Органы мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Органы мовы — органы чалавека, пры дапамозе якіх утвараюцца гукі мовы. Моўны апарат уяўляе сабой акустычную сістэму, дзеянне якой пры вымаўленні рэгулюецца вышэйшай нервовай сістэмай пад кантролем органаў слыху.

Органы мовы ўключаюць тры вялікія блокі: дыхальны апарат, гартань і надгартанныя поласці. Усе яны, акрамя галасавых звязак, выконваюць найперш фізіялагічныя функцыі. Утварэнне моўных гукаў з'яўляецца іх другаснай функцыяй, невядомай іншаму жывёльнаму свету.

Дыхальны апарат складаецца з лёгкіх, бронхаў і дыхальнага горла (трахеі). З'яўляючыся энергетычнай сістэмай для ўтварэння гукавых хваль (ваганняў паветра), ён адначасова забяспечвае плынь паветра ў моўным апараце, стварае збыткоўны паветраны ціск. 3 дапамогай мускулатуры бронхаў, а таксама дыяфрагмы і рэбраў, якія забяспечваюць сцісканне і расшырэнне бронхаў і грудной клеткі, лёгкія то засмоктваюць паветра на ўдыханні, то яго выціскаюць з сябе (на выдыханні). У час вымаўлення ўдыханне з'яўляецца больш кароткім, а выдыханне больш працяглым па часе, чым пры звычанным дыханні, бо гукі ўтвараюцца, як правіла, на выдыханні.

Гартань — орган, які складаецца з рухомых храсткоў, што забяспечваюць нацяжэнне галасавых звязак — эластычнай мышачнай тканкі і адкрыццё галасавой шчыліны. Дзякуючы рознаму нацяжэнню галасавых звязак утвараецца трохвугольная шчыліна, якая то закрываецца, то адкрываецца. У выніку на выхадзе гартані ўзнікае ваганне паветра, якое ўспрымаецца як гук.

Вышэй галасавых звязак знаходзіцца поласць глоткі, насавая і ротавая поласці. Выйсце ў насавую поласць адкрываецца і закрываецца мяккім паднябеннем, а ротавая поласць можа перакрывацца языком або губамі. Гэтыя поласці служаць рэзанатарамі, якія ўзмацняюць асобныя частоты гукавой хвалі, утворанай у гартані. У сувязі з гэтым першасны гук значна змяняецца, набываючы тыя якасці, якія і ўспрымаюцца як гукі мовы.

Поласць глоткі ўтвараюць надгартаннік і корань языка. Задняя сценка ахопліваецца трыма петлепадобнымі мышцамі, якія сціскаюць глотку пры заглынанні ежы. У гэты час надгартаннік закрывае праход у гартань, каб ежа не трапіла ў дыхальныя шляхі. Памер глотачнага рэзанатара пры гукаўтварэнні рэгулюецца коранем языка, надгартаннікам і петлепадобнымі мышцамі задняй сценкі глоткі. Калі адбываецца поўнае змыканне гэтых органаў, утвараецца гартанная змычка, якая стварае так званы цвёрды прыступ галосных. Пры звужэнні ўтвараецца фарынгальны [ґ].

Найважнейшую ролю ў гукаўтварэнні адыгрывае поласць рота. Яна ўтвараецца зубамі, цвёрдым і мяккім паднябеннем, ніжняй сківіцай і сценкамі шчок. У ёй размешчаны самы рухомы моўны орган — язык. Аб'ём гэтай поласці мяняецца дзякуючы ніжняй сківіцы і языку. Язык — мышачнае ўтварэнне, якое з'яўляецца як бы патаўшчэннем ніжняй часткі ротавай поласці. Задняя частка языка, што размешчана ў глотцы, называецца коранем. Паверхня самога цела языка называецца спінкай. Спінка падзяляецца на пярэднюю, сярэднюю і заднюю часткі. Дзякуючы сваёй рухомасці язык адыгрывае дваякую ролю. Пры вымаўленні адных гукаў (галосныя, губныя) ён падзяляе ротавую поласць на дзве падполасці, якія дзейнічаюць як рэзанатары. Пры вымаўленні іншых акрамя фарміравання рэзанатараў язык стварае поўную (змычка) або частковую (шчыліна) перашкоду, якія з'яўляюцца крыніцай гуку.

У адпаведнасці з падзелам спінкі языка і нерухомае верхняе паднябенне падзяляецца на пярэднюю, сярэднюю і заднюю часткі. Самая крайняя частка верхняга паднябення, у якой знаходзяцца карані зубоў, называецца альвеалярным бугром. Верхнія і ніжнія зубы, як і паднябенне, з'яўляюцца нерухомымі органамі і адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні гукаў.

Актыўную ролю ў гукаўтварэнні адыгрываюць губы. Узаемадзеяннем з верхнімі зубамі яны ствараюць крыніцу шуму для [в], [в'], [ф], [ф'], а ўзаемадзеяннем паміж сабою ствараюць поўную перашкоду (змычку) пры вымаўленні [б], [б'], [м], [м'] або дадатковы рэзанатар і рэгулююць велічыню выхаду з ротавай поласці пры ўтварэнні [о], [у], [ў].

Насавая поласць з'яўляецца нязменным паводле аб'ёму рэзанатарам, які ўключаецца пры ўтварэнні насавых гукаў [м], [м'], [н], [н']. Праход гукавой хвалі ў яе адкрываецца і закрываецца мяккім паднябеннем, якое заканчваецца язычком.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Падлужны А. І. Органы мовы // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9