Рускі двор (Рыга)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
План Рыгі 1400 года (рэканструкцыя В. Ноймана, 1892). Рускі двор з царквой Св. Мікалая пазначаны лічбай V

Рускі двор — гандлёвая факторыя беларускіх купцоў ХІІІ-ХVI стст.

Гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкая гандлёвая, царкоўная і палітычная каланізацыя паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора ў канцы XIIXIII ст. прывяла да ўзнікнення Лівонскай канфедэрацыі. У адносінах да паўночна-беларускіх тэрыторый гэтыя палітыка-дзяржаўныя змены спрычыніліся да павелічэння значнасці Дзвінскага гандлёвага шляху — цяпер Дзвіна вяла не толькі на Готланд і ў землі ліваў, некалі падуладных Полацку, а была гандлёвай артэрыяй на шляху да асноўных цэнтраў Ганзы, якая стала адным з найважнейшых эканамічных партнёраў Вялікага Княства Літоўскага ў Паўночнай Еўропе.

Беларускія купцы Падзвіння скіроўваліся пераважна ў Рыгу. Летам, у перыяд навігацыі, зносіны адбываліся па Дзвіне, зімой жа ехалі на санях. Увесну, падчас паводкі, нагружаныя чаўны сплаўляліся ўніз па галоўнай воднай артэрыі. У Рызе яны зноў нагружаліся і скіроўваліся ўжо ўверх па Дзвіне — да Полацка і Віцебска. Водны шлях быў найбольш танны і зручны.

Дзвінскія караблі мелі і адмысловую назву — стругі (ням.: Strusen), і ўяўлялі сабой лёгкія шырокія пласкадонныя судны з буданамі з жэрдак, якія не мелі мачты і ветразяў, а прыводзіліся ў рух вёсламі або цягнуліся вяроўкамі. Нямецкі падарожнік Пэтры адзначаў таксама, што гэтыя «дзіўныя судны» перавозяць часам значныя грузы. Рыжскія і беларускія купцы наймалі судны і суднарабочых у полацкіх і віцебскіх суднаўладальнікаў. Купцы звычайна самі суправаджалі свае тавары альбо пасылалі з імі сваіх давераных асоб — прыказчыкаў.

Стругі спыняліся на рачулцы Рыга, якая ўпадала ў Дзвіну. Беларускія купцы часам там жа будавалі з жэрдак і рагожы свае часовыя жытлы, дзе маглі жыць усё лета. Здача тавару, асабліва збожжа і льняных сямян, патрабавала багата часу — іх трэба было ачышчаць. Назад жа частка стругаў ішла таксама гружанай, гэтым разам соллю. Адным з найважнейшых тавараў былі селядцы. Плаванне назад, у Полацк і Віцебск, было досыць складаным, бо ля парогаў і водмелей стругі прыходзілася разгружаць. На адным жа такім судне знаход-зіліся 30-40 работнікаў.

Паходжанне рускіх купцоў[правіць | правіць зыходнік]

Паводле наяўных крыніц, у разуменні немцаў-рыжан у XIIIXV стст. паняцце «рускі» абазначала або паходжанне прыезджых купцоў з рэгіёнаў Русі, або іх праваслаўнае веравызнанне. Прысутнасць у Рызе купцоў з беларускіх падзвінскіх гарадоў і тэрыторый зафіксавана досыць рана. Апроч дзелавой карэспандэнцыі і дагавораў Рыгі з Смаленскам, Полацкам і Віцебскам захавалася яшчэ адна важная крыніца па гісторыі гандлю ў Балтыйскім рэгіёне — Рыжская кніга пазык (ням.: Das Rigische Schuldbuch) за перыяд 12861352 гг. Рыжская кніга пазык утрымлівае 1909 запісаў, якія амаль выклю-чна датычацца пазык. Колькасць запісаў, звязаных з «рускімі» купцамі, даходзіць да трох соцень і, паводле падлікаў М. Беражкова, дасягае 16 % ад агульнай колькасці запісаў. Паводле падлікаў Алены Мураўскай, з агульнай колькасці крэдытных запісаў 297, альбо каля 17 %, тычыцца «рускага» гандлю. Рускія купцы выступаюць як пазычальнікамі, так і крэдыторамі, маючы гандлёвыя справы з рыжанамі і паміж сабой. Гэтыя лічбы сведчыць пра актыўны ўдзел рускіх купцоў у крэдытным гандлі Рыгі. У Рыжскай кнізе пазык рэгулярна сустракаюцца славянскія імёны купцоў з указаннем таго, што яны з’яўляюцца ўладальнікамі нерухомай маёмасці (зямлі і дамоў), якой аперыруюць у якасці закладу ў фінансава-гандлёвых здзелках.

