Пан (зварот)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пан — ветлівая форма звароту ў Польшчы, Славакіі, Беларусі і Украіне. У Беларусь слова пан прыйшло з Польшчы[крыніца?] і шырока распаўсюдзілася — так звярталіся адзін да аднаго шляхцічы і незнаёмыя людзі іншых станаў. Слова пан ужываецца ў Беларусі і сёння.

Польская мова[правіць | правіць зыходнік]

Польскае слова «пан» (польск.: pan) ужываецца:

  • адносна асобы надзеленай уладай: «кароль — наш пан» — «Król jest naszym panem»;
  • адносна ўладальніка зямлі, абшарніка;
  • як характарыстыка Бога: «Пан Бог наш» — «Pan Bóg nasz»;
  • як форма ветлівасці: «пан Кавальскі» — «pan Kowalski».

Таксама польскае «пан» мае значэнне «Вы». Аднак у польскай гэты зварот ужываецца не з дзеясловамі II асобы множнага ліку, а з дзеясловамі III асобы адзіночнага ліку: «Вы жывеце ў Мінску?» — «Mieszka Pan w Mińsku?». Ёсць магчымасць ужывання звароту «пан» і з дзеясловамі II асобы адзіночнага ліку (напрыклад, «Mieszkasz pan w Mińsku?»), аднак гэтая форма мае агрэсіўны, абразлівы характар.

Як і ў шмат якіх мовах (напрыклад, англ.: Miss, Mrs), польская форма ветлівага звароту ў жаночым родзе мае дзве формы:

  • пані (польск.: pani) — ужываецца адносна замужніх жанчын;
  • панна (польск.: panna) — ужаваецца адносна незамужніх жанчын (у сучаснай мове ўжываецца рэдка).

Ёсць таксама формы множнага ліку:

  • панове (польск.: panowie) — форма множнага ліку мужчынскага роду;
  • панe (польск.: panie) — форма множнага ліку жаночага роду;
  • панны (польск.: panny) — форма множнага ліку жаночага роду пры звароце да незамужніх жанчын (у сучаснай мове ўжываецца рэдка);
  • панства (польск.: państwo) — форма множнага ліку пры адначасовым звароце да жанчын і мужчын (слова мае таксама значэнне «дзяржава»).

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

Палякі надаюць вялікае значэнне ўжыванню формаў ветлівага звароту. Ужываная форма залежыць ад сацыяльнага, іерархічнага статуту, а таксама ад ступені знаёмства або блізкасці роднасных сувязяў паміж людзьмі.

Так, найбольш ветлівае (але і афіцыйнае) — ужыванне «пан» (або «пані») разам з поўным імем суразмоўцы, напрыклад: пан Анджэй Петрашэўскі (польск.: pan Andrzej Pietraszewski), пані Эва Шыкульска (польск.: pani Ewa Szykulska). Варта адзначыць, што на пісьме (пры звароце да суразмоўцы) «пан» заўсёды пішацца з вялікай літары (як беларускае «Вы» пры асабістым звароце).

Гэтая жа форма ўжываецца пры ўказанні адрасата ў лістах; у такім разе слова «пан» таксама пішацца толькі з вялікай літары. Больш ветлівая (але троху архаічная форма) — іменаванне адрасата з ужываннем абрэвіятур «WSz» (польск.: Wielсe Szanowny — глыбокапаважаны) або «Sz» (польск.: Szanowny — паважаны). Напрыклад: WSz Pan Zbigniew Cybulski, Sz Pani Anna Chojnicka.

Меней афіцыйная форма — іменаванне суразмоўцы «пан» і прозвішчам: пан Краеўскі (польск.: pan Krajewski), пані Ляшчэвіч (польск.: pani Leszczewicz). У адрозненне ад беларускай мовы, у якой зварот па прозвішчы носіць афіцыйны характар, у польскай гэта форма лічыцца агульнаўжывальнай паміж людзьмі, не дужа знаёмымі.

У звароце да калег, знаёмых, да старэйшых узростам, «пан» ужываецца разам з імем: пан Юзаф (польск.: pan Józef), пані Ядзвіга (польск.: pani Jadwiga). Яшчэ меней фармальнае — ужыванне «пан» з памяншальнай формай імя: пан Юзак (памяншальнае ад «Юзаф» — польск.: pan Józek), пані Ядзя (памяншальнае ад «Ядзвіга» — польск.: pani Jadzia).

Іменаванне суразмоўцы толькі імем, без ужывання «пан» або «пані» мае нефармальны характар і ўжываецца толькі паміж сябрамі, роднымі і блізкімі, у моладзевым асяроддзі.

Варта таксама адзначыць, што пры асабістым звароце ў польскай мове ўжываецца клічны склон. Гэта правіла тычыцца ўсіх формаў слова «пан». Напрыклад, у звароце «пан Лісоўскі» (польск.: panie Lisowski) слова «пан» мае форму клічнага склону — «пане Лісоўскі».