Рыштанская кераміка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыштанская талерка

Рыштанская кераміка, або ішкорская кераміка ці іншкоравая кераміка — від узбекскай керамікі, цэнтрам вытворчасці якой знаходзіцца ў Рыштане Ферганскага вілаету. Адметная рыса — роспіс раслінным арнаментам на бірузова-сінім фоне[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ішкоравая кераміка

Імаверна, ганчарны промысел з’явіўся ў ваколіцах сучаснага Рыштана яшчэ да нашай эры. Гэтаму спрыялі багатыя мясцовыя паклады ганчарнай гліны і неабходных мінеральных рэчываў у гарах паблізу[1]. Але ўласная рыштанская тэхніка стала фарміравацца каля XII стагоддзя.

Шырокую вядомасць рыштанскія керамічныя вырабы набылі, дзякуючы Вялікаму шаўковаму шляху, якім кераміка разыходзілася па ўсёй Сярэдняй Азіі[1].

У XVIII стагоддзі Рыштан стаў галоўным цэнтрам па вытворчасці і экспарту паліванай керамікі ў рэгіёне[1].

У 1900 годзе на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы, рыштанская кераміка атрымала вельмі высокую ацэнку ад знатакоў[1].

На рубяжы XIX і XX стагоддзяў амаль усё працоўнае насельніцтва Рыштана было датычным ганчарнай вытворчасці.

У савецкі час ганчарныя промыслы набылі артэльны характар.

У XXI стагоддзі ў Рыштане налічваецца ад адной да дзвюх тысяч ганчароў, якія з выкарыстаннем традыцыйных тэхналогій, або сучаснага абсталявання робяць да 5 мільёнаў вырабаў.

Сыравіна[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай сыравінай з’яўляецца мясцовая чырванаватая гліна, якая пакрываецца глазурамі на аснове кварцу і кварцавага пяску і размалёўваецца мінеральнымі фарбавальнікамі: марганцам, жалезістай глінай, лазурытам і меддзю[2].

Тэхналогія стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Падрыхтаваную сыравіну лепяць у патрэбную форму, напяваючы пры гэтым песні і малітвы[2]. Вылепленую пасудзіну сушаць у залежнасці ад віду вырабу ад 40 дзён да году. Пасля сушкі яе пакрываюць спецыяльным растворам вадкай гліны, каб пасля абпальвання выявіўся ярка-бірузовы колер[2].

Высушаны посуд абпальваюць пры тэмпературы каля 980—1000 °C. Пры гэтым гліна спякаецца, а пакрыцці распраўляюцца і застываюць[2].

Рыштанская кераміка распісваецца раслінным арнаментам на фоне сіняга і бірузовага колераў, якія сімвалізуюць неба і горныя рэкі.

На дне вырабу ставіцца кляймо майстра і ў самым канцы посуд яшчэ раз абпальваецца[2].

Разнастайнасць формаў[правіць | правіць зыходнік]

Рыштанская кераміка адметная вялікай разнастайнасцю формаў і вырабаў. Сярод іх ляганы  (кірг.) — блюды для плову, касы і шакасы — міскі для супа-шурпы, вялізныя збаны-хумы  (узб.) для захавання збожжа і алею, маслабойкі, глыбокі посуд з вечкамі для кіслага малака — кашкулок, збаны-афтоба  (руск.) для абмывання перад малітвай  (руск.), піялы  (руск.), збаны-кузача для вады, пасудзіны ў выглядзе фантастычнай птушкі — урдак[3].

Захаваліся таксама формы посуду, характэрныя толькі для Рыштана. Гэта рытуальны посуд для абмывання рук — даст шу, у выглядзе разгорнутай спадзістай чары на невысокім пустацелым паддоне-рэзервуары для зліву вады[3].

Сімволіка рыштанскай керамікі[правіць | правіць зыходнік]

Арнаменты на рыштанскай кераміцы традыцыйна маюць канцэнтрычную форму, дзе кожная акружнасць мае сэнс[2]. У цэнтры пасудзіны знаходзіцца кропка, якая сімвалізуе нараджэнне чалавека, потым ад цэнтра да краёў дадаюцца арнаменты, якія сімвалізуюць рост чалавека, навучанне, працу, шлюб, з’яўленне дзяцей і ўнукаў[2]. Пасля гэтага паказваецца лінія смерці, але на ёй малюнак не абрываецца, бо майстры бачаць за ёй працяг жыцця лініямі нашчадкаў[2].

Музейныя калекцыі[правіць | правіць зыходнік]

Вырабы рыштанскай керамікі захоўваюцца ў многіх узбекскіх музеях. З замежных музеяў яе асобнікі, між іншым, утрымліваюцца ў Музеі Усходу ў Маскве, Музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу, Эрмітажы і іншых[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Итак, часть первая — Керамика Риштана(недаступная спасылка) (руск.)
  2. а б в г д е ё ж Риштанская керамика — вся жизнь в одной тарелке (руск.)
  3. а б Л. Кузнецова  (руск.) Альбом «КЕРАМИКА РИШТАНА: традиции и мастера» Вступительная статья и составитель Людмила Кодзаева (Кодзати) Редактор Н. Зиганшина, 2006.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]