Таксама варта звярнуць увагу на тое, што некаторыя купцы-русіны Рыгі часта пазычаюць грошы, у тым ліку і нямецкім купцам, але самі маглі ніколі не браць пазык. Гэтыя факты дазваляюць разглядаць названых рускіх купцоў як людзей, якія мелі трывалы прававы статус у Рызе, што дазваляла ім праводзіць падобныя фінансавыя аперацыі.

У 1288 і 1292 гг. у Пскове і Ноўгарадзе былі затрыманы ганзейскія, у тым ліку рыжскія, купцы. У выніку гэта прывяло да спынення лівонскімі гарадамі гандлёвых сувязяў з імі. Аднак запісы на працягу дзесяцігоддзя з 1286 па 1295 г. сведчаць, што рускія купцы па-ранейшаму карысталіся ў Рызе найбольшым крэдытам. Відавочна, гэтыя купцы былі найперш палачанамі і віцяблянамі, а таксама смалянамі. Увогуле ж, для Ноўгарада і Пскова Рыга не была найваж-нейшым рынкам — пскоўская купецка-гарадская карпарацыя падтрымлівала адносіны найперш з Дэрптам і Нарвай, а для Ноўгарада галоўнымі гандлёвымі шляхамі з’яўляліся Волхаў і Нява.

Як вынікае з запісаў Рыжскай кнігі пазык, некаторыя рускія купцы трымалі ў сваіх руках аптовы гандаль воскам, у той час як іншыя рускія купцы былі толькі пасярэднікамі ці пастаўшчыкамі гэтага вельмі выгаднага тавару. Апроч таго, рускія купцы — жыхары Рыгі атрымлівалі права заморскага гандлю.

Размяшчэнне[правіць | правіць зыходнік]

Першапачатковы горад Рыга быў заснаваны ў 1201 г. на правым беразе Дзвіны пры ўпадзенні ў яе невялікай ракі Рыга. Таксама трэба адзначыць, да ўзнікнення нямецкай гандлёвай факторыі Рыгі на яе месцы ўжо знаходзілася паселішча ліваў. Храніст Генрых Латвійскі прыгадвае возера Рыга (lacus Riga). Менавіта так пазначалася вусце р. Рыга, якое ўтварала вельмі выгадную гавань. Такім чынам, Рыга ад пачатку была важным портам на Балтыцы. Менавіта паміж рэкамі Дзвіна і Рыга і ўзнікла першая абарончая сістэма горада. Закладзены нямецкімі каланістамі горад з мураванай царквой размяшчаўся менавіта на беразе р. Рыга. На поўдзень ад яго, вышэй па плыні Дзвіны, знаходзіліся купецкія паселішчы. Рыжскі замак размяшчаўся на захад ад першапачатковага горада, непасрэдна на беразе Дзвіны.

Прастора знаходзілася на паўночным захадзе ад гэтага комплексу і была прызначана для замежных купцоў. Менавіта там, як мяркуецца, узнік «Рускі двор», які меў свой абарончы вал, маштабнасць якога не высветлена. Уся тэрыторыя на паўночны захад ад замка была адведзена пад гандлёвую прастору. Менавіта там перад уездам у горад XIII ст. размяшчалася галоўнае торжышча, а таксама апроч «Рускага двара» знаходзілася мяркуемая факторыя замежных купцоў.

Такім чынам першапачаткова Рускі двор знаходзіўся па-за межамі гарадскіх умацаванняў Рыгі, але, відавочна, з’яўляўся аўтаномнай часткай горада ў XIII ст. Далейшыя ж трансфармацыі структуры Рыгі звязаны з будаўніцтвам новай абарончай сцяны ў канцы XIII — пачатку XIV ст. Рускі двор апынуўся ўжо непасрэдна ў межах Рыгі і сферы юрысдыкцыі рыжскіх гарадскіх улад (Рыжскай рады). 3 аўтаномнай структуры месца пасялення беларускіх купцоў пераўтвараецца ў частку горада і месца кампактнага рассялення купцоў, што прыбывалі з паўночна-ўсходніх тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага. Гэты перыяд існавання «Рускага двара» прачытваецца тапанімічна.

