Плынуць вятры
Плынуць вятры | |
---|---|
Аўтар | Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгінала | беларуская |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
«Плынуць вятры…» (Płynuć wietry…) — ананімная паэма, асноўная праца над якой, відаць, належала беларускаму пісьменніку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і, магчыма, Уладзіславу Сыракомлю[1]. Запісана беларускай лацінкай.
Прысвечана падзеям 27 сакавіка (8 красавіка) 1861 года ў Варшаве[1], калі расійскія войскі расстралялі бяззбройную патрыятычную дэманстрацыю. Дакладная колькасць ахвяр невядома і трымалася ў сакрэце расійскімі ўладамі, каб не выклікаць панікі. Аўтар паэмы быў відавочцам падзей[2].
Філолаг В. В. Круглова адзначае, што вобраз-сімвал ветру ў паэме прысутнічае як увасабленне магутнай варожай сілы і прыгнёту. Прыродная стыхія ў творы страчвае арэол таямнічасці, іншасказальнасці і набывае рэалістычную трактоўку. Разбуральная, варожая стыхія — царызм, маскоўская ўлада, праз якую край асуджаны на цяжкі, цярністы, беспрасветны шлях. І пра гэта невядомы аўтар гаворыць адкрыта[3]:
То ж ня ветры буравыя, |
Аўтарства
[правіць | правіць зыходнік]Па дакладнасці апісання расстрэлу маніфестацыі беларускі літаратуразнавец Г. В. Кісялёў устанавіў, што аўтар быў відавочцам падзей. Ён паспрабаваў высветліць, хто з беларускіх паэтаў быў у гэты час у гэтым горадзе[2]:
Хто ж аўтар паэмы “Плынуць вятры…”? Па дыхтоўнай фактуры твора відаць, што ён напісаны вельмі вопытным беларускім пісьменнікам. Такімі ў той час былі Дунін-Марцінкевіч, Вярыга-Дарэўскі, Каратынскі, Сыракомля, Вуль, Г. Марцінкевіч… Хто з іх быў у 1861 годзе ў Варшаве? |
Прааналізаваўшы асаблівасці мовы паэмы, літаратурныя прыёмы і біяграфічныя даныя патэнцыйных аўтараў, даследчык прыйшоў да высновы, што застаюцца толькі два кандыдаты: В. Дунін-Марцінкевіч і У. Сыракомля. На карысць аўтарства аднаго ці іншага навукоўцам былі прыведзены розныя аргументы, у тым ліку і біяграфічныя[2].
Напрыклад, у якасці аднаго з плюсаў на карысць аўтарства У. Сыракомлі Г. В. Кісялёў прыводзіць тое, што словазлучэнне «азноб паганы» можа быць растлумачана ўстаноўленым біёграфамі фактам, што паэт хварэў на сухоты ў гэты час. Але ў сукупнасці і чыста літаратуразнаўчыя, і біяграфічныя даныя даюць сур’ёзныя, няхай і не пераканаўчыя, падставы лічыць аўтарам паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча[2].
Выданне
[правіць | правіць зыходнік]У зборы твораў паэта, выдадзеным у 2008 г. пад навуковай рэдакцыяй Г. В. Кісялёва, верш «Плынуць вятры…» уключаны складальнікам Я. Янушкевічам у раздзел «Dubia»[2].
Цэнзура
[правіць | правіць зыходнік]Па заяве пракуратуры горада Мінска тэксты твораў «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай «DUBIA» серыі «Беларускі кнігазбор», прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі[4].
Зноскі
- ↑ а б Хаўстовіч, М. «Цяпер Маскаль пяе мудрагелікі свае» / М. Хаўстовіч // ХІХ стагоддзе. Гісторыка-літаратурны альманах. Кн. 1 / уклад., усту. арт., падрыхт. тэкстаў, пер. з пол. мовы і каментар Міколы Хаўстовіча. — Мінск, 1999—214 с.
- ↑ а б в г д Дз. М. Дрозд. БІЯГРАФІЯ ПІСЬМЕННІКА ЯК ІНСТРУМЕНТ, МЭТА І ПРАБЛЕМА ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА. Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія № 1 / 2023
- ↑ Вольга Круглова. ФАЛЬКЛОР У ТВОРЧАСЦІ ЯНКІ ЛУЧЫНЫ Архівавана 27 студзеня 2021.
- ↑ Два вершы Дуніна-Марцінкевіча пракуратура прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі . Наша Ніва. Праверана 17 жніўня 2023.