Перайсці да зместу

Падпольны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Падпольны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну — выданні, якія выпускалі ЦК КП(б)Б, падпольныя абласныя, міжраённыя, раённыя, партыйныя і камсамольскія камітэты, партызанскія фарміраванні на акупіраванай нацыстамі тэрыторыі Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнародныя падзеі.

Першымі падпольнымі выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. 3 канца 1941 у Мінску падпольная група А. А. Маркевіча друкавала лістоўкі, у студзені — жніўні 1942 года — малафарматную газету «Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Значнай з’явай у падпольным друку быў выхад у маі — верасні 1942 года 4 нумароў газета «Звязда» тыражом больш за 10 тыс. экзэмпляраў (адноўлены ў студзені 1943). На тэрыторыі Віцебскай вобласці ў прыфрантавой паласе друкавалася газета «Віцебскі рабочы». У 1942 годзе друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падпольных райкамаў КП(б)Б.

Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15 снежня 1942 года ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снежні 1942 — студзені 1943 года 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. У 1943—1944 гадах пачалі выходзіць абласныя камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодёжная правда» Вілейскага падпольнага абкамаў ЛКСМБ.

Паліторганы партызанскіх фарміраванняў, у т.л. партызанскія брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты.

У 1942—1943 гадах выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 160 газет.

«Раздавім фашысцкую гадзіну»

3-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падпольных газет вагаўся ад некалькіх сотняў да тысячы і больш экзэмпляраў, розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырвонай Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партызанскіх фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў савецкім тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», часопіс «Беларусь». У падпольных газетах часта друкаваліся надзённыя творы беларускіх пісьменнікаў.

  • Г. Л. Напрэеў. Друк падпольны ў Вялікую Айчынную вайну // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Адамовіч В. С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн.,1975;
  • Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р. В., Сачанка І. І., Говін С. В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.