Рэнэ Мартэль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэнэ Мартэль
Дата нараджэння 1893[1]
Дата смерці 1976[1]
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, пісьменнік, раманіст, перакладчык, журналіст, філолаг, славіст, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера гісторыя[2], філалогія[2], славістыка[2] і журналістыка[2]
Месца працы

Рэнэ Мартэль (1893—1976) — французскі гісторык, публіцыст, журналіст, сарбонавец і авіятар. Піянер франкамоўнай беларусікі, пачынальнік беларусазнаўчых даследванняў у Францыі ў 1920-я гады. У сваіх працах ён у асноўным канцэнтраваўся на Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Выказваў пранямецкія погляды і пранацысцкія сентыменты, падчас нямецкай акупацыі Францыі супрацоўнічаў з акупацыйнай уладай. У 1945 г. быў асуджаны да прымусовых прац, пазбаўлены грамадзянскіх правоў, і яго імя замоўчвалася доўга пасля яго смерці.

Жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Тытульная старонка кнігі Рэнэ Мартэля «Les Blancs-Russes». Зроблена з асобніка, які захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Першая старонка эсэ Рэнэ Мартэля «La Russie blanche». Зроблена з асобніка, які захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.

Падчас Першай сусветнай вайны Р. Мартэль быў пілотам.[3] Падчас падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі жыў некаторы час у Савецкім Саюзе. У выніку ў 1933 г. апублікаваў манаграфію  «Le Mouvement antireligieux en U.R.S.S. (1917—1932)» [Антырэлігійны рух у СССР (1917—1932)].[4] Р. Мартэль быў суаўтарам біяграфіі Івана Мазепы і ў сваіх іншых працах даследаваў Польшчу, Славенію, Венгрыю і Украіну. Выкладаў у парыжскім Lycée Montaigne і Сарбоне.[5]

У 1930 г. апублікаваў «Les frontières orientales de l’Allemagne» (Усходнія межы Германіі), у якой заняў пазіцыю Германіі ў яе памежным канфлікце з Польшчай.[6]

Рэнэ Мартэль супрацоўнічаў з рэдакцыяй часопіса Le Monde Nouveau і з Панеўрапейскім саюзам, і стаў адным з найбольш адметных распаўсюднікаў ідэі панеўрапейства.[7]

Падчас нямецкай акупацыі Францыі выказваў пранямецкія сімпатыі, публікаваўся ў Paris-Soir, дзе граміў  амерыканцаў — «янкаў-скатоў» і «янкаў-варвараў» — якіх абвінавачваў у заняпадзе Еўропы.[8] Працаваў у секцыі культуры ў La France — газеце, якая сімпатызавала рэжыму Вішы. У 1941 г. апублікаваў кнігу Les principes du national socialisme (Прынцыпы нацыянал-сацыялізму), у якой падтрымаў акупантаў і якая стала асноўным фактам абвінавачання падчас суду ў 1945 г.[9]

За калабарацыянізм Р. Мартэль быў асуджаны да дзесяці гадоў прымусовай працы і пазбаўлены грамадзянскіх правоў[10], пасля чаго яго працы ўжо не публікаваліся.

Беларусіка[правіць | правіць зыходнік]

Рэнэ Мартэля часта блытаюць з Антуанам Мартэлем — абодва займаліся Усходняй Еўропай прыкладна ў той самы час. Рэнэ Мартэль у сваіх эсэ міжваеннага часу апісваў і аналізаваў г.зв. «беларутэнскае» (пазней стаў ужываць «беларускае») пытанне. У працах «Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique» [Беларусы. Гістарычны, геаграфічны, палітычны і эканамічны дослед] (1929), La Polgne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités [Польшча і мы: легенда і гісторыя, гімеры і рэальнасць] (1928), «La France et la Pologne; réalités de l’Est européen» [Францыя і Польшча: рэальнасці Усходу Еўропы] (1931) ён знаёміў чытача з малавядомай на Захадзе культурай беларусаў і крытыкаваў палітыку Польшчы ў дачыненні да памежных народаў — беларусаў, украінцаў і літоўцаў, а французскі ўрад — за паланафільства і слепату ў дачыненні да ўсходнееўрапейскіх народаў.[11]

Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]

  • L’Aviation française de bombardement des origines au 11 novembre 1918, 1939, Paris.
  • Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, Paris.
  • Les frontières orientales de l’Allemagne, Paris, 1930.
  • La Pologne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités, 1928, Paris.
  • La France et la Pologne; réalités de l’Est européen, 1931, Paris.
  • Les Principes du national-socialisme, Paris, 1941.

Цытаты[правіць | правіць зыходнік]

  • «Па-французску не існуе да сённяшняга дня ніводнага агульнага ці адмысловага даследавання пра Беларусь і беларусаў.» (Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, с. 5)
  • «Хоць новая дзяржава і атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае, насамрэч, у ёй дамінаваў беларускі элемент: усе тэксты, усе акты пісаліся па‐беларуску.» (Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, с. 13)
  • «Беларусь ‐ гэта краіна, дзе сустрэліся дзве вялікія адрозныя гістарычныя сілы ‐ Рым і Візантыя, ваяўнічае каталіцтва і захопніцкае праваслаўе.» (Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, с. 7)
  • «Першынство ў спісе прыгнечаных народаў Польшчы варта аддаць беларусам. Менавіта яны пацярпелі больш за ўсіх. Вельмі аддаленыя ад цэнтра, амаль невядомыя на Захадзе, яны маляваліся Варшавай як напаўдзікунская арда.» (La Pologne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités, 1928, с. 216).

Зноскі

  1. а б René Martel // MAK
  2. а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres. Perrin, Paris 2013, ISBN 978-2-262-03437-5, S. 247.
  4. Rachel Mazuy: Croire plutôt que voir?: Voyages en Russie soviétique (1919—1939). Odile Jacob, Paris 2002, ISBN 2-7381-1153-X, S. 314.
  5. Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres. Perrin, Paris 2013, ISBN 978-2-262-03437-5, S. 247 u. Politique étrangère, Ausgabe 1 von 1939, Seite 100.
  6. Besprechung der englischen Ausgabe durch Arthur I. Andrews im American Journal of International Law, Ausgabe Januar 1932, S. 223-234.
  7. Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres. Perrin, Paris 2013, ISBN 978-2-262-03437-5, S. 248.
  8. Гарбацкі, У. На золку французскай беларусікі: Рэнэ Мартэль. Новы Час, 27.03.2016. http://novychas.by/kultura/na_zolku_francuzskaj_bielarusi/
  9. Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres.
  10. Études de presse, L’Institut français de presse, Paris 1946, Jg. 1, S. 544.
  11. Гарбацкі, У. На золку французскай беларусікі: Рэнэ Мартэль. Новы Час, 27.03.2016. http://novychas.by/kultura/na_zolku_francuzskaj_bielarusi/

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]