Перайсці да зместу

Клічны склон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гэй, званар, званар, мой пане,
Бій y звон, як змогі стане,
…
Гэй, гусляр, пясняр, мой браце,
Грай, спявай y полі, ў хаце,

Алесь Гарун. «Песня-звон»[1].

Клі́чны склон, клі́чная фо́рма, вакаты́ў (лац.: vocativus) — асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння катэгорыі асобы пры звароце. «Склонам» гэта форма называецца ўмоўна, бо ў строга граматычным сэнсе клічная форма склонам не з’яўляецца[2].

Распаўсюджанасць

[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычна клічны склон уваходзіў у індаеўрапейскую сістэму склонаў і існаваў у латыні, санскрыце, і старажытнагрэчаскай мове. Хоць пазней ён быў страчаны многімі сучаснымі індаеўрапейскімі мовамі, некаторыя мовы захоўваюць гэты склон і дагэтуль, напрыклад, грэчаская, цыганская, многія славянскія мовы (беларуская, украінская, польская, балгарская, сербская, чэшская і інш.) і некаторыя кельцкія мовы (шатландская і ірландская), балтыйскія мовы (напрыклад: латышская і літоўская). З раманскіх клічны склон захаваўся толькі ў румынскай мове. Ён таксама ёсць у некаторых неіндаеўрапейскіх мовах, такіх як грузінская, арабская і карэйская.

У беларускай мове

[правіць | правіць зыходнік]

У клічнай форме звычайна выступаюць уласныя або агульныя асабовыя назоўнікі мужчынскага роду, радзей назоўнікі, якія абазначаюць жывых істот (часта ў пераносным значэнні), а таксама неадушаўлёныя назоўнікі, калі яны ўжыты ў значэнні адушаўлёных. У залежнасці ад значэння назоўнікаў і характару іх асновы клічная форма можа заканчвацца на розныя галосныя[3]:

  • -е — пры цвёрдай аснове і аснове на ў: Вацлаве, браце, беларусе;
  • -у — пры цвёрдай аснове і асновах на р, ц, ж, к: дзеду, званару, ветру, вужу, хлопчыку;
  • -о — пераважна пры асновах на р, ч: Пятро, дзяўчо;
  • -а — пры асновах на г, к, ц, якія чаргуюцца з ж, ч: дружа, нябожа, чалавеча, хлопча, на мяккі зычны з пры чаргаванні з шыпячым ж: княжа;
  • -ю — пры асновах на мяккія зычныя і й: коню, гаю.

Ужыванне клічнай формы з часам звузілася. У гаворках з поўным аканнем, у літаратурнай мове клічная форма назоўнікаў 1-га скланення фанетычна супала з формай назоўнага склону: мама, Ганна. У гаворках з няпоўным аканнем і оканнем (пераважна паўднёва-заходнія і паўднёвыя моўныя арэалы) клічная форма ўжываецца пры выражэнні звароту ў назоўніках жаночага і агульнага роду на -а, -я: ма́мо, Мары́но, Га́лё, Ма́нё. У мове мастацкай літаратуры клічная форма выкарыстоўваецца з мэтай стылізацыі пад народную мову, адыгрывае значную стылістычную і моўна-выяўленчую ролю[3].

У маўленні клічная форма характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі: Гэй, хлебаробе мазольны! Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні: Краю мой родны, як выкляты богам! Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці клічныя формы і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы[4].

Зноскі

  1. ↑ Алесь Гарун. "Песня-звон
  2. ↑ Реформатский А. А. Введение в языковедение / Под ред. В. А. Виноградова. — М.: Аспект Пресс. 1998. С. 488. ISBN 5-7567-0202-4
  3. 1 2 Клічная форма // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. — Т. 4. — С. 500. — 661 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0746-5.
  4. ↑ Клічная форма // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 347. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).