Паўстанне Канстанціна і Фружына
Паўстанне Канстанціна і Фружына — першае балгарскае паўстанне супраць асманскага валадарства, якое ўспыхнула ў 1408 годзе. Пачалося ў паўночна-заходняй Балгарыі.
Нагодай для паўстання паслужыла неспакойнае становішча ў Асманскай імперыі пасля паражэння султана Баязіда I у бітве пры Анкары ад войска манголаў пад кіраўніцтвам Цімура Кульгавага.
Узначалена паўстанне царом Відзінскага царства Канстанцінам — сынам цара Івана Сраціміра, і яго стрыечным братам царэвічам Фружынам — сынам цара Івана Шышмана. Мэтай паўстання з'яўлялася вызваленне хрысціян ад прыгнёту з боку туркаў-мусульман.
Паўстанне было падушана ў 1413 годзе. Дакладных звестак пра асноўныя этапы гэтага паўстання ўсё яшчэ вельмі мала і яны дагэтуль застаюцца прадметам спрэчак сярод гісторыкаў. Амаль нічога не вядома пра ход дзеянняў.
Палітычная сітуацыя
[правіць | правіць зыходнік]Напачатку 15 стагоддзя пераможныя войны і шматлікія заваяванні Асманскай імперыі былі часова прыпынены. 20 ліпеня 1402 года султан Баязід I пацярпеў паражэнне ад войскаў сярэднеазіяцкага эміра Цімура Храмога, быў узяты ў палон разам са сваім гарэмам, і пасля некалькіх месяцаў зневажэнняў памёр ад сардэчнага прыступу ў сакавіку 1403 г.. Адбываюцца шматлікія міжусобныя супрацьстаянні паміж яго сынамі ў барацьбе за спадчыну, якія працягнуліся ўсё наступнае дзесяцігоддзе і яшчэ больш саслабіла Асманскую імперыю па прычыне праблем з кіраваннем велізарнай тэрыторыяй.
Кіраўнікі Сербіі, Валахіі і Венгрыі, якія знаходзіліся пад пагрозай знікнення, не прамінулі скарыстацца перавагай у гэтай сітуацыі і заключыць ваенны саюз. Пазней да гэтага саюза далучыўся царэвіч Канстанцін II Асень, сын цара Івана Сраціміра і кіраўнік вельмі саслабленага Відзінскага царства, тэрыторыя якога значна скарацілася. Таксама да саюза далучыўся яго стрыечны брат царэвіч Фружын Асень, сын цара Івана Шышмана. Скарыстаўшыся сітуацыяй унутранага крызісу ў Асманскай імперыі ў 1404 годзе, яны вярнуліся ў Відзін і ўзначалілі першае балгарскае паўстанне супраць асманскага валадарства. Паводле некаторых паведамленняў Канстанцін Асень II кіраваў сваім царствам аж да сваёй смерці ў 1422 годзе, і, верагодна, уваходзіў у створаную каралём Жыгімонтам Люксембургскім хрысціянскую антытурэцкую кааліцыю[1][2]. Канстанцін дапамагаў свайму стрыечнаму брату Фружыну ў спробах вярнуць царскія тэрытарыяльныя ўладанні свайго бацькі.
Развіццё падзей
[правіць | правіць зыходнік]Паўстанне хутка распаўсюдзілася ахапіўшы ўсю паўночна-заходнюю Балгарыю, у тым ліку Тэмску — тэрыторыю, якой да 1396 года валодаў цар Іван Срацімір. Канстанцін і Фружын атрымалі падтрымку сербскага князя Стэфана Лазаравіча і валашскага ваяводы Мірчы Старога.
Пасля цяжкіх баёў паўстанне было падушана шматлікімі турэцкімі войскамі пад камандаваннем другога сына султана Баязіда I — Сулеймана Чэлебі. Канстанцін і Фружын паспяваюць бегчы: Канстанцін знаходзіць прытулак у Сербіі, а Фружын у Венгрыі. Фружын Асень пакінуў Балгарыю назаўжды, але знаходзячыся ў выгнанні заставаўся да канца свайго жыцця непрымірымым праціўнікам Асманскай імперыі. Яго імя ўплецена практычна ва ўсе кірункі антытурэцкай дзейнасці ў першай палове XV стагоддзя. Фружын памёр у знакамітай бітве пры Варне паміж аб'яднанай арміяй крыжакоў і Асманскай імперыяй у 1444 годзе.
Гістарычнае значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Паўстанне было першым актам масавага супраціўлення балгарскіх хрысціян з Паўночна-Заходняй Балгарыі і Тэмскі супраць асманскага валадарства.
У тым жа годзе, адлюстраваннем гэтага паўстання сталі шматлікія беспарадкі і паўстанні, якія ўспыхнулі ў іншых частках Балгарыі — у Правадзіі, Айтасе і іншых.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Г. Г. Литаврин. Краткая история Болгарии. М. Наука. 1987 год
- Пейчев, А. и др., «1300 години на стража», София, 1984, Военно издателство, с. 98
- History of Bulgaria(нявызн.). Uprising of Konstantin and Fruzhin. Trud (29 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2013. Праверана 24 жніўня 2014.
- ↑ Engel P. The Realm of St. Stephen: A History of Medieval Hungary, 895—1526. I. B. Tauris, 2005. P. 210.
- ↑ Rezachevici C. From the Order of the Dragon to Dracula // Journal of Dracula Studies. 1 (1999).