Рыгор Ізраілевіч Цэйтлін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Рыгор Ізраілевіч Цэйтлін
Дата нараджэння 7 лістапада 1911(1911-11-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 сакавіка 2000(2000-03-27) (88 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства СССР
Расія
Жанр тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм

Рыгор Ізраілевіч Цэйтлін (7 лістапада 1911, Чэрнеўка, Магілёўская губерня — 27 сакавіка 2000, Масква, Расія) — савецкі, расійскі мастак, заслужаны мастак РСФСР, удзельнік, інвалід Вялікай Айчыннай вайны.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 7 лістапада 1911 года ў в. Чэрнеўка Магілёўскай губерні (у цяперашні час — Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці) ў сям’і Ізраіля Цэйтліна[1]. Пачаў вучыцца ў мясцовай школе, але памёр бацька і сям’я пераехала да родных у Адэсу. З юных гадоў ён захапляўся маляваннем і таму ў 1925 годзе, пасля заканчэння школы, паступіў на вучобу ў Адэскі мастацкі інстытут. Першым настаўнікам яго быў Ю. Р. Бершадскі, вучань І. Я. Рэпіна. Менавіта ён абудзіў у яго любоў да мастацтва на ўсё жыццё[2].

Пасля заканчэння інстытута Р. Цэйтлін служыў у Чырвонай Арміі, а калі пасля службы вярнуўся ў Адэсу, пачаў працаваць у студыі выяўленчага мастацтва Палаца піянераў. Актыўна займаўся і мастацкай творчасцю. Першы пейзаж маладога мастака быў паказаны на выставе ў Адэсе ў 1938 годзе. У 1939 годзе на Усесаюзнай мастацкай выставе ў Траццякоўскай галерэі былі прадстаўлены ўжо дзве працы: пейзаж і партрэт «Эрна» (Уладзімір Францавіч Эрн — рускі філосаф).

У 1940 годзе быў прызваны ў войска і прымаў удзел у вайне СССР з Фінляндыяй. Пасля вайны Р. Цэйтлін вярнуўся ў Маскву, дзе паступіў на курсы павышэння кваліфікацыі мастакоў пры Маскоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце імя В. І. Сурыкава. Курсамі кіраваў І. Э. Грабар, акадэмік АН СССР, народны мастак СССР. Улетку 1941 года слухачы курсаў знаходзіліся на пленэры пад Масквой. І як толькі Рыгор Цэйтлін пачуў пра пачатак вайны, ён добраахвотнікам пайшоў на фронт і са зброяй у руках абараняў Радзіму на працягу ўсёй вайны, прайшоўшы з баямі шлях ад Масквы да Берліна.

Пачынаў вайну камандзірам узвода, потым быў прызначаны камандзірам супрацьтанкавай батарэі 531 артылерыйскага палка 225 стралковай дывізі. Ваяваў на самай перадавой — знішчаў танкі праціўніка. І асабліва адзначыўся ў баях на Прыбалтыйскім фронце, дзе ў 1944 годзе быў узнагароджаны сваім першым ордэнам Чырвонай Зоркі. Другі такі ордэн атрымаў у 1945 годзе. За баявыя заслугі быў узнагароджаны таксама двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі. Быў паранены[3].

Пасля вайны ён вярнуўся ў Маскву і стаў выкладаць у Студыі пры Доме архітэктараў, а таксама ў Маскоўскай гарадской студыі для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай працы ён аддаваў вялікае значэнне і казаў: «Калі вучыш — і сам вучышся»[4].

За больш чым паўвекавую творчую дзейнасць ім створаны сотні работ, якія можна ўбачыць у розных музеях Расіі — у Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, у мастацкіх музеях Кемерава, Варонежа, Краснадара, а таксама ў прыватных калекцыях у Расіі і за мяжой: Украіне, Германіі, Францыі, Англіі, Японіі, ЗША. Работы мастака неаднаразова прадаваліся на аўкцыёнах Sotheby’s і Chrіstіe’s.

Памёр 27 сакавіка 2000 года, пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

Творчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Мастак працаваў у розных жанрах, але праславіўся як партрэтыст, бо лічыў, што партрэт — гэта адзін з найважнейшых жанраў у выяўленчым мастацтве. У партрэце ён імкнуўся перадаць не знешнія індывідуальныя рысы, а свет пачуццяў, перажыванні чалавека.

Выступаючы на творчым абмеркаванні, праведзеным часопісам «Художник» Р. І. Цэйтлін казаў: «По-моему, в портрете всё важно: и сходство, и живопись, и, как следствие этого, сила образного выражения. Если какой-нибудь компонент будет отсутствовать, это будет плохой портрет»[5].