Пад 1345 г. у Рызе прыгадваецца platea ruthenorum (Руская вуліца), з 1384 па 1584 г. вядома як de russche strate. Яшчэ ў пачатку XX ст. невялікі завулак у раёне Ратушнай плошчы меў назву «Руская вуліца». Латышскі археолаг і даследчык старажытнасцей Рыгі Андрыс Цаўнэ лакалізуе старажытную Рускую вуліцу ў раёне сучасных вуліц Трокшню[ru] ці Алдару[ru] (ад лат.: aldaris — півавар). Менавіта ў раёне гэтых вуліц знаходзіўся апісаны ў рыжскай гарадской дакументацыі ў 1458 г. «Рускі двор» (russche dorp) з царквой Св. Мікалая, шпіталем-прытулкам і могілкамі. Гэты квартал быў размешчаны з алтарнага боку касцёла Св. Якуба (Екаба)[ru], які захаваўся да сённяшніх дзён. Сама ж Мікольская царква была мураванай, мела скляпенні, дах быў крыты дахоўкай. Званы размяшчаліся ў вежы, які мела асобны ўваход. Спецыфіка размяшчэння, гісторыя і архітэктурныя асаблівасці царквы Св. Мікалая ў Рызе былі яшчэ ў 1930-я гады прааналізаваны архітэктарам Паўлсам Кампе.

Але тапаніміка з вызначэннем «рускі» сустракаецца і ў раёне Ратушнай плошчы. Мяркуецца, што купцы з усходнеславянскіх рэгіёнаў мелі тут свае гандлёвыя памяшканні. Пра гэта сведчаць назвы дзвюх вуліц, якія прымыкалі да плошчы — «Вялікі Рускі завулак» (пазней — Чарнагаловых; лат.: Melngalvju iela) і «Малы Рускі завулак» (яшчэ ў 1930-я гады за ім захоўвалася назва Krievu iela — Руская вуліца).

3 афіцыйнай рыжскай дакументацыі (Denkelbok з запісамі за 1440—1480 гг.) вынікае, што на працягу XV ст. адбывалася пашырэнне інфраструктуры «Рускага двара». Пад 1444 г. прыгадваюцца рускія могілкі, побач з якімі знаходзілася царква Св. Мікалая (згадка пад 1453 г.) і канвент (1447 г.). Яшчэ з XIX ст. Орыдрых Георг Бунге выказваў меркаванне, а Георгій Трусман пагаджаўся з ім, што пад «канвентам» меўся на ўвазе шпіталь-багадзельня — сацыяльная інстытуцыя, дзе аказвалі дапамогу хворым і старым прыхаджанам царквы Св. Міколы, а г. зн. сталым праваслаўным жыхарам Рыгі, а таксама купцам: падарожнікам з Усходняй Еўропы.

Прыгадку «рускай гільдыі» дае і 1476 г. Аднак цяжка прасачыць, наколькі яна суадносілася з карпарацыямі нямецкіх купцоў, верагодна, можна казаць пра існаванне юрыдычна аформленага аб’яднання рускіх купцоў, якое магло існаваць вакол царквы Св. Мікалая. Ужо ў «Спадчыннай кнізе» (Erbebuch) сустракаецца тэрмін «Руская вёска». Г. Гільдэбранд успрымаў гэты тэрмін у прамым сэнсе і бачыў факторыю рускіх купцоў як асобнае паселішча па-за гарадскімі мурамі перад Пясчанай брамай Рыгі.

Апошні этап існавання[правіць | правіць зыходнік]

Фундаментальныя змены ў фактычным становішчы юрыдычным статусе «Рускага двара» адбыліся на працягу XVI ст., што звязана было як з пачаткам Рэфармацыі ў Рызе, так і з геапалітычнымі зменамі ў рэгіёне Балтыйскага мора. Рэфармацыйны рух распачаўся ў Рызе ў 1522 г. з хваляванняў на рэлігійнай глебе. Абектамі нападаў сталі не толькі каталіцкія кляштары і храмы, але і царква Св. Мікалая. Аднак на працягу першай паловы XVI ст. архіепіскап полацкі і віцебскі ўсё яшчэ накіроўваў святароў лля служэння ў праваслаўнай царкве Рыгі, што сведчыць пра актыўнасць жыцця праваслаўнай абшчыны. Усё ж 9 чэрвеня 1548 г. Рыжская рада (рат) часова зачыніла царкву Св. Мікалая. Гэта рашэнне выклікала канфлікт рыжскага патрыцыяту з рыжскім архібіскупам Вільгельмам Брандэнбургскім, які выступаў за захаванне статусу-кво.

