Вяляцічы (Барысаўскі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Аграгарадок
Вяляцічы
Vialiacičy, Barysaŭ District (02).jpg
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
157 м
Насельніцтва
1 388 чалавек (2008)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 177
Аўтамабільны код
5
Вяляцічы на карце Беларусі ±
Вяляцічы (Барысаўскі раён) (Беларусь)
Вяляцічы (Барысаўскі раён)
Вяляцічы (Барысаўскі раён) (Мінская вобласць)
Вяляцічы (Барысаўскі раён)

Вяля́цічы[1] (трансліт.: Vialiacičy, руск.: Велятичи) — аграгарадок у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Нача. Адміністрацыйны цэнтр Вяляціцкага сельсавета. Размешчаны за 27 км на ўсход ад Барысава, за 10 км на паўночны ўсход ад Аздзяцічаў, за 5 км на поўдзень ад Сморак. На ўсход ад Вяляцічаў знаходзіцца Вяляціцкая лясная дача.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле адной з версій, назва «Вяляцічы» паходзіць ад імя старажытнага племя волатаў (вельтаў, вялетаў), якія быццам жылі ў гэтых мясцінах.

Пра даўняе пасяленне людзей у краі сведчаць знаходкі рэчаў каменнага веку. У 1916 годзе ў Вяляцічах знойдзены старажытныя каменныя сякера-клін і зерняцёркі. Пазней каля ўпадзення Начы ў Бобр знойдзены крамянёвыя прылады працы. У 1954 годзе ў кар’еры на левым беразе Начы было выяўлена самае старое з вядомых ў Барысаўскім раёне пахаванняў, датаванае часамі ранняга бронзавага перыяду (2000—1500 да н. э.), апроч чалавечых рэштак яно змяшчала сякеру ў выглядзе ладдзі з грыбападобным абухам і дзве крамянёвыя вузкаабушныя сякеры.

З XIX ст. даследчыкам вядома пра гарадзішча ў Вяляцічах паблізу ўпадзення Начы ў Бобр, датаванае канцом 1-га тысячагоддзя да нашай эры — 1-й паловай 1-га тысячагоддзя нашай эры. У 1936 годзе праводзілі даследаванне гарадзішча, выяўлены рэчы культуры штрыхаванай керамікі і мілаградскай культуры. Вакол гарадзішча яшчэ ў XIX ст. добра прасочваўся роў выразна абарончага прызначэння. Да цяперашняга часу гарадзішча і знаходкі з яго не захаваліся.

Курганы (валатоўкі, капцы) з пахаваннямі Х—ХІ стст. знаходзяцца ва ўрочышчы Валаткова поле паблізу Перавозу, яны выяўлены ў 1924 годзе, адзначалася група курганоў. Станам на 1979 год курганоў заставалася 13. Станам на 2000 год курганы засталося толькі 3.

У 1516 годзе праз гэтыя землі дарогай Друцк — ГароднаБарысаў ехаў Сігізмунд Герберштэйн, у канцы 1516 года гэтай жа дарогай ён вяртаўся з Масквы. Аднак Вяляцічы ў яго запісках не згаданы, наогул у запісках Герберштэйна паміж Гроднай і Барысавам названа толькі адна вёска на палове шляху паміж імі, вандроўнік адзначаў бязлюднасць.

Упершыню Вяляцічы згадваюцца пад 1562 годам. У ХVІ ст. мясціны вакол Вяляцічаў ў прыватным ўладанні, у ХVII ст. ужо належылі дзяржаве. На пачатку XIX стагоддзя землі ў пажыццёвым уладанні І. Тышкевіча, але з сярэдзіне XIX ст. зноў была дзяржаўныя. Цэнтрам землеўладанняў быў Вяляціцкі маёнтак.

Значна пацярпелі падчас вайны 1812 года. Паводле падання, падчас адступлення французаў у Вяляцічах спынілася іх група войскаў, каля ўпадзення Начы ў Бобр французы вырашылі капаць вялікія ямы і сабралі мясцовых мужыкоў, у ямы закопвалі забітых салдат і маёмасць, а ўсіх працаўнікоў забралі з сабою, каб нічога не расказалі пра закапаныя скарбы.

У маёнтку быў вадзяны млын, ён згадваецца ў 1644, 1722, 1800, 1870 і іншых гадах. Апошні млын быў двухпавярховы, драўляны, пабудаваны да 1917 года і працаваў яшчэ нейкі час пасля 2-й сусветнай вайны. Рэшткі млына і падваднога канала захаваліся да цяперашняга часу. У Вяляцічах згадваецца карчма (1722), лесапілка (1800), сукнавальня (1800, 1932), піцейная крама, хлебазапасны магазін (1870), смалакурня, кузня, ваўначоска (1917).

У XIX — пачатку XX стст. Вяляцічы -- цэнтр воласці. Станам на 1890 год у Вяляціцкай воласці 43 паселішчы 1310 сялянскімі і 195 несялянскімі дварамі, агульная колькасць насельніцтва 10625 чалавек.

