Бела-чырвона-белы сцяг

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Бела-чырвона-белы сцяг
Беларуская Народная Рэспубліка
Рэспубліка Беларусь
Flag of Belarus (1918, 1991–1995).svg
Зацверджаны 25 сакавіка 1918 (як сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі)
19 верасня 1991 (як сцяг Рэспублікі Беларусь)
Адменены 7 чэрвеня 1995 (як сцяг Рэспублікі Беларусь)
цяпер дзеючы (як сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні)
Прапорцыя FIAV 110110.svg 1:2

Бе́ла-чырво́на-бе́лы сцяг — дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з 19 верасня 1991 па 14 мая 1995, адзін з нацыянальных сімвалаў беларусаў.

Паходжанне

У адборы колераў для сімволікі, яе колернай гаме праяўляюцца нацыянальныя традыцыі і мастацкі густ народа. Белы колер у светаўяўленні старажытных індаеўрапейцаў атаясамліваўся з колерам матчынага малака, ён асацыіраваўся з карміцелькай-зямлёй, з маці-прыродай і маці-жанчынай. Чырвоны колер лічыўся сімвалам агню і вечнага жыцця. Славяне асабліва шанавалі белы і чырвоны колеры, лічылі іх свяшчэннымі. Гэта былі асноўныя колеры іх адзення. У белае адзенне з чырвоным поясам апраналіся старэйшыны плямён. У сувязі з далейшым развіццём грамадства сэнсавае значэнне белага і чырвонага колераў значна пашырылася. Белае стала сімвалізаваць знак дабра, знак чысціні, крынічнай вады, шляхетнага серабра. Чырвонае стала знакам жыватворнага агню, сімвалам адвагі і ваяўнічасці, храбрасці, доблесці і праведнай крыві, пралітай за Айчыну. У найбольшай пашане ў продкаў беларусаў лічыўся пурпурны колер. Пурпур сімвалізаваў лепшыя якасці мужчыны-воіна, а для князя быў знакам яго божага паходжання.[1] Наогул, белы і чырвоны колеры характэрныя для беларускай культуры, напрыклад, чырвоныя элементы на белай асноведзі лічацца самым распаўсюджаным спалучэннем колераў ў беларускім арнаменце.[2] Магчыма, белы колер сімвалізуе душу чалавека, а чырвоны — кроў Ісуса.

Сцяг кавалерыі ВКЛ у бітве пад Воршай

Аднак, пацверджаных гістарычных звестак пра паходжанне бела-чырвона-белага сцяга не існуе.[3] Існуе папулярнае меркаванне наконт таго, што пад бела-чырвона-белымі сцяжкамі ваявалі пэўная частка татарскай конніцы ў бітве пад Грунвальдам (1410). У пач. XVI ст. па ўсёй Еўропе сталі з'яўляцца сцягі, звязаныя сваімі колерамі з гербам дзяржавы. На аснове колераў гербу «Пагоня» ўзнікла трохпалоснае спалучэнне бела-чырвона-белага колераў.[1] Войскі ВКЛ у бітве пад Оршай (1514) ужывалі гэтае спалучэнне колераў — у дадзеным выпадку так тлумачацца кавалерыйскія прапарцы (сцяжкі) з простым чырвоным крыжам на белым фоне (сцяг Св. Юрыя), з якімі паказаная конніца ВКЛ на карціне «Бітва пад Оршай» (1520)[4].

Цікава, што бела-чырвона-белая аблямоўка выкарыстоўваецца на мантыях праваслаўных архіерэяў некаторых Памесных Цэркваў і сімвалізуе струмяні вучэння, якое выцякае са Старога і Новага запаветаў, і якое павінен прапаведаваць архіерэй.

1917

Як менавіта беларускі нацыянальны сцяг, бела-чырвона-белы сцяг нідзе не ўзгадваўся да 1909.[3] У 1909 — 1917 ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі.[5] Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 бела-чырвона-белым сцягам пачалі ўсё часцей карыстацца як сцягам беларусаў наогул. На 1-й сесіі Беларускай цэнтральнай рады (Мінск, 5 жніўня 1917) было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бела-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.[6] Але яшчэ перад самым Першым Усебеларускім з'ездам (7 — 18.12.1917) існавалі іншыя прапановы на ролю дзяржаўнага сцягу — напр., блакітна-бела-чырвоны сцяг.[7] Тым не менш, з'езд праходзіў пад бела-чырвона-белымі колерамі, хоць разгон з'езду і не дазволіў фармальна прыняць пастанову пра дзяржаўны сцяг.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі, які лічыцца аўтарам бела-чырвона-белага сцяга, пісаў пра той час:

«цікава адзначыць, што беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і летувісы, г. зн. белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бела-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг»[8]

1918—1920

Паштоўка часоў БНР

Бела-чырвона-белым сцягам карысталася Беларуская рада ў Мінску да прыходу германскіх войскаў (18 — 25.2.1918). Урад Беларускай Народнай Рэспублікі таксама карыстаўся гэтым сцягам як дзяржаўным, хоць фармальна зацверджаны ён быў толькі 5 жніўня 1918, абвешчаны ў верасні 1918. Тады існавалі і іншыя праекты дзяржаўнага сцягу, а таксама варыяцыі на аснове бела-чырвона-белага. У 1920 гэтым сцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і ваенныя фарміраванні Булак-Балаховіча.

