Рыгор Качаноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыгор Качаноўскі
Дата нараджэння 1760
Дата смерці 3 верасня 1829(1829-09-03)
Грамадзянства

Рыгор Качаноўскі (польск.: Grzegorz Kaczanowski; 1760 — 3 верасня 1829) — метрыкант Вялікага Княства Літоўскага і сакратар каралеўскі. Апошні захавальнік Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага перад трэцім падзелам Рэчы Паспалітай.

У навуковай літаратуры Качаноўскі даецца як ураджэнец Ваўкавыскага павета, дзе і праўда жылі Качаноўскія — шляхта[1] гербу «Налэнч» і ўніяцкія святары[1]. Аднак, у справе пра дваранства Качаноўскіх ён названы выхадцам з Пінскага павета, сынам Івана (Яна) Качаноўскага — незаможнага шляхціча з ваколіцы Сушыцк[1]. У дваранскіх справах частая блытаніна, нярэдка наўмысная, але ёсць ускосныя сведчанні на карысць пінскага паходжання Рыгора Качаноўскага — пачатак яго кар’еры звязаны з вялікім пісарам літоўскім, пазней біскупам і вядомым гісторыкам Адамам Нарушэвічам, ураджэнцам Пінскага павета, пэўную ролю ў кар’еры мог адыграць і прафесар, доктар філасофіі і абодвух правоў Ян Моклак, сусед і сваяк Качаноўскіх з ваколіцы Сушыцк[1]. Таксама Рыгор добра ведаў старабеларускую мову, што было распаўсюджаным сярод пінскай шляхты[1]. Пінскі род Качаноўскіх гербу «Астоя», магчыма, паходзіць ад баярына Юркі Качана, які згаданы як сведка ў грамаце пінскага князя Васіля Нарымонтавіча ад 1390 года. У кожным разе, пытанне паходжання Рыгора Качаноўскага пакуль застаецца адкрытым[1].

Адам Нарушэвіч 13 лістапада 1786 года прадставіў маладога шляхціча каралю як добрага знаўцу «рускай» мовы і такім чынам кампетэнтнага для работы з Метрыкай. Намінацыю на ўрад Рыгор Качаноўскі атрымаў у лютым 1787 года, за адступленне ад метрыканства ён мусіў сплаціць Феліксу Шуберту 1500 дукатаў, частку сумы, па хадайніцтве Нарушэвіча, сплаціў каралеўскі скарб. Адной з першых спраў Качаноўскага на ўрадзе метрыканта было складанне інвентару і рэфармаванне Метрыкі, цяпер вядомага як «інвентар 1787 года».[2]

Качаноўскі прасіў Пастаянную Раду стварыць камісію па прыёмцы работ па сістэматызацыі Метрыкі ВКЛ, таксама звярнуў увагу Рады на розніцу ў юргельтах, які выплачваліся яму і метрыкантам Кароннай Метрыкі — прасіў павялічыць сабе юргельт. Таксама прасіў кампенсаваць выдаткі, якія перавысілі суму асігнаваную ў 1786 годзе на ўпарадкаванне Метрыкі. Пастаянная Рада на сесіі 20 лістапада 1787 года прыняла рашэння пра стварэнне камісіі пра прыёмцы работ.[3]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]