Першая Устаўная грамата

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Першая Устаўная грамата

Першая Устаўная грамата да народаў Беларусі — юрыдычны і палітычны акт, прыняты Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з'езда 21 лютага 1918 г. у Мінску[1].

Гістарычны кантэкст[правіць | правіць зыходнік]

Імклівае наступленне нямецкіх войск, якое пачалося 16 лютага 1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Заходняй вобласці і фронту ў ноч на 19 лютага 1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. 3 падполля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебеларускага з'езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лютага абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская ваенная арганізацыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К. Езавітава.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

21 лютага Выканком Рады Усебеларускага з'езда звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». Першая Устаўная грамата заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм.

У гэтым дакуменце Выканком абвясціў пра стварэнне ім 20 лютага ўрада — Народнага Cакратарыята Беларусі (старшыня Я. Варонка) — часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі, які 21 лютага пачаў выкананне сваіх абавязкаў.

Выканаўчы камітэт Рады I Усебеларускага з'езда абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію і неабходнасць заставацца ў складзе расійскай федэрацыі. Яе тэкст на беларускай і рускай мовах быў расклеены па ўсім Мінску-Беларускім.[2]

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

З 21 лютага 1918 года ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандавання нямецкай арміі. 22 лютага яно загадала польскім падраздзяленням пакінуць Мінск, а беларускім — скласці зброю. Каб не ўскладняць дачыненні з Расіяй, немцы не прызналі беларускага ўрада, занялі сядзібу Народнага Сакратарыята, рэквізавалі яго маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сцягі і забаранілі ўрадоўцам пакідаць горад. Аднак пры канцы лютага дайшло да перамоў паміж Сакратарыятам і нямецкай ваеннай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весці легальную дзейнасць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным чынам у галіне стварэння мясцовай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкай справы.[2] Наступным крокам было абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. ЭГБ ў 6 т. Т. 5. С. 478.
  2. 2,0 2,1 Я. Мірановіч (2003)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. II: Рэспубліка Беларусь. Мн., 2004. С. 207.
  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. СПб., 2003.
  • Сідарэвіч, А. Першая Устаўная грамата / Анатоль Сідарэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М—Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 478. — ISBN 985-11-0141-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]