Ён не быў салонным мастаком і не імкнуўся праславіцца, малюючы партрэты партыйных і дзяржаўных дзеячаў. Будучы выхадцам з беларускай глыбінкі, ён на сваіх палотнах маляваў калгаснікаў, рабочых, дзеячаў мастацтва і навукі, воінаў, студэнтаў, таварышаў па прафесіі. У яго партрэтах адсутнічаюць знешнія эфекты, рэзкія кантрасныя спалучэнні. Мастака прыцягвала непаўторнасць кожнага чалавека, характэрнасць яго асобы, складанасць духоўнага свету. Ён лічыў, што галоўным у партрэце заўсёды застаюцца твар і рукі. Асабліва яму ўдаваліся вобразы жанчын-працаўніц. Р. Цэйтлін — аўтар цікавага партрэта народнага артыста РСФСР, акцёра тэатра сатыры Спартака Мішуліна. Яго партрэты заўсёды адзначаны душэўнай мяккасцю і высакароднасцю і асаблівай, толькі яму ўласцівай пяшчотай.

Р. Цэйтлін часта падарожнічаў і пісаў пейзажы, асабліва ў час творчых камандзіровак па Савецкім Саюзе. Асабліва любіў пісаць старадаўнія рускія гарады, вёскі, лясы, палі і рэкі. Яго карцінам характэрна свежасць фарбаў, мяккасць і багацце каляровых адценняў, лёгкасць мазка.

Ацэнка творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Дагмара Піпікян, мастацтвазнаўца і выкладчык Маскоўскага мастацкага вучылішча імя «Памяти 1905 года», характарызуючы партрэты мастака, адзначала: «По композиционному решению портреты Г. Цейтлина внешне просты, но эта кажущаяся простота — результат большого мастерства художника. Главное средство выразительности полотен — цвет, играющий активную роль. Г. Цейтлин хороший рисовальщик. Его рисунок точен и крепок. Но именно цвет помогает добиться достоверности, организовать холст, раскрыть красоту человека. Цвет — это музыка живописи. Его живопись построена на сближенных тональностях, в ней нет внешнего эффекта»[6].

Міхаіл Садоўскі, член Саюза пісьменнікаў Масквы і Саюза тэатральных дзеячаў Расіі, пісаў: «Его портреты какие-то особенные. Трудно выразить один жанр искусства средствами другого, словами не передать красоту, суть, настроение полотна, тем более портрета, но мне кажется, что в стремлении остановить мгновение Григорию Израилевичу Цейтлину удалось сделать что-то волшебное, титаническое… недаром же и фамилия у него такая Цейтлин! „Цайт“ — это время! Воистину значащая фамилия!»[7].

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Як член Саюза мастакоў СССР, ён кіраваў групамі мастакоў у дамах творчасці мастакоў СССР. Уваходзіў у склад камітэта ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пры Маскоўскім Саюзе мастакоў СССР.

Міхаіл Садоўскі аб яго грамадскай дзейнасці пісаў: «Никогда не слышал, чтобы он о ком-то сказал плохо! Зато все художники, которых я знал, говорили о нём с огромным уважением, а многие с благодарностью, вспоминая, как он им помогал и советом, и делом. Он был одним из руководителей Московского отделения Союза художников, Заслуженным художником РСФСР, но дело не в звании, а в авторитете, который Цейтлин имел среди коллег. Казалось бы, такой тихий, добрый, неконфликтный человек, он недаром, видно, получил фронтовую закалку, — умел настоять на своём и не боялся бороться. Много помогал молодым ребятам пробиться в Союз художников, получить заказы, попасть на выставку — а как это важно в самом начале пути! И люди не забывали этого, его имя было синонимом порядочности, честности и бескомпромиссности в стране, где зачастую человека и художника ценили не по его делам и возможностям, а по анкете…»[7].

Выставы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1938 — выстава мастакоў Адэсы
  • 1939 — Усесаюзная мастацкая выстава
  • 1946—2000 — выставы маскоўскіх мастакоў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны
  • 1976, 1981, 1991 — персанальныя выставы. Масква
  • 1999 — выстава «Болдинская осень» у Цэнтральным доме мастакоў Расіі

Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

  • Член Саюза мастакоў СССР
  • Член прафесійнага Саюза мастакоў Расіі[8]
  • Заслужаны мастак РСФСР (1978)[9]

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Г. Цейтлин [Текст]: [Альбом]. — Москва: Сов. художник, 1988. — (Мастера сов. искусства)
  • Цейтин Григорий Израилевич. В кн.: Лившиц, В. М. Гордость и слава Дрибинской земли. — Горки: 2017.

Зноскі

  1. Цейтлин Григорий Израилевич. О художнике
  2. Цейтлин Григорий Израилевич (1911—2000)
  3. Сайт «Память народа»
  4. Цейтлин Григорий Израилевич (1911—2000)(недаступная спасылка)
  5. Цейтлин Григорий Израилевич (1911—2000). О художнике
  6. Пипикян Дагмара Николаевна. Вступительная статья. Г. Цейтлин [Текст] : [Альбом]. — Москва : Сов. художник, 1988. — (Мастера сов. искусства)
  7. 7,0 7,1 Михаил Садовский. Покорённое время.
  8. Единый реестр профессиональных художников Российской империи, СССР, «русского зарубежья» Российской Федерации и республик бывшего Советского Союза (XVIII—XXI вв.) (з 1991 г.)
  9. Указ Президиума Верховного Совета РСФСР от 30 июня 1978

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]