Рандэль (паэзія)
Выгляд
Рандэ́ль (фр.: rondel, ад rond — круглы) — адна з так званых цвёрдых форм лірычнай паэзіі. З'явіўся ў Францыі ў XIV стагоддзі.
Складаецца з 13 радкоў, мае наступную структуру: парадак рыфм — A-B-b-a a-b-A-B a-b-b-a-A, дзе вялікімі літарамі вызначаны супадаючыя радкі. Вылучаецца таксама падвоены рандэль, які складаецца з 16 радкоў з рыфмоўкай A-B-B-A a-b-A-B a-b-b-a A-B-B-A.
Узнік гэты верш у старафранцузскай паэзіі, затым перайшоў у англійскую і іншыя еўрапейскія літаратуры. У канцы XIX — пачатку XX ст. рандэль даволі часта выкарыстоўвалі сімвалісты. У беларускую літаратуру рандэль увёў Максім Багдановіч. Прыкладам можа быць яго верш «На могілках» (1913):
- Амур і сумны і прыгожы
- Стаіць з павязкай на вачах
- Ля склепу. Часам лёгкі пах
- Сюды даносіцца ад рожы.
- Паўсюль крыжы, вянкі... Чаго жа
- Тут, дзе магілы, сцень і прах,
- Амур і сумны і прыгожы
- Стаіць з павязкай на вачах?
- І ціха думаў я: быць можа,
- Любоў, палёгшы ў трунах,
- Перамагла і смерці жах!
- Спачніце ж! Вечна на старожы
- Амур і сумны і прыгожы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вячаслаў Рагойша. Паэтычны слоўнік / Т. А. Гарбачэўская. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.(недаступная спасылка)
- Вячаслаў Рагойша. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4. Архівавана 6 сакавіка 2016.