У рэчышчы падобнай палітыкі, імкнення ўтрымаць суверэнітэт Лівонскай канфедэрацыі напярэдадні рэгіянальных палітычных катастроф варта разглядаць і зварот ордэнскага магістра Вільгельма фон Фюрстэнберга ў кастрычніку 1557 г. да Рыжскай рады з просьбай выдаць з гарадскога архіва акт дагавора паміж Рыгай і Полацкам, паводле якога і была ўзведзена царква Св. Мікалая.

Сітуацыя з царквой і самім «Рускім дваром» радыкальна змянілася з пачаткам Інфлянцкай вайны ў студзені 1558 г. У першыя гады гандаль па Дзвіне яшчэ адбываўся, пра што сведчыць віцебска-рыжская карэспандэнцыя. Узяцце маскоўскімі войскамі Полацка ў 1563 г. ускладніла функцыянаванне Дзвінскага гандлёвага шляху. Але ў 1575 г., напрыклад, гандаль паміж Рыгай і Віцебскам адбываўся: з Балтыкі ў беларускі горад пастаўляўся такі важны тавар, як селядцы.

Другі этап Лівонскай вайны быў адзначаны наступальнай і паспяховай палітыкай Рэчы Паспалітай. У гэтых умовах Рыга, якая ўсю вайну імкнулася да статусу вольнага імперскага горада Свяшчэннай Рымскай імперыі, вымушана былаў 1581 г. прысягнуць каралю і вялікаму князю Стафану Баторыю, стаўшы часткай вялікай абяднанай дзяржавы Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Але як самому дзвінскаму гандлю, так і супольнасці беларускіх купцоў у Рызе гэтай працяглай вайной быў нанесены значны ўдар. 28 жніўня 1582 г. рыжскі бурмістр Мікалай фон Эк распарадзіўся перадаць два званы царквы Св. Мікалая царкве Св. Іаана, якая стала лютэранскай латышскай парафіяй. Усе пабудовы вакол царквы разам са шпіталем перайшлі ва ўладанне гарадской рады. У новых палітыка-дзяржаўных умовах гандлёвыя зносіны Рыгі і гарадоў Вялікага Княства Літоўскага рэгуляваліся ўжо прывілеямі каралёў і вялікіх князёў, а не актамі, якія мелі міжнародны характар.

Маскоўскае падвор’е[правіць | правіць зыходнік]

Далейшыя змены рыжскага гандлю звязаны з усталяваннем улады Швецыі над Ліфляндыяй і Рыгай у 1622 г. Пасля Стакгольма Рыга лічылася другім горадам Шведскага каралеўства паводле сваіх маштабаў і стратэгічнай значнасці. Сам горад карыстаўся шырокай аўтаноміяй. Гандаль Рыгі з Расійскай дзяржавай у XVII ст. знаходзіўся ў залежнасці ад меркантыльнай палітыкі шведскага ўрада. Менавіта ў «шведскі перыяд» у Рызе ўзнікае новае кампактнае гандлёвае падвор’е купцоў з Пскова, Ноўгарада і Масквы, якое паводле сталіцы расійскай дзяржавы атрымала назву Маскоўскае. У 1642 г. магістрат Рыгі вылучыў для падвор’я (гасцінага двара) расійскіх купцоў асобную тэрыторыю па-за межамі горада, яно мела ўласны статут. Але самі пабудовы падвор’я былі ўласнасцю горада, якія арэндаваў рыжскі грамадзянін Юрый Стрыс, альбо Стрыж. Інтарэсы расійскага купецтва ў Рызе XVII ст. абаранялі пскоўскія ваяводы.

Тэрытарыяльна Маскоўскае падвор’е знаходзілася на поўдзень ад старажытнага гарадскога ядра Рыгі, у раёне сучаснага Цэнтральнага рынку  (руск.). Старажытны ж «Рускі двор» размяшчаўся на супрацьлеглым баку — у паўночна-заходняй частцы Рыгі. Вынесенае за межы горада Маскоўскае падвор’е неаднаразова гарэла, дакладней, яго падпальвалі самі рыжскія ўлады ва ўмовах набліжэння непрыяцельскіх расійскіх войскаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]