15 мая 1869 года Вяляцічы купляе Пётр Занцэвіч, яго нашчадкам маёнтак належаў да 1917 года. Напярэдадні рэвалюцыі 1917 года ў маёнтку было некалькі будынкаў, у тым ліку сядзібны дом і шэраг гаспадарчых пабудоў, знаходзіліся яны на беразе сажалкі, быў прыгожы і дагледжаны парк, алеі парка асвятляліся ліхтарамі. Пасля рэвалюцыі маёнтак і яго парк хутка прыйшлі ў заняпад. Да цяперашняга часу нічога ад маёнтка не захавалася, некаторыя рэчы з сядзібы Занцэвічаў разабралі мясцовыя жыхары

Мелі Вяляцічы ў старыя часы дзве школы. Адна з іх — так званае народнае (міністэрскае) вучылішча — была заснавана ў 1845 годзе (паводле іншых звестак у 1868 годзе). У ёй у 1892 годзе навучалася больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчат. У 1908 годзе для школы быў узведзены асобны будынак. Іншая, элітная навучальная ўстанова — лясная школа, існавала ў непасрэднай блізкасці ад Вяляцічаў на левым беразе ракі Нача. У яе маглі трапіць дзеці толькі з багатых сем’яў або дзеці бацькоў, якія займалі пэўнае становішча ў грамадстве. Пасля рэвалюцыі тут была спачатку база Мінскага лесатэхнічнага інстытута, пазней — размешчана ваенная частка. Знаходзілася яна там да нядаўняга часу.

Пакроўская царква

Багата на традыцыі рэлігійнае жыццё Вяляцічаў. З даўніх часоў тут існаваў праваслаўны манастыр. Знаходзіўся ён на востраве, які ўтвараўся з аднаго боку ракой Нача, з другога — забалочанай поймай з каналам, або старым рэчышчам ракі. Гэта месца яшчэ і зараз вельмі добра прасочваецца. Час заснавання манастыра невядомы. Існавала паданне, што калісьці на гэтым месцы з’явіўся і быў заўважаны старцамі-інакамі з Кіева, што прыйшлі ў Вяляцічы, абраз Маці Божай. У гонар гэтага старцы пасяліліся тут у падземнай пячоры, пабудавалі спачатку капліцу, а потым і царкву. Так быў заснаваны манастыр. Спыніў ён сваё існаванне ў 1706 годзе, а яго манахі перасяліліся ў Кіеў. Царква, якая мела назву Пакроўская, на месцы манастыра яшчэ амаль два з паловай стагоддзі працягвала існаваць, а за месцам, дзе яна знаходзілася, замацавалася назва Манастырок. На ім першапачаткова былі пахаванні толькі тамтэйшых настаяцеляў манастыра і яго манахаў. Пасля яго закрыцця тут сталі хаваць жыхароў наваколляў, і Манастырок паступова пераўтварыўся ў могілкі. Апошняя тутэйшая царква была пабудавана з дрэва на пачатку XIX стагоддзя. Набажэнствы ў ёй праводзіліся толькі на святы, калі на могілках збіраліся людзі. Праіснавала царква амаль да Другой сусветнай вайны. Пасля чаго яна была разабрана і перавезена ў цэнтр вёскі. Тут з яе бярвенняў была зроблена крама. Да нашага часу яна таксама не захавалася. Калі разбіралі царкву, людзі, каб выратаваць абразы, забіралі іх дадому. Так частка з іх здолела дайсці да нашага часу. Кажуць, што такім чынам людзі змаглі захаваць і найгалоўную каштоўнасць Манастырка — абраз Маці Божай.

Спаская царква

Былі на Манастырку яшчэ тры капліцы: адна ля крыніцы і дзве на могілках. Усе яны ўзгадваюцца яшчэ ў XIX стагоддзі. Існавалі яны і пасля рэвалюцыі. Толькі адна з іх — на могілках — была муравана і захавалася да нашага часу.

Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя на Манастырку на маладзіковую нядзелю (першую нядзелю пасля маладзіка) у царкве здзяйсняўся хросны ход. Сюды збіраліся паломнікі не толькі з навакольных вёсак, але і з больш далёкіх краёў. Згодна П. Шпілеўскага, кожны з іх нёс з сабою выяву з дрэва той часткі цела, якая ў яго хварэла. Калі быў падзёж быдла, неслі выяву часткі адпаведных жывёлін. Усе гэтыя выявы кідаліся на дарогу, якая вяла праз забалоцістую пойму да Манастырка. Такім чынам тут штогод абнаўлялася такая спецыфічная грэбля. Пачынаўся гэты шлях ад крынічкі, на месцы якой была зроблена студня. Яе вада лічылася гаючай. Таму вернікі набіралі яе для вылечвання розных хвароб і потым развозілі яе дадому. На самім Манастырку вернікі пакланяліся цудатворнаму абразу Маці Божай. Аднак на працягу XIX стагоддзя традыцыя паломніцтва на Манастырок на маладзіковую нядзелю практычна знікла.

