Помнік Льву Сапегу (Слонім)
Помнік | |
Помнік Льву Сапегу | |
---|---|
53°05′34″ пн. ш. 25°19′10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Слонім |
Скульптар | Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін |
Дата пабудовы | 2019 год |
Помнік Льву Сапегу — помнік у Слоніме Гродзенскай вобласці Беларусі. Размяшчаецца ў цэнтры горада, на плошчы Леніна. Прысвечаны выдатнаму палітыку, дыпламату і дзяржаўнаму дзеячу Льву Сапегу. Другі, пасля лепельскага, помнік Сапегу ў Беларусі.
Значэнне асобы[правіць | правіць зыходнік]
Леў Сапега быў старостам слонімскім з 1586 года, пры ім Слонім актыўна развіваўся, стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Былі пабудаваныя ратуша, гандлёвыя рады, цэхі рамеснікаў, склаўся гістарычны цэнтр горада з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. Паводле яго хадайніцтва ў 1591 г. гораду было прысвоена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў, які трымае двойчы перакрыжаваную залатую стралу з родавага герба Сапегаў[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Слонімцы збіралі грошы на помнік з 2008 года. Станам на 2013 год іх было сабрана так мала, што не хапіла б нават на аплату макет помніка[2].
У 2019 годзе горад стаў месцам правядзення чаргова Дня беларускага пісьменства. Да гэтага свята была створана і 22 жніўня 2019 года ўстаноўлена бронзавая скульптура гетмана[3]. Урачыстае адкрыццё адбылося 1 верасня 2019 года ў прысутнасці старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі, старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча і міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча[4].
Аўтары помніка скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін[3].
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
Агульная вышыня помніка з пастаментам складае больш за 4 м[3]. Бронзавая скульптура вышынёй 3,2 метра ўстаноўлена на невысокім п’едэстале з цёмна-чырвонага граніту. У адной руцэ Сапега трымае булаву — сімвал гетманскай улады. Першапачаткова меркавалася, што ў другой руцэ будзе тытульны аркуш Статута Вялікага Княства Літоўскага, але разам з гісторыкамі прыйшлі да высновы, што гэта павінна быць вытрымка з прывілею Жыгімонта III, якім ён надзяліў Льва Сапегу правам на выданне збору законаў княства. На аркушы змешчаны настпуны надпіс[5][6]:
Жыгімонт Трэці, кароль польскі, вялікі князь літоўскі, даем гэты прывілей на выданне Статута Вялікага княства Літоўскага шляхетнаму Льву Сапегу, паколькі яго дабрадзейнасць, майстэрства і руплівасць у справах дзяржаўных нам былі паказаны і даказаны. |
Зноскі
- ↑ У Слоніме ўстанавілі помнік Льву Сапегу 22.08.2019
- ↑ Слонім: грошай на помнік Сапегу не сабралі
- ↑ а б в Помнік Льву Сапегу ўстанавілі ў Слоніме 22.08.2019
- ↑ 1 сентября, Слоним /Корр. БЕЛТА/. Памятник Льву Сапеге открыли в Слониме в День белорусской письменности, передает корреспондент БЕЛТА.
- ↑ «Па сутнасці. Слонім запрашае на Дзень беларускага пісьменства!» (аўдыё)
- ↑ Булава і прывілей Жыгімонта III. Як будзе выглядаць помнік Льву Сапегу ў Слоніме