Перыфраза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Перыфраза, перыфраз (стар.-грэч.: περίφρασις: περί — навокал і φράσις — гавару) — адзін з тропаў, у якім назва з'яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прыметаў. У перыфразе заключаны элемент своеасаблівай паэтычнай адгадкі, «ключ» да якой знаходзіцца тут жа, у паэтычным кантэксце. Вось некаторыя перыфразы беларускіх паэтаў: «кроў сіняя любай краіны» (Нёман; Л. Геніюш), «чырвоныя сны Дэлакруа» (карціны Дэлакруа; М. Танк), «бязвоблачная званіца» (неба; Ю. Гаўрук), «пасвіць між моху вочы» (шукаць грыбы; П. Панчанка), «ластаўка роднага слова» (Леся Украінка; Я. Янішчыц), «кароль звяроў, цар джунгляў і гаспадар тайгі» (леў, тыгар, мядзведзь; А. Вярцінскі). Многія народныя ідыёмы маюць перыфрастычны характар (класці баразну — араць, заглядаць у бутэльку — піць гарэлку, пусціць агнём — спаліць, сысці ў магілу — памерці). Перыфразы даволі шырока ўжываюцца ў фальклоры, у прыватнасці ў народных песнях. Перыфраза часам ляжыць у аснове эўфемізма і антанамазіі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]