Перайсці да зместу

Рыгор Юстынавіч Якубёнак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыгор Юстынавіч Якубёнак
Настаўнікі Клецкай гімназіі. Рыгор Якубёнак першы злева, побач Мікола Чарнецкі
Настаўнікі Клецкай гімназіі. Рыгор Якубёнак першы злева, побач Мікола Чарнецкі
Род дзейнасці настаўнік, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 1882
Месца нараджэння
Дата смерці 1944
Месца смерці

Рыгор Юстынавіч Якубёнак (1882, Залясінкі — 1944, Лужкі) — беларускі грамадскі дзеяч, педагог.

Нарадзіўся ў 1882 годзе ў в. Залясінкі (цяпер Шаркаўшчынскі раён). Адукацыю атрымаў да вайны ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Падчас Першай сусветнай вайны Якубёнак служыў у царскім войску. Вярнуўся на радзіму ў 1917 годзе. З 1921 па 1924 гг. працаваў настаўнікам беларусазнаўства ў Нясвіжскай беларускай гімназіі. Ужо ў 1923 годзе польскія ўлады, нягледзячы на тое, што быў праведзены набор новых вучняў, не далі гімназіі дазволу працаваць, матывуючы тым, што беларусам не трэба сярэдняй адукацыя на беларускай мове, што вучняў мала, а ўзровень навучання нізкі і што памяшканне школы не адпавядае патрабаванням. Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё гімназіі, настаўнікі працягвалі ў 1923—1924 навучальным годзе вучыць гімназстаў у канспіратыўных умовах на прыватных кватэрах. У 1924 годзе Нясвіжская беларуская гімназія спыніла існаванне.

Падпольнае існаванне Нясвіжскай гімназіі не магло далей працягвацца, і пасля безвыніковых пошукаў памяшкання для школы ў Нясвіжы і Гарадзеі, з вялікімі цяжкасцямі было знойдзена памяшканне ў Клецку. Польскія ўлады чынілі перашкоды адкрыццю Клецкай гімназіі. Пасля заступніцтва паслоў Сейма, у тым ліку Тарашкевіча, пад націскам бацькоў патэнцыяльных гімназістаў, а таксама самаахвярных дзеянняў заснавальніка Нясвіжскай і Клецкай беларускай гімназій Язэпа Шнаркевіча, ліцэнзія на дзейнасць Клецкай беларускай гімназіі, напачатку для 1-4 класаў, была нарэшце атрымана. Дырэктарам гімназіі быў прызначаны Рыгор Якубёнак.

Якубёнак распачаў актыўную дзейнасць па арганізацыі і добраўпарадкаванні гімназіі, размешчанай у Клецку па адрасе: вул. Татарская, 4. У 1926 годзе быў арганізаваны інтэрнат для гімназістаў. Якубёнак меў сталярскія, цяслярскія і мулярскія здольнасці, на канікулах сам рабіў мэблю для інтэрната і для гімназіі, клаў печы і нават драўляны прасторны туалет. Ужо ў наступныя гады ў гімназіі было 8 асноўных класаў і адзін падрыхтоўчы, у якіх вучылася каля 200 гімназістаў. За тры выпускі гімназіі яе скончыла 46 вучняў. У 1931 годзе Клецкая гімназія была ліквідавана польскімі ўладамі.

Грамадская дзейнасць Якубёнка не абмяжоўвалася кіраўніцтвам гімназіі. Ён быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, віцэ-старшынёй Беларускага прафесіянальнага вучыцельскага саюза, які існаваў у 19291937 гг. і быў заснаваны па ініцыятыве Луцкевіча, Астроўскага, Грышкевіча і інш. Гэты факт паказвае, што і пасля закрыцця Клецкай гімназіі Якубёнак не заставаўся ў баку ад асветніцкай дзейнасці. Справа ў тым, што ў 1931 годзе Рыгор Юстынавіч вярнуўся ў родныя Залясінкі, працаваў на супольнай з братам гаспадарцы, займаўся пчалярствам і сталярствам. Польскія ўлады неаднаразова прапанавалі яму працу ў Лужэцкай школе, але Рыгор Юстынавіч гаварыў: «Я на палякаў працаваць не буду», так і не згадзіўся на гэтыя прапановы.

Падчас Другой сусветнай вайны акупацыйныя нямецкія ўлады адкрылі ў Лужках беларускую школу і Якубёнак працаваў там выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. У 1944 годзе Рыгор Юстынавіч Якубёнак загінуў ці памёр пры нявысветленных абставінах. Яго знайшлі мёртвым у лесе па дарозе з Залясінак у Лужкі. Па адной з версій, яго забілі польскія асаднікі-АКаўцы, якія ненавідзелі Рыгора Юстынавіча за яго беларускую дзейнасць.

  • Сяргей Чыгрын. Лёс настаўнікаў Клецкай беларускай гімназіі. // Краязнаўчая газета : газэта. — 2023, чэрвень. — № 22 (939). — С. 1, 3.
  • В. Бука Рыгор Якубёнак