Перайсці да зместу

Помнік Аляксандру Пушкіну (Магілёў, каля бібліятэчнага каледжа)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Помнік Аляксандру Пушкіну
53°54′42″ пн. ш. 30°18′50″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы 2015
Map

Помнік Аляксандру Пушкіну — помнік у Магілёве, размешчаны каля галоўнага ўвахода ў будынак былога Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А. С. Пушкіна (у 2017 годзе далучаны да каледжа мастацтваў) па вуліцы Касманаўтаў, 7. Прысвечаны класіку рускай літаратуры Аляксандру Пушкіну.

Урачыста адкрыты 6 чэрвеня 2015 года, у гадавіну з дня нараджэння паэта. У цырымонія адкрыцця ўзялі ўдзел прадстаўнікі гарадской улады, грамадскасці і моладзі. Бюст Пушкіна Магілёў атрымаў у якасці падарунка ў рамках праекта «Алея расійскай славы», удзельнікі якога — мастакі і архітэктары — дарылі гарадам СНД помнікі знакамітых людзей Расіі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё сваёй краіны[1]. Помнік Пушкіну стаў трэцім у горадзе, два іншыя пастаўлены ў скверы каля кінатэатра «Космас» і на тэрыторыі гарвадаканала[2].

Скандал з вершам

[правіць | правіць зыходнік]

На пастаменце помніка былі змешчаны ўрыўкі з вершаў класіка рускай літаратуры. Адзін з іх, «Клеветникам России[ru]» (бел.: Паклёпнікам Расіі), выклікаў абурэнне ў беларускім грамадстве, паколькі быў адрасаваны тым, хто спачуваў у Еўропе паўстанню 1830 года супраць расійскай улады. Таксама незадаволенасць выклікаў той факт, што ў горадзе няма паўнавартасных помнікаў беларускім дзеячам, а помнік Пушкіну ўжо няпершы[3].

Кіраўнік праекта «Алея Рускай Славы» Міхаіл Сердзюкоў заявіў, што не хацеў абразіць пачуцці беларусаў вершам Пушкіна пра здушэнне паўстання 1830-31 гадоў[4]:

" Верш «Клеветникам России», які я выбраў для бюсту Пушкіна, што мы падарылі Магілёву, не павінен абражаць пачуцці беларусаў. Гэты верш Пушкін напісаў супраць агульных нашых ворагаў — Напалеона, Гітлера. Прынамсі, я так зразумеў. Калі верш быў напісаны з іншай нагоды, то я гэтага проста не ведаў, гэта наша агульная бяда — няведанне гісторыі. "

Таксама ён дадаў, што тэкст на помніку быў узгоднены з мясцовымі ўладамі Магілёва.

Магілёўскія гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін адзначылі, што тэкст на помніку ў парушэнне працэдуры не разглядаўся тапанімічнай камісіяй[3].

Пасля шырокага розгаласу радкі верша «Паклёпнікам Расіі» былі прыбраныя з помніка, што, у сваю чаргу, выклікала абурэнне прарасійскіх сіл у Беларусі. 18 удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі «Расія і славянскія народы ў войнах і ваенных канфліктах XIX—XX стагоддзяў» падпісалі зварот, у якім назвалі гэтыя дзеянні «спробай цэнзуры вялікага паэта праз 178 гадоў пасля яго смерці». На іх думку, выдаленне скандальнага вершу нанесла «велізарны маральны ўрон мільёнам беларускіх грамадзянаў»[5].

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў[6]:

" Гэтыя радкі маглі атрымаць розную ідэалагічную інтэрпрэтацыю, не адэкватную афіцыйнай пазіцыі. У сувязі з чым, а таксама на падставе водгукаў, якія з'явіліся ў інтэрнэце на ўстаноўку помніка, кіраўніцтвам гарвыканкама было дадзена ўказанне па змене выгляду пастамента, на жаль, гэта было выканана ў дзень дзяржаўнага свята Расійскай Федэрацыі і не мела антырасійскай скіраванасці. "

Зноскі