Беларусы Чэхіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Беларусы ў Чэхіі)

Беларусы Чэхіі — дыяспара беларусаў Чэшскай Рэспублікі. Паводле ацэнак МУС, у краіне знаходзіцца крыху больш за 4 тысяч беларускіх грамадзян.

Гісторыя і сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская прысутнасць у Чэхіі вядома з часоў сярэдневякоўя. Галоўным асяродкам беларусаў здаўна з’яўляецца яе сталіца Прага.

У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў Празе літоўскай калегіі для молалзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) універсітэце вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. XVI ст. ў Празе жыў і працаваў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і асветнік Францыск Скарына.

3 пачатку ХХ ст. Прага стала цэнтрам беларускага эмігранцкага руху. Першы беларускі студэнцкі гурток «Табар» узнік у 1908 па ініцыятыве Я. Крагельскага і аб’яднаў беларусаў-навучэнцаў Пражскага Карлава ўніверсітэта.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе ў час юбілейнай вечарыны, прысвечанай 40-м угодкам з дня смерці В. Дуніна-Марцінкевіча. 30.12.1924

Палітычная эміграцыя з Беларусі групавалася вакол консульства БНР, створанага яшчэ ў лістападзе 1918. У 1918-25 консулам БНР быў М. Вяршынін. У ліпені 1919 была створана Беларуская грамада ў Празе на чале з консулам Вяршыніным, які адначасова выконваў абавязкі ўпаўнаважанага па справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславакіі. У верасні 1921 ў Празе адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя — сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый Заходняй Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. 1 лістапада 1923 г. у Прагу пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (У тым ліку П. Крачэўскі і В. Захарка), якія дзейнічалі да сакавіка 1943 года (як эмігранцкі ўрад да 1925 года).

У 1920-я г. ў Чэхіі створаны шэраг беларускіх студэнцкіх аб’яднанняў у выніку прыезду сюды беларускіх абітурыентаў на вучобу ў вышэйшыя школы Чэхаславацкай Рэспублікі (ЧСР) пры матэрыяльнай дапамозе ўрада гэтай краіны. Яны падзяляліся на 2 катэгорыі: да першайЙ належалі студэнты былых расійскіх універсітэтаў — выхадцы з Беларусі (больш за 350 чал.), якія прыехалі ў Чэхаславакію ў канцы 1919 з-за наступстваў грамадзянскай вайны ў Расіі. Большасць з іх вылучалася нізкай нацыянальнай самасвядомасцю, пасіўнасцю ў грамадска-палітычнай дзейнасці; некаторыя належалі да розных палітычных плыней расійскай антыбальшавіцкай апазіцыі, уваходзілі ў Таварыства студэнтаў маларосаў і беларусаў, частка супрацоўнічала з савецкай улалай і ўвахолзіла ў Таварыства грамадзян РСФСР. Да другой катэгорыі належалі прадстаўнікі ад беларускіх нацыянальных арганізацый Заходняй Беларусі, Латвіі і Літвы (больш за 100 чал.), якія накіроўваліся на вучобу ў Чэхаславакію ўрадам БНР, Таварыствам беларускай школы, Беларускім аддзелам пры Міністэрстве асветы Латвіі з мэтай падрыхтоўкі беларускіх нацыянальных кадраў у сферы адукацыі, медыцыны, сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Яны стварылі шэраг арганізайый рознага грамадскага і палітычнага кірунку.

У 1920-30 гг. у Празе, Подзебрадзі, Пшыбраме, Брно, у т.л. дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы чэхаславацкага ўрада і грамадскага чэшска-ўкраінскага камітэта дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам, вучыліся В. Жук-Грышкевіч, У. Жылка, Т. Грыб, У. Тамашчык, В. Вальтар, Я. Мамонька, С. Бусел, Я.Геніюш, Л. Красоўская, Л. Рыдлеўскі, М. Чарнецкі і інш.

У міжваенны перыяд існаваў шэраг беларускіх устаноў: Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Беларускі навуковы кабінет. Пры Украінскай гаспадарчай акадэміі ў Подзебрадзі ў 1925-27 гг. дзейнічаў Беларускі студэнцкі гурток. У 1928 г. заснаваны Беларускі загранічны архіў. У 1941 г. дзейнічалі Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы.

Пасля Другой Сусветнай вайны ў Празе жылі 300 беларускіх сем’яў. Тут жылі і працавалі Ларыса Геніюш, Міхаіл Забэйда-Суміцкі.

Помнік Ф. Скарыну у Празе

Беларускае жыццё актывізавалася ў 1990-я гады. Гэтаму спрыяла культурная праграма «Беларусы ў Празе», у часы якой працавалі аднайменная выстава, Скарынаўскі семінар, заснавана Згуртаванне беларусаў Чэхіі імя Ф. Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Ф. Скарыну. У сакавіку 1998 года адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР.

25 сакавіка 1998 г. пры чэшскай арганізацыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Беларускі цэнтр (каардынатар У. Яндзюк), а ў сакавіку 1999 г. — інфармацыйнае прадстаўніцтва грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». З 2 па 6 чэрвеня 1998 г. у Празе адбыўся 7 Усеславянскі з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чалавек на чале з дэлегатам Нацыянальнага сходу С. І. Касцянам.

У 1999 г. зарэгістравана беларуская галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н. Валавай.

У адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі Чэхіі ў Пражскіх ВНУ у 2000 годзе працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі[1].

Станам на 2021 год беларускай мовы як спецыяльнасці ў чэшскіх універсітэтах няма. У часы Чэхаславацкай рэспублікі беларусістаў навучалі ў Карлавым універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Вацлава Жыдліцкага (1935—2002), вядомага літаратуразнаўца і перакладчыка беларускай літаратуры.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 530, 531. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кнырэвіч С. Магілы беларусаў у Чэхіі і Славакіі — Прага: 2020. — 270 с. ISBN 978-80-908078-0-8.
  • Беларускія студэнцкія арганізацыі ў Чэхіі // Ляхоўскі У. Беларускія студэнцкія арганізацыі ў Чэхіі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
    • Kolenovská, D., Plavec, M. Běloruská emigrace v meziválečném Československu : studie a dokumenty : sociopolitický aspekt.— Praha: Univerzita Karlova, Nakladatelství Karolinum, 2017. — 287 s.