Пётр Васілевіч Занцэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пётр Васілевіч Занцэвіч
Бабруйскі павятовы маршалак
1887 — 1889
Папярэднік Аркадзь Паўлавіч Варанцоў-Вельямінаў
Пераемнік Канстанцін Канстанцінавіч Стэфановіч

Нараджэнне 29 ліпеня 1836(1836-07-29)
Смерць раней 26.06.1907
Род Занцэвічы
Бацька Васіль Стэфанавіч Занцэвіч (каля 1802—1839)
Маці Феадора Марцінаўна Кладкевіч (нар. каля 1811)
Жонка Марыя Аляксандраўна Малюгіна
Веравызнанне праваслаўны
Адукацыя
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені ордэн Святой Ганны 2-й ступені з імператарскай каронай ордэн Святой Ганны 2 ступені ордэн Святога Станіслава 2 ступені

Пётр Васілевіч Занцэвіч (руск.: Пётр Васильевич Занцевич; 29 ліпеня 1836, Мазырскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя – раней 26 чэрвеня 1907) — выкладчык і адміністратар у сферы адукацыі Расійскай імперыі, бабруйскі павятовы маршалак (1887—1889), ганаровы міравы суддзя Бабруйскага павета (1888). Сапраўдны стацкі саветнік (1882). Беларускі дваранін-маянтковец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да шматпакаленнага беларускага ўніяцкага святарскага роду Занцэвічаў. Нарадзіўся 29 ліпеня 1836 г. у Мазырскім павеце ў сям’і праваслаўнага святара Васіля Стэфанавіча Занцэвіча (каля 1802—1839), выпускніка праваслаўнай Мінскай духоўнай семінарыі, і яго жонкі Феадоры Марцінаўны Кладкевіч (нар. каля 1811), дачкі дзячка, вянчанне якіх адбылося 2 лютага 1832 г. у праваслаўнай царкве вёскі Грабаў (Мазырскі павет). Дзед Стэфан Якубавіч Занцэвіч (1758—пасля 1838) быў да 1797 г. уніяцкім святаром у вёсцы Каплічы Рэчыцкага павета, а пасля праваслаўным святаром у вёсцы Грабаў Мазырскага павета. Прадзед Якуб Занцэвіч быў у 1761—1774 гг. уніяцкім святаром у вёсцы Карані Мазырскага павета і адміністратарам у 1774–1778 гг. уніяцкай царквы вёскі Орсічы Мазырскага павета, жанатым з Кацярынай Русіновіч.

Пётр Васілевіч Занцэвіч быў хрышчаны 27 ліпеня 1836 г. у праваслаўе. Адносіўся па нараджэнні да святарскага саслоўя (духавенства). У 1861 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата. У 1861—1863 гг. быў стыпендыянтам педагагічных курсаў, у 1863—1864 гг. старшым настаўнікам рускай мовы ў гімназіі ў Рызе, у 1864—1865 гг. — у Вільні. У 1864 г. працаваў звыштатным настаўнікам пры Віленскай навучальнай акрузе. У 1865–1868 гг. працаваў інспектарам гімназіі ў Віцебску, у 1868–1870 гг. – у Мінску. У 1868—1870 гг. працаваў сакратаром Мінскага губернскага статыстычнага камітэта, у 1870—1887 гг. – дырэктарам Прыбалтыйскай настаўніцкай семінарыі ў Рызе, з 1871 г. – выкладчыкам педагогікі ў Ламаносаўскай жаночай гімназіі ў Рызе.

У 1869 г. атрымаў “за службу ў Паўночна-Заходнім краі” 316 дзесяцін зямлі ў вёсцы Вяляцічы Барысаўскага павета. 15 мая 1869 года маёнтак Вяляцічы купляе Пётр Васілевіч Занцэвіч, яго нашчадкам маёнтак належаў да 1917 года. У 1914 г. маёнтак Вяляцічы (у Валасевіцкай воласці Барысаўскага павета), які належаў Занцэвічам, налічваў 1328 дзесяцін зямлі[1].

У 1876–1877 гг. упамінаецца як член Мінскага праваслаўнага Мікалаеўскага брацтва[2]. У 1876 г. стаў сузаснавальнікам і членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[3]. У 1879 г. меў гадавы прыбытак 2500 рублёў.

У 1882 г. атрымаў чын сапраўданага стацкага саветніка і за выслугу гэтага чына Пётр Занцэвіч быў 15 лютага 1882 г. пастановай Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу прызнаны ў спадчынным дваранстве Расійскай імперыі (запісаны ў 3-юю частку дваранскай радаводнай кнігі Мінскай губерні), якое было зацверджана паводле ўказу Сената Расійскай імперыі ад 15 чэрвеня 1882 г. (№2287).

30 сакавіка 1887 г. быў прызначаны па распараджэнні міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі на пасаду бабруйскага павятовага маршалка і старшыні Бабруйскай павятовай прысутнасці па сялянскіх справах – і звольнены з пасад 25 студеня 1889 г. па ўласным прашэнні (па стане здароўя). З 1888 г. ганаровы міравы суддзя Бабруйскага павета.

Памёр раней 26 чэрвеня 1907 г.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Ордэны і медаль:

  • 1865 – цёмна-бронзавы медаль на стужцы дзяржаўных колераў у памяць засмірэння польскага мяцяжу (1863-1864 гг.);
  • 1869 – ордэн Св. Станіслава 2-й ступені;
  • 1871 – ордэн Св. Ганны 2-й ступені;
  • 1873 – ордэн Св. Ганны 2-й ступені з імператарскай каронай;
  • 1879 – ордэн Св. Уладзіміра 4-й ступені.

Жонка і дзеці[правіць | правіць зыходнік]

Ажаніўся з Марыяй Аляксандраўнай Малюгінай (вядома, што ў 1908—1909 гг. яна яшчэ жыхарствавала ў вёсцы Вяляцічы), з якой меў дзяцей: 1) Канстанцін (нар.18 мая 1866 г.); 2) Марыя (нар. 9 красавіка 1868 г.); 3) Наталля (нар. 12 жніўня 1871 г.); 4) Кацярына (нар. 16 лістапада 1873 г.); 5) Васіль (нар. 8 красавіка 1875 г.); 6) Пётр (нар. 28 жніўня 1888 г.).

Зноскі

  1. Nad Świsłoczą - kalendarz miński informacyjny na 1914 rok, стр.98
  2. Минские епархиальные ведомости, 1877, №23.(недаступная спасылка) стр.306
  3. Памятная книга Минской губернии на 1880 год, стр.127.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 7 : З, І / [Я. С. Глінскі (кіраўнік) і інш.]. — Беларусь, 2020. — 798 с.
  • "Nad Świsłoczą": kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno : Znicz, 1914. — 130 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]