Рыгор Сяргеевіч Клімовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рыгор Клімовіч)
Рыгор Клімовіч
Нараджэнне 3 кастрычніка 1924(1924-10-03)
Смерць 1 ліпеня 2000(2000-07-01) (75 гадоў)
Месца пахавання
Бітвы Нарыльскае паўстанне

Рыгор Клімовіч (3 кастрычніка 1924 — 1 ліпеня 2000) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, адзін з лідараў і аўтар гімна Нарыльскага паўстання.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Першыя гады і першае зняволенне[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 3 кастрычніка 1924 г. у в. Шляхецкая Ваколіца (сёння в. Цярэшкавічы Гомельскай вобласці) ў сям’і з аднадворнай шляхты, якая ў сярэдзіне XVII стагоддзя жыла ў ваколіцах Гомеля. У сярэдзіне 1930-х гадоў бацьку Рыгора Клімовіча «раскулачылі». Да беларускай ідэі Рыгор Клімовіч далучыўся яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў беларускія кніжкі 1920-х гадоў, якія яшчэ не прайшлі савецкай цэнзуры.

Перад пачаткам нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну паступіў у Гомельскі тэхнікум. Падчас вайны ў канцы 1942 г. перайшоў лінію фронту і 6 месяцаў дабіраўся да Саратава, куды быў эвакуяваны Гомельскі тэхнікум. На пачатку 1943 г. разам з сябрам едзе ў Маскву, але там яго арыштоўвае НКВД па абвінавачванні ў «шпіёнстве»: яму імкнуліся інкрымінаваць забойства кіраўніка аднаго з партызанскіх аддзелаў, які ў 1942 годзе базаваўся паблізу Гомеля.

З 1943 па 1947 гады ўтрымліваецца ў Свярдлоўскім УВПЛІК, піша некалькі дзясяткаў вершаў, скіраваных на выкрыццё сталінскага рэжыму. Але аўтарства вершаў было выкрытае і за гэтыя вершы Рыгор Клімовіч быў скіраваны ў Горлаг пад Нарыльскам, які ў тыя часы неафіцыйна лічыўся лагерам смерці, а афіцыйна быў лагерам асабліва строгага рэжыму ўтрымання. У 1950 г. паўторна асуджаны тэрмінам на 10 гадоў за антысавецкую дзейнасць. З 1950 г. па 1953 г. знаходзіцца ў Нарыльскай турме. У 1953 годзе зноў пераведзены ў Горлаг. Там неўзабаве пачынаецца Нарыльскае паўстанне вязняў, якое было спавадавана забойствамі вязняў і жахлівымі ўмовамі зняволення, Рыгор Клімовіч становіцца адным з беларускіх лідараў паўстання.

Удзел у Нарыльскам паўстанні[правіць | правіць зыходнік]

У маі 1953 г. супрацстаянне паміж вязнямі Горлагу і адміністрацыяй спазнала беспрэцэдэнтны для гісторыі ГУЛАГу маштаб і напятасць. У той час, як пасля смерці Сталіна 5 сакавіка 1953 г. па ўсёй тэрыторыі СССР пачаліся масавыя амністыі, у Горлагу не толькі ўзмацніўся рэжым утрымання, але ахова атрымала дазвол расстрэльваць зняволеных без суду і следства на ўласнае меркаванне. За першыя вясновыя месяцы 1953 г. такім чынам былі забітыя 13 чалавек. 25 траўня перад пачаткам паўстання былі забітыя яшчэ 4 чалавекі, пасля чаго над лагерам быў узняты чорны сцяг з чырвонай палоскай — спалучэнне колераў, якое сымбалізавала свабоду. Паўстанцы патрабавалі прыезду з Масквы камісіі ЦК КПСС, а таксама рэабілітацыі для ахвяраў вайны, іншадумцаў і вязняў, якія да 1939 г. не з’яўляліся грамадзянамі СССР. 7 чэрвеня з Масквы прыбыла камісія, але яна складалася з вышэйшага кіраўніцтва МУС і МДБ на чале з генералам Кузняцовым, а асноўнай задачай камісіі з’яўлялася падрыхтоўка задушэння паўстання. Пасля працяглых перамоваў з кіраўнікамі паўстанцкіх камітэтаў 1 ліпеня 1953 г. генерал Кузняцоў даў каманду войскам увайсці на тэрыторыю Горлагу і адкрыць агонь на знішчэнне з усіх відаў зброі. 3 ліпеня паўстанне было задушанае. Пра задушэнне паўстання Рыгор Клімовіч успамінаў так: «Мы адчулі не страх, а пякучую нянавісць да катаў. Мы не кінуліся ўцякаць ад небяспекі, а рашуча ставалі на месцы забітых». Усяго была забіта больш за тысячу зняволеных. Маскоўская адміністрацыя ГУЛАГу прыняла рашэнне аб расфармаванні Горлагу. Вязні ўспрынялі гэтую інфармацыю як уласную перамогу, паколькі Горлаг выконваў функцыю свайго роду лагера смерці, адкуль мала хто вяртаўся жывым.

