Даўжыня цела 56-65 см, размах крылаў 140-166 см, маса 1,4-2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з мноствам каштанаватых плямак альбо папярочных палосак. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая.
Вандроўная птушка. У гнездавы перыяд селіцца ў арктычнай тундры (асабліва на схiлах узгоркаў непадалёк ад вадаёмаў, а таксама паблізу ўзбярэжжаў); у Нарвегіі даходзіць да 1500 м над у.м. Пасля гнездавання адлятае ў стэпы, палі, балоты (з групамі дрэў), рачныя даліны, парослыя кустамі, марскія ўзбярэжжы (асабліва пакрытыя невысокім лесам), населеныя пункты. На тэрыторыі Беларусі вельмі рэдкі залётны ўзімку від.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).