Галосныя
| Пярэднія | Сярэднія | Заднія | |
|---|---|---|---|
| Верхнія | |||
| Ненапруж. верхнія | |||
| Сяр.-верхнія | |||
| Сярэднія | |||
| Сяр.-ніжнія | |||
| Ненапруж. ніжнія | |||
| Ніжнія |
Гало́сныя — гукі чалавечай мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота[1].
У акустычных адносінах галосныя гукі — музычныя тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны, у залежнасці ад формы, якую маюць рэзанатары (поласці рота і глоткі) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія называюцца характэрнымі тонамі галоснага — фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго.
Сістэма галосных гукаў мовы называецца вакалізмам.
Агульныя ўмовы ўтварэння
[правіць | правіць зыходнік]Агульныя анатама-фізіялагічныя ўмовы ўтварэння галосных: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-небудзь значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню фрыкацыйнага шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення.
Крыніцай гуку пры ўтварэнні галосных з’яўляюцца перыядычныя ваганні паветра, якія ўзнікаюць у выніку дзеяння галасавых звязак. Асноўную ролю пры ўтварэнні галоcных выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне, якія ствараюць пэўныя формы рэзанатараў, якія і абумоўліваюць адрозненні паміж галоснымі. Вядомая практычная дэманстрацыя гэтага — падрыхтавацца вымаўляць галосны гук і пашчоўкаць па шчацэ. Узніклы гук будзе нагадваць тэмбрам спадзяваны галосны.[2].
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]
Найбольш зручнай навуковай класіфікацыяй галосных гукаў прынята лічыць анатама-фізіялагічную ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў.
Неабходнасцю пры апісанні галосных з’яўляецца апісанне становішча (формы) языка, спецыфічнага для канкрэтнага галоснага, таму што рухі языка цалкам вызначаюць форму ротавай поласці. Такая форма языка з’яўляецца крывой, часта складанай. Дзеля спрашчэння апісання ўказваюць толькі найвышэйшы пункт пад’ёму спінкі языка, што дазваляе прыблізна вызначыць і ўсю яго форму.
Рад галоснага
[правіць | правіць зыходнік]Найвышэйшы пункт пад’ёму языка пры артыкуляцыі можа знаходзіцца ў пярэдняй, сярэдняй, задняй частках ротавай поласці. Адпаведна, галосны можа належаць да пярэдняга, сярэдняга ці задняга рада.
Пад’ём галоснага
[правіць | правіць зыходнік]Пры артыкуляцыі язык можа высока падымацца да паднябення, пры гэтым ніжняя сківіца апускаецца вельмі нязначна, шчыліна паміж зубамі вельмі вузкая. Галосныя, утвораныя пры такім становішчы языка, называюцца галоснымі верхняга пад’ёму, часам таксама закрытымі ці вузкімі.
Таксама язык можа падымацца вельмі нязначна, у параўнанні з нейтральным становішчам, праход паміж языком і паднябеннем тады шырокі, ніжняя сківіца значна апускаецца, шчыліна паміж зубамі шырокая. Галосныя, утвораныя пры такім становішчы языка, называюцца галоснымі ніжняга пад’ёму, таксама адкрытымі ці шырокімі.
Галосныя, утвораныя пры прамежкавым пад’ёме языка, — галосныя сярэдняга пад’ёму.
Агубленасць (лабіялізацыя)
[правіць | правіць зыходнік]Паводле ўдзелу губ пры артыкуляцыі вылучаюць[4]:
- лабіялізаваныя (агубленыя) галосныя гукі, ва ўтварэнні якіх удзельнічаюць губы. Губы выцягваюцца ўперад у выглядзе вузкай трубачкі.
- нелабіялізаваныя (неагубленыя) галосныя гукі, якія ўтвораныя без удзелу губ.
Назалізацыя
[правіць | правіць зыходнік]У залежнасці ад стану мяккага паднябення галосныя гукі падзяляюцца на[4]:
- ротавыя, ці неназалізаваныя;
- насавыя, ці назалізаваныя, якія ўтвараюцца пры апусканні мяккага паднябення (ѫ, ѧ ў стараславянскай мове, ą, ę ў польскай мове, [ɑ̃], [ɛ̃] у французскай мове).
Дыяграма галосных
[правіць | правіць зыходнік]Кожны галосны характарызуецца дзвюма каардынатамі вышэйшага пункта языка: месцам на гарызантальнай восі моўнага апарату (рад) і месцам на вертыкальнай восі (ступень пад’ёму, пад’ём). Даследаванні маўлення паказваюць, што ў сукупнасці для ўсіх галосных гэтыя каардынаты ў ротавай поласці займаюць пэўную зону, якую прыблізна можна прадставіць у форме эліпса ці ў больш распаўсюджанай, спрошчанай форме гэтай дыяграмы — трапецыі кардынальных галосных.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Паводле [Падгайскі 1971].
- ↑ [Падлужны 1989, с. 34].
- ↑ Кампаноўка і нумарацыя дыяграм паводле [Падлужны 1989, с. 34].
- 1 2 Галосныя гукі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 468. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Падгайскі Л. П. Галосныя гукі // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 3. Веды — Графік / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — С. 311. — 608 с.: іл., карты.
- Фанетыка беларускай літаратурнай мовы / І. Р. Бурлыка, Л. Ц. Выгонная, Г. В. Лосік, А. І. Падлужны; Рэд. А. І. Падлужны. — Мн. : Навука і тэхніка, 1989. — 335 с. — ISBN 5-343-00292-7.