Пасля Нарыльскага паўстання вязняў развезлі па іншых лагерах з мякчэйшым рэжымам утрымання, што дазволіла ўратаваць шматлікія людскія жыцці. Адразу пасля паўстання Рыгору Клімовічу даручылі напісаць гімн паўстання: «Калі пасля задушэння паўстання нас везлі на баржы ўверх па Енісеі, мы былі перакананыя, што нас вязуць на знішчэнне. Таму кіраўнікі нацыянальных грамадаў зняволеных на агульным сходзе прынялі рашэнне стварыць гімн паўстанцаў, каб аб паўстанні засталася памяць. Вершы даручылі скласьці мне, беларусу, на матыў украінскай песні (я выбраў адну з песняў Украінскай Паўстанцкай Арміі) на расейскай мове, як зразумелай усім зняволеным». З канца 1953 па 1956 утрымліваецца ў турмах Уладзіміра і Іркуцка, а таксама ў Азёрлагу. За гэты перыяд яго яшчэ раз судзяць за антысавецкую дзейнасць, якая выявілася ў адмове працаваць, але амністыйнай пастановай Вярхоўнага Савету СССР Рыгор Клімовіч быў вызвалены са зняволення.

На волі адразу заняўся працай па згуртаванні вызваленых паплечнікаў па барацьбе ў ГУЛАГу. Ужо на пачатку 1957 г. было створанае ядро арганізацыі, якая планавала падрыхтоўку паўстання супраць савецкага рэжыму. Савецкім спецслужбам удалося выйсці на след арганізацыі, быў праведзены шэраг арыштаў і ў тым ліку быў арыштаваны Рыгор Клімовіч. Але праз тры месяцы пасля арышту за адсутнасцю дастатковых доказаў Рыгор Клімовіч быў выпушчаны на волю, бо адзін з удзельнікаў арганізацыі, украінец Дужынскі, усю адказнасць узяў на сябе.

Пасля вызвалення з ГУЛАГу[правіць | правіць зыходнік]

З 1957 па канец 1980-х знаходзіўся пад наглядам КГБ, пакуль не выйшаў на пенсію. У гэты перыяд ён вёў актыўную, наколькі гэта было магчыма ў сітуацыі паднагляднасці, дзейнасць па падтрыманні сувязяў паміж вязнямі-ветэранамі ГУЛАГу, а таксама параспаўсюджванні праўдзівай інфармацыі аб рэпрэсіях савецкага рэжыму — сам Рыгор Клімовіч гэта характарызаваў як «пасіўнае дысідэнцтва». У 1986 годзе Рыгор Клімовіч падрыхтаваў рукапіс успамінаў пад назовам «Канец Горлагу». Упершыню інфармацыя аб Нарыльскім паўстанні адкрыта прагучала ў 1991 годзе ў Кіеве на сусветнай Канферэнцыі ўкраінскіх палітзняволеных. Тады ж упершыню было публічна заяўлена, што Рыгор Клімовіч — гэта аўтар гімну паўстанцаў «Не страшны нам тыранства бальшавізму». Сёння гімн перакладзены на польскую, нямецкую, літоўскую і ўкраінскую мовы.

З пачатку 1990-х гадоў Рыгор Клімовіч актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць, ён стаўся пастаянным удзельнікам разнастайных форумаў, прысвечаных ахвярам савецкага рэжыму, ладзіў публічныя выступы (на мітынгах, перад школьнікамі і г.д.), выступаў у разнастайных сродках масавай інфармацыі. Стаў ганаровым прэзідэнтам некалькіх фондаў і арганізацыяў, якія займаюцца апякунствам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, каардынаваў ветэранаў ГУЛАГу ў Беларусі, працаваў дзеля матар’яльнай і маральнай дапамогі ім., быў ганаровы сябрам Нарыльскага, Іркуцкага, Пермскага і Чэлябінскага таварыстваў «Мемориал», а таксама сябрам маскоўскага гісторыка-культурнага таварыства «Возвращение». У 1993 годзе маскоўская студыя «Лад» зняла пра Клімовіча дакументальны фільм. З сярэдзіны 90-х гадоў Рыгор Клімовіч як публіцыст актыўна ўздымаў праблематыку незапатрабаванасці інфармацыі аб удзеле беларусаў у антысталінскім супраціве. У сваёй публікацыі «Паўстанне духу» як прыклад прыводзіў Нарыльскае паўстанне, у якім па яго ацэнках брала ўдзел больш за пяць тысячаў беларусаў, чацвёра з якіх узначалілі паўстанцкія камітэты: «Прыкра, што ў Беларусі дагэтуль ня ведаюць пра паўстанне, у якім беларусаў загінула больш, чым зняволеных іншых нацыянальнасцяў». Пра палітычную сітуацыю ў апошнія гады казаў так: «Сёння ізноў вяртаюцца былыя часы. Я ізноў адчуваю цікаўнасць КГБ да маёй асобы. Але дарэмна яны спадзяюцца на поспех сваёй справы. Я веру ў будучыню, калі бачу дзейнасць новых беларускіх змагароў за волю.»

Рыгор Клімовіч памёр 1 ліпеня 2000 г. у Гомелі.

Імя Рыгора Клімовіча шырока вядомае сярод ветэранаў антысталінскага руху ў ГУЛАГу.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154824.html Біяграфія Рыгора Клімовіча

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ANH F-4/2:28.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Рыгор Клімовіч. Паўстанне духу // «ЛіМ». 02.06.1995
  • Рыгор Клімовіч: «Я бачу новых змагароў» // Наша Ніва. № 13, 06.07.1998.
  • Фурсевіч І. Крывёю сэрца напісана // Народная воля. 2000, 8 лют.
  • Пазьняк З., Старчанка У. Памяці Рыгора Клімовіча // Народная воля. 2000, 8 ліп.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]