Пінскі дзяцінец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крэпасць
Пінскі дзяцінец

Пінскі дзяцінец — умацаваная цэнтральная частка старажытнага Пінеска, упершыню згаданага ў Іпацьеўскім летапісе пад 1097 годам. Пасля адасаблення ўдзельнага Пінскага княства тут знаходзілася рэзідэнцыя пінскіх князёў.

Драўляны дзяцінец Пінска размяшчаўся ў межах сучаснага горада на левым узвышаным беразе ракі Піна. Месцазнаходжанне насупраць месца ўпадзення Піны ў Прыпяць дазваляла кантраляваць асноўныя магістральныя водныя напрамкі на захад па Піне, на поўдзень (уверх па Прыпяці) і на ўсход (уніз па Прыпяці). Па даных археалагічных даследаванняў і старых планах аб’ект быў умацаваны па ўсім перыметры валам і ровам. Шырыня вала ў яго падножжа складала 30 м, а яго вышыня дасягала 7—8 м. Памеры дзяцінца складалі 194x148 м, а плошча — каля 2 га. Форма была круглявай, з захаду, поўначы і поўдня яго паўколам ахопліваў вакольны горад плошчай да 4 га, які, у сваю чаргу, быў акружаны з вонкавага боку неўмацаваным пасадам. З паўднёвага боку дзяцінец амаль ушчыльную падыходзіў да берага Піны, і яго схілы практычна стульваліся з берагавой лініяй. Ля ўезду з паўночнага боку размяшчалася гандлёвая плошча. Паўкруглы выступ у валападобных узвышэннях ля ўезду дазваляе выказаць здагадку, што тут раней знаходзілася абарончая вежа. У дзяцінцы разам з княжацкім дваром размяшчалася Дзмітрыеўская царква.

Культурны пласт на пінскім гарадзішчы дасягае 5 м. Значныя раскопкі на гэтым месцы праводзілі Раўдзіна, Міралюбаў, Рабнікаў, Лысенка. Выкрыты шматлікія драўляныя пабудовы, насцілы вуліц і двароў, сабрана разнастайная калекцыя зброі, прылад працы, упрыгожванняў, прадметаў бытавога ўжытку, паліўных керамічных плітак. Археалагічнымі раскопкамі выяўлены чатыры старажытныя вуліцы: дзве з іх былі накіраваны радыяльна, ад дзяцінца да знешняга вала, дзве іншыя – паўкальцавыя, паўтаралі абрысы вала. Вуліцы мелі драўляную вымостку, двары размяшчаліся паабапал і агароджваліся частаколамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Куза А. В. Древнерусские городища X–XIII вв. Свод археологических памятников / Ред. А. К. Зайцев. Российский гуманитарный научный фонд.. — М.: Христианское издательство, 1996. — С. 95.
  • Лысенко П. Ф. Древний Пинск. XI-XIII вв. Пинская региональная типография. Пинск, 2007.