Перайсці да зместу

Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова
Тып каледж
pgatkk.by

Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова  — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў г. Пінск Брэсцкай вобласці, размешчанная па адрасе вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 25.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны востра адчуваўся недахоп кваліфікаваных кадраў у сельскай гаспадарцы. Пастановай Савета Міністраў БССР № 1659 ад 29 жніўня 1946 года быў створаны Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум Міністэрства земляробства БССР. Загадам па Міністэрству земляробства СССР № 810 ад 14 кастрычніка 1946 года замест сельскагаспадарчага тэхнікума быў арганізаваны Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум.

Прыём навучэнцаў у тэхнікум у 1946 годзе быў усталяваны ў колькасці 120 чалавек па гідратэхнічнай, аграмеліярацыйнай і торфмейстарскай спецыяльнасцях. Узначаліў установу дырэктар Арцём Мінаевіч Дамаркаў.

У 1961 годзе адкрыты новыя спецыяльнасці: «Механізацыя меліярацыйных і водагаспадарчых работ», «Землеўпарадкаванне».

Савет Міністраў БССР пастановай № 122 ад 17 красавіка 1970 года прысвоіў тэхнікуму імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Яфімавіча Кляшчова (1905—1968).

За вялікую працу па стварэнні вучэбна-матэрыяльнай базы, падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў тэхнікум у 1971 годзе узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У гэтым жа годзе была адкрыта спецыяльнасць «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». У 1991 годзе была адкрыта спецыяльнасць «Будаўніцтва аўтамабільных дарог і транспартных аб’ектаў».

Загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 253 ад 10 ліпеня 2002 года да ўстановы адукацыі «Пінскі дзяржаўны гідрамеліярацыйны тэхнікум імя А. Я. Кляшчова» далучана ўстанова адукацыі «Пінскі навучальны цэнтр Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання». Загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 168 ад 28 мая 2003 года перайменаваны ва ўстанову адукацыі «Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова».

Для падрыхтоўкі спецыялістаў каледж валодае сучаснай вучэбна-матэрыяльнай базай: тры навучальныя корпусы, вучэбна-вытворчыя майстэрні, навучальны палігон для правядзення практычнага навучання на трактарах, аўтамабілях, будаўніча-меліярацыйных машынах і правядзення вучэбнай практыкі, два добраўпарадкаваныя інтэрнаты.

Зноскі

  • Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум імя А. Я. Кляшчова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 369. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Пинский аграрно-технический колледж имени А. Е. Клещёва // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 67.
  • Пинский государственный аграрно-технический колледж имени А. Е. Клещёва // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 217.
  • Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці : да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання / А. М. Літвін [і інш.]. Мінск : Вышэйшая школа, 2012. — 711 с. — Пінскі аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова. С. 226—559, 610—614, 681—688.