Перайсці да зместу

Пашпарт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вокладка беларускага пашпарта

Пашпарт (італ.: passaporto — дазвол на заход у порт, фр.: passeport — дакумент для праходу праз дзверы) — дзяржаўны дакумент, які сведчыць асобу ўладальніка і яго грамадзянства (падданства) пры выездзе з краіны і вяртанні на радзіму і пры падарожжах па іншых краінах.

У сярэдневяковай Еўропе, збольшага ў Францыі і некаторых італьянскіх княствах, назвай «пашпарт» акрэслівалі розныя дакументы, што дазвалялі купцам наведваць гарады. Праз шмат стагоддзяў у большасці краін не існавала абавязковага дакумента, які б быў патрэбны для замежных падарожжаў. Выключэннем была царская Расія і Асманская імперыя. Расійскія пагранічныя ваяводы прапускалі замежнікаў толькі пры наяўнасці ў іх «праезджых» грамат. Пётр I наяўнасць такіх грамат абгрунтаваў заканадаўча ў 1719 годзе.

Заканадаўства і дакументы ў Еўропе для замежных вандровак пачалі ўводзіць толькі ў XIX стагоддзі. Першыя агульныя пашпарты і неабходнасць валодання імі для пераходу праз граніцу заснавала Францыя (1867), Брытанская імперыя (1873), Італьянскае Каралеўства (1873) і ЗША (1889). Пасля Першай сусветнай вайны ў Еўропе паўстала патрэба пашпартнага і мытнага рэгулявання.

Пасля Другой сусветнай вайны ў краінах савецкага блоку была абмежавана выдача дазволаў на выезд за мяжу. У СССР для вандроўкі за межы краіны патрабаваўся «замежны пашпарт». У калгасах пашпарты не выдавалі наогул да сярэдзіны 60-х гадоў XX стагодздзя, каб стрымаць адток насельніцтва ў гарады.

Гісторыя беларускага пашпарта

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пашпарты на беларускай мове (лацінцы) пачала выдаваць у Обер-Осце нямецкая адміністрацыя ў акрузе Галоўнакамандуючага на Усходзе ў 1916—1917 гадах. Яны былі на нямецкай і беларускай мовах. На 5 старонках утрымліваліся асабістыя звесткі асобы, месца нараджэння, дзе жыве, чым займаецца, веравызнанне, фотаздымак у рост чалавека, асаблівыя прыкметы, адбіткі «правага паказнога пальца», подпіс прадстаўніка мясцовай улады альбо двух сведак.

У 1993 годзе быў зацверджаны ўзор беларускага пашпарта (пастанова Савета Міністраў РБ 14 ліпеня 1993 г. N 463 «Аб зацвярджэнні палажэння аб пашпарце грамадзяніна РБ, узору гэтага пашпарта і апісання яго»).

Пасля рэферэндума 14 мая 1995 года былі змененыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Таму ў 1996 годзе былі ўведзеныя новыя ўзоры беларускага пашпарта.