Рэферэндум у Беларусі (1995)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Палітыка — Партал:Палітыка
Беларусь
Coat of arms of Belarus (official).svg

Гэты артыкул — частка серыі:
Палітычная сістэма
Беларусі

Дзяржаўны лад


Канстытуцыя Беларусі


Прэзідэнт Беларусі



Савет Міністраў


Нацыянальны сход


Судовая сістэма



Адміністрацыйная сістэма


Выбары


Рэферэндум у Беларусі (14 мая 1995) — рэферэндум, які быў праведзены з ініцыятывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, падтрыманай радам партый і грамадскіх арганізацый, і згодна з пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII-га склікання № 3728 — ХІІ «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забяспячэнні» ад 13 красавіка 1995 г.

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню ідэя реферэндуму была выказана Аляксандрам Лукашэнкам у размове з Іванам Рыбкіным у пачатку лютага 1995 г.[1] 11 красавіка Лукашэнка выступіў у Вярхоўным Савеце з ініцыятывай правядзення рэферэндуму па 4 пытаннях: пра наданне рускай мове статусу дзяржаўнай; пра змяненне дзяржаўнай сімволікі; аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй; аб надзяленні Прэзідэнта правам распускаць парламент. Дэпутаты адхілілі ўсе пытанні акрамя пытання аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. У адказ, А. Лукашэнка заявіў, што рэферэндум будзе праведзены, нягледзячы на пастанову парламента.

18 дэпутатаў ад апазіцыі Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» абвінавацілі Прэзідэнта ў парушэнні Канстытуцыі і абвясцілі галадоўку. У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г. група асобаў у чорных масках збіла дэпутатаў, якія знаходзіліся ў Авальнай зале Дома ўраду. Генеральная пракуратура выявіла ўдзел у аперацыі некалькіх сотняў узброеных людзей, уведзеных у тую ноч у Дом ураду, але хто канкрэтна збіваў дэпутатаў — высветліць не здолела: служба аховы прэзідэнта не адказала на афіцыйныя запыты і адмовілася прадставіць пракуратуры відэазапіс падзеяў[2].

Ідэя рэферэндуму выклікала непаразуменне з боку значнай колькасці грамадзян, грамадскіх і палітычных арганізацый. 6 мая Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсліваючы, што пытанне аб мове не можа выносіцца на рэферэндум[3].

Пытанні[правіць | правіць зыходнік]

На галасаванне былі пастаўленыя чатыры пытанні, першыя тры з іх — на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае — на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:

1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?

2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?

3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?

4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[4]

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле афіцыйных звестак у спісы грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, было ўключана 7.445.820 чалавек, бюлетэні для галасавання атрымалі 4.830.582 чалавекі (64,8 %), у галасаванні ўзялі ўдзел 4.823.482 чалавекі.

За адабрэнне пытання «Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?» выказаліся 4.017.273 чалавекі (88,3 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання або 53,9 % ад колькасці ўсіх, хто мае права голасу), супраць — 613.516 чалавек (12,7 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 192.693 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

За адабрэнне пытання «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» выказаліся 3.622.851 чалавек (75,1 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 988.839 чалавек (20,5 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 211.792 бюлетэні прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

За адабрэнне пытання «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?» выказаліся 4.020.001 чалавек (83,3 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 602.144 чалавек (12,5 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 201.337 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

За адабрэнне пытання «Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?» выказаліся 3.749.266 чалавек (77,7 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), супраць — 857.485 чалавек (17,8 % ад колькасці ўдзельнікаў галасавання), 216.731 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі ў частцы гэтага пытання.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі палітык і журналіст Сяргей Навумчык разглядае рэферэндум як галоўную падзею 1995 года. Ён паказвае, што рэфэрэндум

"

…зьліквідаваў статус нацыянальных сымбаляў як дзяржаўных, загнаў мову ў гета, прывязаў краіну да Расеі, а прэзыдэнту адчыніў дзьверы да неабмежаванай улады.[5]

"

Літаратар Альгерд Бахарэвіч так апісаў свае ўражанні пасля рэферэндуму:

"

14 траўня 1995 году ў Беларусі перамагла дымакратыя. Менавіта так, праз «ы». І хаця ніякіх асаблівых шэсьцяў з паходнямі каля райхстагу, ні вогнішчаў з кніг «на самам красівам пасьля італьянскага» заўважана не было, ілюзіі расталі, як дым ад пакрышкі МАЗа, дыхаць умомант стала немагчыма, а адчуваньне было рыхтык такое, як у бэрлінца 30 студзеня 1933-га. Адчуваньне, што цёмныя часы прыйшлі і яны надоўга.[6]

"

Зноскі

  1. Звязда. — 1995. — № . — 9 лютага. — С.
  2. svaboda.org
  3. Народная газета. — 1995. — № . — 6 мая. — С.
  4. Фармулёўкі па-беларуску пд. М. Пастухоў.
  5. Навумчык C. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. С. 4
  6. Бахарэвіч А. Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014. С. 181

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Сообщение Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов «Об итогах голосования на республиканском референдуме 14 мая 1995 года». — На афіцыйнай пляцоўцы Цэнтрвыбаркама
  • Протокол Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов «Об итогах голосования на республиканском референдуме, который проводился 14 мая 1995 года в соответствии с постановлением Верховного Совета Республики Беларусь от 13 апреля 1995 года № 3728-XII». — На афіцыйнай пляцоўцы Цэнтрвыбаркама.
  • Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэферэндум 1995 года адносна надання дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы; ТБМ імя Ф.Скарыны. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.