, хрысціянін індзейскага паходжання паведаміў адміністрацыі Плімуцкай калоніі пра падрыхтоўку паўстання з боку прыхільнікаў Метакомета. У 1675 г. ён быў забіты. Адміністрацыя калоніі арыштавала 3 воінаў-вампаноаг, абвінаваціла іх у забойстве і 8 чэрвеня пакарала смерцю. Метакомет арганізаваў вялікую раду вампаноаг, на якой прысутнічалі прадстаўнікі іншых плямён. Яна прыняла рашэнне пачаць ваенныя дзеянні супраць каланістаў.

Ход ваенных дзеянняў

[правіць | правіць зыходнік]
Метакомет, або кароль Філіп. Малюнак 1772 г.

Хаця колькасна вампаноаг значна саступалі каланістам (на той момант мелася не болей за 1000 мужчын-воінаў супраць 35 000 каланістаў), яны мелі досвед вайны ў перасечанай мясцовасці і падтрымку або нейтралітэт суседніх плямён, былі лепей арганізаваны. Таму ў першы перыяд ваенных дзеянняў паўстанцы атрымалі значную перавагу.

20 чэрвеня 1675 г. Метакомет арганізаваў напад на памежнае паселішча каланістаў Суонсі і пакараў смерцю ўсіх яго жыхароў. Гэта стала сігналам для саюзнікаў, якія накіроўвалі ў падтрымку Метакомету па 1000 воінаў. Акрамя таго, нейтральныя плямёны аказвалі дапамогу харчам і неабходнымі прыпасамі. У адказ добраахвотнікі калоніі Масачусецкага заліва зрабілі напад на вампаноаг. Яны спустошылі некалькі часовых вёсак і захапілі рэзідэнцыю Метакомета, аднак індзейцы здолелі сысці ад пераследу праз балота. Пасля гэтага ваенныя дзеянні прынялі жорсткі характар. Саюзнікі Метакомета нападалі на каланіяльныя паселішчы. Асабліва пацярпелі сялянскія сядзібы ўздоўж ракі Канектыкут. Арганізоўваліся паспяховыя засады супраць узброеных каланістаў-добраахвотнікаў.

5 кастрычніка індзейцы захапілі паселішча Спрынгфілд і забілі палову яго жыхароў. Сярод англійскіх перасяленцаў пачалася паніка. Яны пакідалі занятыя тэрыторыі і хаваліся ў прыбярэжных крэпасцях. У лістападзе адміністрацыя Плімуцкай калоніі абвінаваціла нейтральных нарагансет у дапамозе вампаноаг. 19 снежня англійскае апалчэнне першым зрабіла напад на ваенны лагер нарагансет у Род-Айлендзе, аднак большасць дарослых воінаў збегла, аставіўшы толькі старых і дзяцей. Далучэнне ваяўнічых нарагансет да паўстання яшчэ больш саслабіла становішча англічан.

Узімку 16751676 гг. індзейцы працягвалі напады на памежныя паселішчы. У лагеры Метакомета стала знаходзілася каля 2 000 воінаў. Як высветлілася, вампаноаг не мелі дастаткова прыпасаў для іх харчавання, таму адчувалі голад. Індзейцы аддавалі перавагу нападам на невялікія сельскагаспадарчыя паселішчы, дзе маглі захапіць правіянт. Аднак каланісты пакідалі іх разам з маёмасцю. Усяго пакінулі 19 паселішчаў. Нарагансет і іншыя саюзнікі Метакомета атакавалі нават прыгарады Бостана. Найбольш паспяховым аказаўся напад Метакомета ў лютым на некалькі пурытанскіх вёсак у Ланкастэры, чые жыхары апынуліся непадрыхтаванымі і амаль не аказалі супраціўлення. У сакавіку 1676 г. аб’яднаныя сілы індзейцаў зрабілі некалькі рэйдаў углыб Плімуцкай калоніі.

У 1675 г. улады Англіі не аднесліся сур’ёзна да пагрозы індзейскага паўстання. Узімку калоніі былі амаль адрэзаны ад іншых англійскіх тэрыторый з-за штармоў, таму не атрымлівалі дастатковую дапамогу. Увесну 1676 г. сітуацыя змянілася на карысць каланістаў. Спробы Метакомета весці перамовы з іракезамі скончыліся беспаспяхова. З-за забойства некалькіх сваіх суайчыннікаў алганкінамі-саюзнікамі Метакомета яны адмовіліся ўступаць у вайну з англічанамі. Магаўкі нават хапалі ў палон алганкінаў-бежанцаў. На баку англічан засталіся моэган і многія індзейцы-хрысціяне.

12 чэрвеня 1676 г. каланісты пры дапамозе моэган здолелі спыніць напад на Хэдлі і рассеяць атрад саюзнікаў вампаноаг. Праз некалькі тыдняў яны разбілі атрад з 250 індзейцаў. Гэтая падзея азнаменавала пераход каланістаў у наступ. Яны арганізоўвалі рэйды на месцы часовых алганкінскіх вёсак, знішчалі пасевы, захоплівалі ў палон жанчын і дзяцей. Тыя алганкіны, хто добраахвотна здаваўся ў палон ці абвяшчаў сябе нейтральным, звычайна не пераследваліся. Але астатніх каралі смерцю, а чальцоў іх сем’яў прадавалі ў рабства. Да пачатку ліпеня каля 400 алганкінаў здаліся ў палон. 12 жніўня 1676 г. падчас бою пад Маўнт-Хоўп быў забіты, а потым чвартаваны Метакомет.

Хаця ваенныя дзеянні скончыліся ў 1676 г., мірны дагавор паміж усходнімі алганкінамі і англійскімі перасяленцамі быў заключаны толькі ў 1678 г.