Прамень (часопіс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Прамень»
Тып часопіс
Краіна
Заснавана 1926
Спыненне публікацый 1927
Мова беларуская
Галоўны офіс

«Прамень» — часопіс, орган Саюза студэнтаў — грамадзян БССР у Чэхаславакіі. Выдаваўся ў 1926—1927 гадах у Празе на беларускай мове (№ 2 выйшаў пад назвай «Новы прамень», № 3 — «Наш прамень»). Выходзіў неперыядычна.

Рэдакцыя ставіла за мэту «арганізаваць вакол часопіса ўсе тыя элементы навучэнскай моладзі і моладзі наогул, якая ўсвядоміла неабходнасць сацыялістычнага думання і дзеяння». Асноўныя матэрыялы «Промня» былі скіраваны на крытыку і ў канчатковым выніку на нейтралізацыю той часткі беларускай эміграцыі, што арыентавалася на ідэалы БНР (артыкулы «Ад рэдакцыі», «Трошкі аб беларускай партыі эсэраў», «Нашы ў Чэхаславакіі», «Беларускае студэнцтва і яго шляхі» і інш.). Прапагандаваў практыку сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР, у т.л. ў БССР як адзіны шлях да сацыялістычнага і нацыянальнага вызвалення працоўных («Народная гаспадарка БССР», «Аб справаздачы ўрада БССР на сесіі ЦВК СССР», «Аб беларусізацыі» і інш.), выкрываў палітыку Польшчы, асвятляў сацыяльнае і палітычнае становішча ў Заходняй Беларусі («Сучасны стан Польшчы», «Палітычнае жыццё Заходняй Беларусі», «Белы тэрор» і інш.), разглядаў падзеі ў свеце з пазіцый ідэйнай абароны СССР і перспектыў сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі («Імперыялістычнае акружэнне СССР», «Сусветнае раззбраенне» і інш.).

Змяшчаў мастацтвазнаўчыя артыкулы («Аб чэшскай сацыяльнай паэзіі» Ю. Фучыка, «Пралетарскае мастацтва» I. Волькера), літаратуразнаўчыя агляды («Што новага ў нямецкай работніцка-рэвалюцыйнай паэзіі» Вайнскопфа), мастацкія творы І. Волькера, I. Бехера, К. Клебера, У. Жылкі, Л. Родзевіча, I. Дварчаніна, У. Шырана, Р. Кудасы, допісы палітвязняў Лукішскай турмы, адкрытыя пісьмы В. Ластоўскага, У. Пракулевіча і Л. Зайца да беларускай эміграцыі з заклікам вяртацца ў БССР для пазітыўнай культурнай працы, хроніку культурна-грамадскага жыцця Савецкай Беларусі і беларускіх культурных мерапрыемстваў у Празе і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]