Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква (Вішнева)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўная царква
Казьма-Дзям'янаўская царква
54°08′29″ пн. ш. 26°12′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Вішнева
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Маладзечанская епархія
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі стыль
Дата пабудовы 1865 год
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Казьма-Дзям’янаўская царква — помнік архітэктуры, які знаходзіцца ў цэнтры вёскі Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці, на ўзвышаным левым беразе р. Альшанка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудавана ў 1865 годзе (дата на галоўным фасадзе) з цэглы і бутавага каменю. Акаймавана нізкай бутавай агароджай з 1 арачнымі кілепадобнымі франтонамі-брамамі і старымі ліпавымі пасадкамі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква з боку апсіды

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак чатырохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Па падоўжна планіровачнай восі размешчаны трох’ярусная восьмерыковая шатровая вежа-званіца(атынкавана), нізкая і вузкая трапезная, кубападобны аб’ём малітоўнай залы і прамавугольная апсіда. Асноўны двух’ярусны аб’ём (васьмярык на чацверыку) накрыты чатырохсхільным дахам з цыбулепадобнай галоўкай на барабане. Высокі шацёр званіцы завершаны макаўкай. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі парталамі з кілепадобнымі ліштвамі. Сцены дэкарыраваны атынкаванымі вугламі лапаткамі, акаймаваны прафіляванымі карнізамі і аркатурна-зубчастымі фрызамі, вылучанымі сваёй белізной на паліхромным фоне бутавай муроўкі (швы тынкоўкі дэкарыраваны керамічнай мазаікай). Здвоеныя аконныя праёмы аб’яднаны арачнымі ліштвамі. На фоне бутавай муроўкі тарцовай сцяны апсіды вылучаецца белы рэльефны крыж.

Звон каля царквы

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Унутры кубападобная са зрэзанымі вугламі малітоўная зала перакрыта корабавым скляпеннем з квадратным плафонам, з якога звісае каванае панікадзіла. У прастору зылы шырокімі (метровымі) адхіламі адкрываюцца бакавыя ўваходныя праёмы і здвоеныя бакавыя арачныя вокны-біфорыумы. У залу выступаюць кансольна размешчаныя драўляныя хоры, абмежаваныя разной балюстрадай. Шырокая апсідная арка закрыта ўзнятым на 2-прыступкавую салею трох’ярусным пірамідальнай кампазіцыі драўляным іканастасам на 9 абразоў і з царскімі варотамі ажурнай драўлянай разьбы з 4 абразамі-клеймамі евангелістаў. Вузкая трапезная адкрыта ў залу шырокім арачным прасветам і перакрыта плоскай столлю, асветлена 2 бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. У прытворы — адкрытая лесвіца на званіцу. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні, адкрытыя прамавугольнымі аконнымі праёмамі цокаля.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]