Іншае, больш значнае і больш масавае свята на Манастарку, адбывалася на Пакроў. У гэты дзень таксама збіралася вялікая колькасць людзей як з Вяляцічаў, так і з іншых месцаў. Прыходзілі як пешшу, так і прыязджалі на конях. Былі як простыя людзі, так і шляхта. Штогод на Пакроў адбывалася асвяшчэнне вады ў крыніцы. Вернікі як і на маладзіковую нядзелю набіралі яе для лекавання розных хвароб. У каго былі хворыя вочы, мылі іх ёю і г. д. Паабапал грэблі збіраліся людзі, якія сваімі спевамі хацелі зарабіць грошы. Іх было чуваць здалёк. Ва ўзнагароду за спевы ім давалі грошы хто колькі мог. Хто бядней — даваў капейкі, хто багацей — мог пакласці і рубель. Пасля набажэнства ў царкве людзі ішлі да пахаванняў сваіх родзічаў і паміналі іх.

На ўзвышшы перад пачаткам грэблі ладзіўся кірмаш. Тут можна было набыць што заўгодна. Для аматараў ласункаў былі абаранкі і іншыя пачастункі, для гаспадынь былі самапрадкі, шпулкі і шмат чаго яшчэ. Гэта традыцыя працягвалася да другой сусветнай вайны. Хто-ніхто з вяляцічцаў яшчэ і зараз выкарыстоўвае ваду з той крыніцы, на якой зараз маецца калодзеж, для мэтаў лекавання. Аднак зараз гэта робіцца без лішняй агалоскі, а традыцыі паломніцтва ўжо канчаткова забытыя.

Акрамя царквы і капліц на Манастырку існавала ў цэнтры Вяляцічаў прыходская царква, якая мела назву Прэабражэнская. Апошні яе будынак быў узведзены з дрэва ў 1850 годзе (па іншых дадзеных — у 1851 годзе). Пакроўская царква на Манастырку была прыпісана да яе. Не пазней пачатку ХVIII стагоддзя вяляціцкія цэрквы з іх прыхаджанамі перайшлі ва уніяцтва. Магчыма, што гэта і было адной з асноўных прычын закрыцця манастыра. З уніяцтва ў маскоўскае праваслаўе вяляціцкія вернікі перайшлі пасля касавання уніі ў 1839 годзе. Апошнім перад рэвалюцыяй святаром у Вяляціцкай царкве быў Фёдар Шаркоўскі. Падчас другой сусветнай вайны царква яшчэ функцыянавала. Разабрана яна была пасля вайны. Пры гэтым частка абразоў была перавезена ў царкву ў Сморках. Туды ж яшчэ доўгі час працягвалі хадзіць вернікі на набажэнствы. У 2000 годзе ў Вяляцічах на іншым месцы была пабудавана новая царква. Частка абразоў старой царквы ў яе была са Сморак вернута.

Яшчэ адна цікавая традыцыя існуе ў Вяляцічах на вуліцы Кастрычніцкай. Звязана яна са штогадовай перадачай у дзень святога Міхаіла абраза Божай маці з хаты ў хату. Калі надыходзіць гэты дзень, гаспадар хаты, у якой знаходзіцца ікона, запрашае з царквы айца. Ладзіцца служба, пасля чаго абраз нясецца па вуліцы ў тую хату, дзе яго прымаюць. Так паўтараецца штогод. Прычым абраз гэты быў захаваны, нягледзячы ні на вайну, ні на гады атэістычнай барацьбы з рэлігіяй.

З 1924 года Вяляцічы -- цэнтр сельсавета.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Здаўна Вяляцічы былі адным з найбольшых пасяленняў на Барысаўшчыне. У 1722 годзе тут узгадваецца 45 двароў. Так, у 1848 годзе ў іх было 85 двароў, што было меней толькі колькасці двароў у Барысаве (422 двары) і Лошніцы (113 двароў). У 1886 годзе ў Вяляцічах ужо было 130 двароў і 1070 жыхароў, у 1908 годзе — 297 двароў (паводле іншых звестак — 270) і 2045 жыхароў, у 1917 годзе — 344 двары і 2185 жыхароў, у 1926 годзе — 395 двароў, 2460 жыхароў, у 2002 годзе — больш за 700 двароў, аднак, менш за 1900 жыхароў, у 2007 годзе — 1373 жыхароў, у 2008 годзе — 1388 жыхароў.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Функцыянуюць: сярэдняя школа, музычная школа, дашкольная ўстанова, сельская ўчастковая бальніца, аптэка, Дом культуры, гандлёвы цэнтр, КПП, аддзяленне сувязі, аддзяленне АСБ «Беларусбанк», маюцца бібліятэка і стадыён.

На тэрыторыі аграгарадка размешчана РУСПП "Птушкасаўгас «Вяляціцкі», асноўнымі кірункамі якога з’яўляюцца вытворчасць мяса птушкі і малака.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Царква Праабражэння Гасподняга
  • Царква Праабражэння Гасподняга (1990-я гг.)
  • Капліца

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Царква Покрыва Прасв. Багародзіцы (1848—1851 гг.)
  • Царква Праабражэння Гасподняга (18-19 ст.ст.)
  • Вадзяны млын
  • Дзве капліцы

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Віля́цічы

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]