Палякі
Палякі | |
Агульная колькасць | больш 50 мільёнаў |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Польшча |
Мова | польская |
Рэлігія | каталіцтва |
Блізкія этнічныя групы | чэхі, славакі, беларусы |
Паля́кі (саманазва Polacy) — заходнеславянскі народ, складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Польшча.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Польская народнасць складвалася ў X—XI стст. у перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране[1]. У XI ст. з’явіўся этнонім «палякі». Працэс кансалідацыі Памор’я з астатнімі польскімі землямі быў затарможаны нетрываласцю палітычных сувязей яго са старажытнапольскай дзяржавай, а таксама асаблівасцю яго сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця (працяглае панаванне паганства і інш.). Па гаворках блізкія былі паляне, слянзане і вісляне. У перыяд палітычнай раздробненасці (XI—XIII ст.) польскія землі абасобіліся, але культурныя і эканамічныя сувязі паміж імі не перарываліся. У ходзе супраціўлення нямецкай экспансіі і пераадолення палітычнай раздробненасці (XIII—XIV ст.) ажыццяўлялася аб’яднанне польскіх земляў, пашыраліся і ўмацоўваліся сувязі паміж іх насельніцтвам. У гэты ж час ішоў працэс германізацыі заходніх і паўночных абшараў (Ніжняя Сілезія, Памор’е, Мазурыя, Заходняя Вялікапольшча).
У XIV—XV ст. аб’яднанне земляў польскай дзяржавы спрыяла працэсу нацыянальнай кансалідацыі палякаў, які ўзмацніўся ў XVII стагоддзі. У рамках шматнацыянальнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай (утворана ў 1569 г. уніяй з Вялікім Княствам Літоўскім) — адбываўся працэс кансалідацыі польскай нацыі. Гэты працэс ускладніўся з канца XVIII ст. у сувязі з трыма раздзеламі Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй і стратай адзінай польскай дзяржаўнасці. У канцы XVIII—XIX ст. у захаванні і росце нацыянальнай самасвядомасці палякаў выбітную ролю адыгралі нацыянальна-вызваленчыя рухі (паўстанні 1794, 1830—31, 1846, 1848, 1863—64); польскі народ захоўваў прыхільнасць радзіме, роднай мове і звычаям[2].
Пасля Першай сусветнай вайны ўтварылася незалежная Польская Рэспубліка (1918—1939).
Рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Як паказаў перапіс насельніцтва 2002, палякі складаюць 96,7 % насельніцтва Польшчы. У значнай колькасці жывуць таксама ў іншых краінах: ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Бразілія, Канада, Аргенціна, Беларусь, Літва, Украіна, Аўстралія і інш.
Паводле вынікаў перапісу насельніцтва Беларусі 1999, палякі складаюць 3,9 % насельніцтва краіны — перапіс зарэгістраваў 396 тыс. палякаў. На Беларусі палякі жывуць галоўным чынам у Гродзенскай вобласці, у раёнах, якія прылягаюць да мяжы з Польшчай і Літвой. У Воранаўскім раёне палякі складаюць больш за 80 % жыхароў. Большая частка палякаў Беларусі назвала роднай мовай, а таксама мовай ужыванай дома беларускую, таксама сярод іх распаўсюджаны польская і руская мовы. Гл.далей Палякі на Беларусі
Амаль усе веруючыя палякі належаць да католікаў.
Зноскі
- ↑ БЭ ў 18 т. Т. 12. С. 24
- ↑ Народы мира » поляки(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2023. Праверана 24 сакавіка 2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Палякі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
- Супольнасць традыцыі ― садружнаць у будучыні: беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі: зборнік артыкулаў / пад рэд. І. Э. Багдановіч, С. М. Запрудскага. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 399 с. — (Беларусіка=Albaruthenica; кн. 34).