1920-1930-я

Урад БНР у эміграцыі (19191925, Вільня) карыстаўся бела-чырвона-белым сцягам з дзвюма дадатковымі вузейшымі палоскамі, магчыма, чорнымі[9] У 1920—1922 факт існавання беларускага бела-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны бела-чырвона-белы сцяг на ролю дзяржаўнага сцяга незалежнай Латвіі.[3] У далейшым бела-чырвона-белы сцяг да 1939 ужываўся беларусамі ў «Заходняй Беларусі» (паўночна-усходніх зямлях міжваеннай Польшчы) як нацыянальны, у т.л. КПЗБ (відавочна, з палітычных меркаванняў). У 1927 годзе абмяркоўваўся праект гербу БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцый, але Прэзідыум ЦВК ў выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[10].

1940-я

Падчас нямецкай акупацыі (19411944) беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, карысталіся бела-чырвона-белым сцягам неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён акупацыі, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[11] Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бела-чырвона-белым сцягам побач з германскай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці», аказалася, па выніках пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[12]

1950-1980-я

Бела-чырвона-белым сцягам карысталася беларуская эміграцыя.

1980-2000-я

Паштовая марка Беларусі, 1992

У 1980-я гг., пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, бела-чырвона-белы сцяг як нацыянальны быў ізноў уведзены ва ўжытак БНФ (спарадычна з 30 кастрычніка 1988, масава з 19 лютага 1989)[13]. 5 верасня 1991 года Мінскі гарадскі савет народных дэпутатаў прыняў рашэнне аб выкарыстанні ў Мінску нацыянальнай сімволікі — бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» нароўні з дзяржаўнай сімволікай БССР. Гэта рашэнне дагэтуль застаецца неадмененым.

Нарэшце, бела-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь (19 верасня 1991). 11 снежня Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў Палажэнне «Аб Дзяржаўным бела-чырвона-белым сцягу Рэспублікі Беларусь»[14]. Пасля рэферэндуму (14 мая 1995) выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнага было спынена. Гэтым сцягам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.

Бела-чырвона-белы сцяг у мастацтве

Бела-чырвона-белы сьцяг апяваецца ў шматлікіх літаратурных і музычных творах, малярстве.

У гімне Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (словы Макара Краўцова, музыка Ўладзіміра Тэраўскага) прысутнічаюць наступныя радкі:

"

Няхай жыве магутны, смелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

"

Уладзімір Жылка ў сваім першым апублікаваным вершы «Покліч» (1920 год) пісаў:

"

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела,
Адважных, храбрых ваяроў!»[15]

"

Максім Танк у 1930 годзе напісаў верш «Ты чуеш, брат…», дзе былі радкі:

"

Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сцягам бел‑чырвона‑белым
Чакае перамога нас.[16]

"

Словы «Пад штандарам бел-чырвона-белым век у шчасці жыві, беларускі народ!» завяршаюць песню «Жыві, Беларусь!» (тэкст Уладзіміра Някляева[17], музыка Васіля Раінчыка), якая прэтэндавала на гімн незалежнай Беларусі. Уладзімір Някляеў таксама з'яўляецца аўтарам словаў песьні «Сьцяг», якую выконвае музыка Зміцер Вайцюшкевіч[18]. Таксама сцяг згадваецца ў вершы "25 сакавіка" Рыгора Барадуліна.[19]

Гл. таксама

Мірон

Падобная сімволіка

Зноскі

  1. 1,0 1,1 [Ткачоў 1993]
  2. [Фадзеева 1989] c.36
  3. 3,0 3,1 3,2 [БасаўКур 1994] с.18
  4. Анатоль Грыцкевіч. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года // Спадчына. № 6, 1992.
  5. Дата 25 сакавіка 1917, якая падаецца ў некаторых крыніцах (Геслер або амерыканскі «Флаг-бюлетэнь») як дата стварэння гэта сцяга, відавочна, неправамерная. [БасаўКур 1994] с.18.
  6. [Турук 1921] с.95
  7. [БасаўКур 1994] с.19
  8. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Укл. А. Гесь, У. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк. Мінск, 2001. С. 272.
  9. Гэты варыянт на каляровых рэканструкцыях звычайна паказваецца менавіта з чорным колерам.
  10. [Насевіч 1995]
  11. [Цітоў 1999] с.156
  12. [Цітоў 1999] с.155
  13. [БасаўКур 1994] с.26
  14. s:Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь (1992)
  15. Верш «Покліч»
  16. Максім Танк. Дзённік
  17. «Жыві, Беларусь!» Гімн на словы Някляева // «Наша Ніва», 26 сьнежня 2010.
  18. Пэрсанальны сайт Зьмітра Вайцюшкевіча. Праверана 9 красавіка 2011.
  19. Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка

Літаратура